Комментарии
Святлана Калiнкiна, «Народная воля»

Нянавісць

Пабіліся двое суседзяў. А потым — пратакол, суд, штраф ініцыятару бойкі — усё як мае быць. Шараговае, здавалася б, здарэнне, у якім усе кропкі над «і» расстаўлены. І не было б пра што пісаць, калі б не прычына, з якой мужчыны хапалі адзін аднаго за грудкі.

«11 жніўня позна ўвечары я сустрэў на 5-й вуліцы садовага таварыства «Атам» Уладзіміра Дзюкарава каля яго дома №193. Пасля некалькіх агульных слоў Дзюкараў запатрабаваў, каб я размаўляў з ім на рускай мове. «Это русская земля, надо говорить на русском языке!», «Здесь нет белорусов, здесь все пшеки и жиды» і іх тут трэба «бить, воевать, стрелять». І дадаў, што ёсць нейкія людзі і што яго сыны яму дапамогуць. І тут жа ўдарыў мяне два разы кулаком у твар.

Я назваў яго дурнем і сышоў. Адразу патэлефанаваў старшыні садовага таварыства спадару Аляксею Сушчонку і распавёў пра дзікі ўчынак. Праз некалькі хвілін да мяне пад’ехаў на машыне спадар Сушчонак і прапанаваў пайсці да Дзюкарава, каб спраўдзіць пачутае ад мяне. Мы пайшлі. Дзюкараў стаяў амаль на тым жа месцы на вуліцы. На запытанне старшыні праўлення Дзюкараў паўтарыў усё раней ім сказанае і пра рускую зямлю, і пра рускую мову, і пра пшэкаў, і пра жыдоў… Пра гатоўнасць «біць, ваяваць, страляць» сказаў, што гатовы пабіць мяне яшчэ і што яго сыны яму дапамогуць…»

Назаўтра і сыны Дзюкарава прыходзілі. Так бы мовіць, выказацца…

А вышэйпрыведзеная цытата — з заявы, якую пракурору Мінскага раёна накіраваў Антось Вусовіч — той самы пацярпелы за тое, што ён беларус і заўжды размаўляе па-беларуску.

Пракурор не мог зразумець, чаго гэты чалавек ад яго хоча: вінаватага ж пакаралі. А Антось Вусовіч незадаволены, што суд пакараў суседа за звычайнае дробнае хуліганства (бойку), але ніяк не адрэагаваў на той факт, што не з-за нейкай сцежкі мужчыны пабіліся, не з-за жанчыны, не з-за таго, што адзін другому ў гарбату солі сыпануў… Два былыя навукоўцы-атамшчыкі пабіліся за Беларусь. Вусовіч — за тое, каб яе не ганьбілі. За тое, што тут не «руская зямля». За права беларуса размаўляць на сваёй зямлі па-беларуску і не атрымаць за гэта ў морду.

Пракурор толькі рукамі разводзіў: «Дык вы хочаце, каб з-за гэтага была ўзбуджана крымінальная справа? Па якім артыкуле?»

«Я не ведаю, я не юрыст, — адказаў Антось Вусовіч. — Але калі беларусу за беларускую мову б’юць морду, то, напэўна ж, нейкі закон павінен быць…»

Пракурор заяву Вусовіча прыняў, але па яго твары было зразумела, што такі закон у нашай краіне наўрад ці знойдзецца. Хаця ў Крымінальным кодэксе ёсць артыкул, які прадугледжвае пакаранне за распальванне нацыянальнай варожасці. Але неяк не працуе ён, не заводзяцца такія справы.

Тым часам наконт беларусаў «аргументавана» выказалася галоўная культурэса газеты “Советская Белоруссия”, загадчык аддзела культуры галоўнага прэзідэнцкага выдання Вікторыя Папова. Выказалася коратка: «Ненавіджу!»

А было так. Паповай патэлефанаваў журналіст «Еўрарадыё», заўсёды беларускамоўны Зміцер Лукашук, і задаў простае пытанне: каму з канкурсантаў адбору на «Еўрабачанне» яна як член журы аддала свой голас?

У адказ Лукашук выслухаў і пра тое, што нельга тэлефанаваць у панядзелак; і што непрафесійна задаваць падобныя пытанні пасля конкурсу; і што такая праца – «вясковы стыль»… А потым нейкі істэрычны рогат у Паповай выклікаў выраз «простае пытаннечка»…

Культурэсу нібы пераклініла: «Пытаннечка… Пытаннечка… Как я вас люблю, белорусов!.. Ненавижу! Ненавижу! Ненавижу!..» І яна павесіла слухаўку.

Ужо на наступны дзень, калі выкладзены Лукашуком у інтэрнэт аўдыёзапіс выклікаў хвалю абурэння, Папова апраўдвалася. Маўляў, гэта не пра беларусаў сказана. А ці то персанальна Лукашуку, ці то некаму, хто знаходзіўся з ёй побач падчас размовы з журналістам, ці стылю журналістыкі, які яна назвала «вясковым»… Але трэба паслухаць запіс, каб зразумець, што ўсё гэта ўжо толькі спробы выкруціцца з сітуацыі, адгаворкі. Дык адкуль такая нянавісць, якую некаторыя ўжо проста не могуць стрымаць?..

Напэўна, не толькі таму, што ў нашай мове ёсць словы «пытанне» («вопрос») і «пытаннечка» («вопросик»). Вікторыя Папова, дарэчы, не з прыезджых. Па крайняй меры, нарадзілася і вырасла яна ў Віцебску. «Маскоўскі перыяд» у яе жыцці быў кароткім і няўдалым: паспрабавала замацавацца ў Расіі, ды хутка вярнулася назад у «СБ». Але выгляд абкуранай дамы сталічнай тусоўкі захаваўся.

Дурніца?

Зусім не! Не без таленту, з пяром.

Заўзята служыць сённяшняму рэжыму?

Таксама не. Нейкая такая сама па сабе.

…Дык чым жа мы, беларусы, ім так абрыдлі? Чаму самім фактам свайго існавання даводзім некаторых да шалу?

Простага адказу на гэтае пытанне няма. Але рост антыбеларускіх настрояў у Беларусі робіцца фактам. Прычын шмат. І вялікадзяржаўныя амбіцыі нацыянальных меншасцяў, і страх аказацца чужымі на нашай зямлі… І вульгарная непісьменнасць — маўляў, «на беларускай мове нічога выбітнага не выкажаш», і асабістыя трагедыі – «я ж такая яркая зорка, ды згасну тут разам з вамі»...

Але галоўная прычына — у тым, што мы не даём адпору. Наша славутая беларуская талерантнасць ператварылася ў паталогію, стала нейкай хваробай. Можна нам і ў твар пляваць, а мы сцерпім, змаўчым, не будзем звязвацца, не звернем увагі. Мы не станем гарою адзін за аднаго, за свой род, за сваю годнасць.

Вы можаце ўявіць, каб у Польшчы прыйшоў на працу і сеў за працоўны стол побач з палякамі чалавек, які смяяўся б з польскай мовы, выдыхаючы «Ненавіджу!»?

Вы можаце сабе ўявіць, каб у літоўскай вёсцы жыў не гараваў той, хто кідаецца ў бойку, пачуўшы літоўскую мову?

Такое немагчыма!

І не таму, што там іншыя законы. Таму што гэта той стыль паводзін, супраць якога без усялякага закона ўся грамада стане гарой.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)