Няміга-1999. «Нам толькі споўнілася па 18, і мы раптам зразумелі, як хутка ўсё можа скончыцца»
У першыя дні пасля трагедыі на Нямізе я думаў, што мяне ўжо нічога не зможа ўразіць пасля здымкаў целаў ахвяраў. Я памыляўся. Пасля былі фота з пахавання. Маладыя дзяўчаткі ў трунах у строях нявестаў.
Журналіст «Салідарнасці» ўспамінае, як даведаўся пра трагедыю на Нямізе, пра рэакцыю Лукашэнкі, і якія чуткі паўзлі па краіне пасля тых падзеяў.
30 мая 1999-га я быў у бацькоў пад Карэлічамі. У той вечар на вёску наляцела навальніца. Раптоўная, з моцным ветрам і градам. Шаляніца, як казаў мой бацька.
Пасля дажджу над вёскай нейкі час вісела знясіленая хмара. Яна адсвечвала нейкім жаўтаватым, атрутным святлом. Было дзіўнае і гнятлівае адчуванне: птушкі не спявалі, як гэта бывае звычайна пасля дажджу на змярканні. Было нязвыкла ціха, толькі цяжкія кроплі падалі з яблыняў.
***
Я даведаўся пра трагедыю ў Мінску на наступную раніцу, калі прыехаў на заняткі ў Навагрудак. Забег з аўтобуса ў дзедаву хату, у якой жыў у час вучобы. Уключыў радыё і пачуў голас Лукашэнкі, які казаў, што не бачыць вінаватых у трагедыі, і прасіў не шукаць у ёй палітыку. Прызнаюся, што ў той момант на эмоцыях упершыню за пяць гадоў пагадзіўся з ягонымі словамі. Праз колькі дзён ад той хвіліннай салідарнасці ў мяне не засталося і сляда.
***
Праз якую гадзіну я быў на занятках у тэхнікуме. Па Наваградку ўжо папаўзлі чуткі пра сотню загінулых. Пра маланку, што ўдарыла ў натоўп і забіла людзей. Пра банду ці то скіноў, ці то панкаў, што загналі людзей у метро і патапталіся па іх галовах…
Хтосьці з маіх аднагрупнікаў няўдала пажартаваў пра падзеі на Нямізе. На дзіва, многія засмяяліся. Але ў вачах ва ўсіх нас стаяў жах. Нам толькі споўнілася па 18, і мы раптам зразумелі, як хутка ўсё можа скончыцца.
***
Потым былі першыя артыкулы ў газетах. Поўныя жахлівых фотаздымкаў і падрабязнасцяў. У мяне па-ранейшаму не ўкладвалася ў галаве, што ўсё гэта здарылася ў нас, у цэнтры сталіцы.
У спісах загінулых не было знаёмых мне прозвішчаў. Але гэта не прынесла палёгкі, бо амаль фізічна адчуваўся агульны боль.
***
У той час я толькі пачаў перапісвацца з дзяўчынай з Мінску. Да Нямігі мы паспелі абмяняцца ўсяго парай лістоў. Пасля 30-га ліставанне перарвалася. Я пачаў здагадвацца, што гэта звязана з падзеямі ў метро. Так яно і выйшла: дзяўчына была на тым канцэрце, але з першымі кроплямі дажджу пайшла ў метро. Паспела зайсці на станцыю за лічаныя хвіліны да катастрофы. Нейкі час ёй проста было не да ліставання.
***
Апошнія ілюзіі наконт словаў Лукашэнкі пра Нямігу зніклі з першымі кадрамі з бальніцаў, куды да пацярпелых паехалі чыноўнікі. Запомнілася фота задаволенага жыццём Ціцянкова ў белым халаце. Так яны выконвалі просьбу не разыгрываць палітычную карту Нямігі.
***
У першыя дні пасля трагедыі я думаў, што мяне ўжо нічога не зможа ўразіць пасля здымкаў целаў ахвяраў цісканіны, зваленых нібы дровы ў кузаве міліцэйскага грузавіка. Я памыляўся. Пасля былі фота з пахавання. Маладыя дзяўчаткі ў трунах у строях нявестаў.
***
Праз колькі месяцаў пасля тых падзей я трапіў у Мінск. У пераходзе яшчэ не прыбралі «сцяну плачу». Памятаю гнятлівае адчуванне навісання столі над галавой. Жаданне хутчэй адсюль збегчы. Я і сёння стараюся не карыстацца гэтым выхадам з метро, а калі даводзіцца гэта зрабіць, не магу прымусціь сябе ўзбегчы па ім, размаўляць і тым больш спыніцца каля металічных ружаў, каб нязмушанана пагаварыць па тэлефоне.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное