Политика
Анастасія Зелянкова

“Няправільных” пісьменнікаў будуць судзіць

Сёння Вярхоўны суд павінен разгледзіць справу адносна ліквідацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў. Падставай для таго з’яўляецца пазоў Міністэрства юстыцыі.

Сярод прэтэнзіяў Мінюста — адсутнасць арыгінала статута аб'яднання, наяўнасць на будынку Дома літаратара шыльды з выявай герба "Пагоня", выкарыстанне на працягу чатырох месяцаў пячаткі СБП, на якой яго назва не ўзятая ў двухкоссе, а таксама правядзенне летам мінулага года ў кавярні Дома літаратара арганізацыйнага з'езду Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Усе гэтыя абвінавачані старшыня СБП Алесь Пашкевіч лічыць надуманымі і скіраванымі на тое, каб знішчыць няўгодную ўладам арганізацыю.

Нагадаем, што 2 сакавіка суд цалкам задаволіў пазоў Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення Кіраўніцтва спраў прэзідэнта. Паводле судовага рашэння, Саюз беларускіх пісьменнікаў павінен быў пакінуць будынак Дома літарата, у якім знаходзіўся 30 год, а таксама сплаціць 55 мільёнаў рублёў за арэнду памяшканняў. Па дамоўленасці з Галоўным гаспадачым упраўленнем пісьменнічкае аб’яднанне здолела-такі пакінуць сабе адзін кабінет, дзе заўжды сядзелі старшыні Саюза.

Барацьба ўладаў з Саюзам беларускіх пісьменнікаў распачалася досыць даўно. Яшчэ ў 1996 годзе арганізацыю, якая на той час насіла назву Саюз пісьменнікаў Беларусі, вымусілі змяніць гэтае найменне. Дадзенае рашэнне матывавалася тым, што ўжыванне назвы краіны ў назве арганізацыі з’яўляецца незаконным. Парадаксальна, але менавіта пад такой назвай — Саюз пісьменнікаў Беларусі — у лістападзе 2005 года была створана праўладная пісьменніцкая арганізацыя, якую ўзначаліў дэпутат Савета рэспублікі, былы міліцыянер Мікалай Чаргінец.

У 1997 годзе Кіраўніцтва спраў прэзідэнта забрала на свой баланс будынак Дома літаратара, дзе ўвесь час мясціўся Саюз беларускіх пісьменнікаў. З пісьменніцкім аб’яднаннем заключылі дамову на арэнду памяшканняў, тэрмін якой скончыўся ў 2003 годзе. Не маючы магчымасці і сродкаў далей сплачваць арэнду, творчы саюз замест платы вымушаны быў адмовіцца ад часткі памяшканняў, перадаўшы тыя ў распараджэнне Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення. Усё гэта стала потым аб’ектам разгляду ў судзе, рашэнне якога, вядома, было не на карысць пісьменнікаў.

З таго часу, як СБП трапіла ў няміласць да ўлады, арганізацыю пачалі трэсці розныя “планавыя” праверкі. Толькі Мінюстам пісьменніцкаму саюзу было вынесена тры пярэджанні. Так, у 2004 годзе сярод выяўленых “сур’ёзных” парушэнняў значыліся ўсё тая ж “Пагоня” на шыльдзе і “няправільная” пячатка, зацверджаная, між іншым, самім жа Мінюстам. СБП таксама ставілася ў віну тое, што ў аб’яднанне ўваходзяць пісьменнікі, якія не з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі. Аргументы наконт таго, што многія з тых літаратараў, хто сёння жыве за мяжой, сталі сябрамі арганізацыі яшчэ ў савецкія часы да іх ад’езду з Беларусі, да ўвагі правяраючых прынятыя не былі.

Як адзначае Алесь Пашкевіч, найбольшы ўціск пісьменніцкая арганізацыя церпіць апошнія тры гады і адным толькі адміністрацыйна-прававым рэсурсам ўлада не абмяжоўваецца. Нечакана зніклі некуды з планаў дзяржаўных выдавецтваў творы амаль усіх пісьменнікаў, што ўваходзяць у гэтую арганізацыю. У СБП забралі часопісы “Полымя” і “ЛіМ”, заснавальнікамі якіх ён з’яўляўся. Акрамя таго, апошнія паўгода дзейнічае распараджэнне міністра адукацыі Радзькова, згодна якому “няправільных” пісьменнікаў забараняецца пускаць на сустрэчы са студэнтамі ВНУ і школьнікамі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)