Общество
Міхал Карневіч, Радыё Свабода

«Няўжо, каб выйсьці і сфатаграфавацца ў горадзе зь нейкім прадметам, трэба браць дазвол у гарвыканкаме?»

У Ленінскім судзе Горадні пачаўся адміністрацыйны працэс над Вольгай і Сяргеем Верамеенкамі. Іх судзяць за разьмяшчэньне ў інтэрнэце здымкаў зь бела-чырвона-белымі сьцягамі і надпісамі «У Горадні такія самыя, як Васіль», «Такі самы, як Васіль!!!».

Паводле пратаколу, Вольга і Сяргей Верамеенкі абвінавачваюцца ў правядзеньні пікетаваньня з дэманстрацыяй бела-чырвона-белага сьцяга. Даючы паказаньні ў судзе і Вольга, і Сяргей Верамеенкі вінаватымі сябе не прызнаюць і настойваюць на тым, што ніякага пікетаваньня яны не праводзілі.

Вольга і Сяргей Верамеенкі на здымку зь бела-чырвона-белым сьцягам і надпісам «У Горадні такія самыя, як Васіль»

Абое патлумачылі, што зрабілі на вуліцы здымкі зь бела-чырвона-белым сьцягам, затым Сяргей апрацаваў іх у «Фоташопе» і наклаў надпісы: «У Горадні такія самыя, як Васіль», «Такі самы, як Васіль!!!». Ніякіх заклікаў, патрабаваньняў, плякатаў — нічога ў іх не было.

Сяргей Верамеенка разьмясьціў здымкі на ўласнай старонцы ў інтэрнэце, як заявіў сам у судзе, дзеля салідарнасьці зь несправядліва, на яго думку, асуджаным гомельскім актывістам Васілём Паляковым, які выйшаў на акцыю зь бела-чырвона-белым сьцягам і за гэта быў пакараны 15 суткамі арышту.

Верамеенкі настойвалі на тым, што фатаграфаваньне са сьцягам ня можа падпадаць пад азначэньне пікету.

— Няўжо, каб выйсьці і сфатаграфавацца ў горадзе зь нейкім прадметам, трэба браць дазвол у гарвыканкаме? — пыталіся сужэнцы ў судзе.

Сяргей Верамеенка цытаваў закон, паказваў суду дзясяткі здымкаў людзей у Горадні, якія фатаграфуюцца з самымі рознымі сьцягамі, у тым ліку савецкай эпохі, расейскімі ды іншымі, і іх за гэта да адказнасьці не прыцягваюць.

Сяргей Верамеенка на здымку зь бела-чырвона-белым сьцягам і надпісам «Такі самы, як Васіль!!!»

Сьведка-міліцыянт Аляксей Вайцешка настойвае ў судзе, што Верамеенкі праводзілі менавіта пікет, нягледзячы на тое, што сам асабіста ня бачыў, як і калі гэта адбывалася, і сьведкаў, якія б гэта маглі засьведчыць, таксама няма.

Паводле яго, дастаткова таго, што здымкі з надпісамі былі выстаўленыя на адным з сайтаў у інтэрнэце і «ў выніку маніторынгу міліцыянты гэта адсачылі», а дазволу з гарвыканкаму, маўляў, на гэта не было.

Ён патлумачыў суду, што час правядзеньня пікету быў зафіксаваны з таго моманту, калі здымкі зьявіліся ў інтэрнэце: «Пікет быў праведзены ў інтэрнэце», — заявіў у судзе міліцыянт Вайцешка.

Сяргей Верамеенка хадайнічаў аб выкліку ў суд участковага міліцыянта, які складаў на іх пратаколы, паколькі безь яго тлумачэньня няма яснасьці, зь якой прычыны наагул яны былі складзеныя. Судзьдзя задаволіў хадайніцтва і перанёс працэс на 30 траўня.

На пасяджэньні суду прысутнічаў праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч, які зьвярнуў увагу на юрыдычныя казусы таго, як міліцыянты складаюць падобныя пратаколы і перадаюць іх у суд.

— Мы прывыклі ўжо да ўсяго ў нашых судах, да розных фантазій сьведкаў-міліцыянтаў. Але сёньня сьведка-міліцыянт Вайцешка прызнаў у судзе, што асабіста аддаў распараджэньне ня толькі правесьці апытаньне падазраваных ва ўчыненьні правапарушэньня, а аддаў канкрэтныя інструкцыі ўчастковаму міліцыянту, як складаць на іх пратакол. І самае цікавае, што потым у судзе сам жа Вайцешка выступае ў якасьці адзінага сьведкі. Гэта проста абсурд.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)