Лица
Анастасія Зелянкова

Нямецкі часопіс расказаў, як бард Шалкевіч спявае ў «самай беднай краіне Еўропы»

Як ён трапіў на старонкі нямецкага часопіса «FOLKER», а таксама пра вобраз старога і не вельмі валасатага закаханага — Віктар Шалкевіч расказаў у інтэрв’ю «Салідарнасці».

«Я — яўрэй, але і камсамолец»

Прызнацца, даволі нечакана было бачыць фотаздымак беларускага барда, які вянчаў вялікі артыкул у нямецкім часопісе.

Мы патэлефанавалі Шалкевічу, каб даведацца, чаму яго асобай зацікавіліся ў Германіі і што пра яго пішуць нямецкія СМІ? Адказ быў нечаканы.

— Я і сам, шчыра кажучы, не ведаю, што там напісана, — рассмяяўся Шалкевіч. — Як толькі аўтар прышле мне тэкст, мы яго перакладзём і даведаемся.

Як высветлілася, аўтар гэтага артыкулу нямецкі бард Дзітэр Калька — стары прыяцель Шалкевіча.

— Калісьці на пачатку 2000-х мы праводзілі сумесны польска-нямецка-беларускі канцэрт “Нябачны мост”, — успамінае музыкант. — Тады і пазнаёміліся, пасябравалі і да гэтага часу падтрымліваем сувязі. Вось Дзітэр Калька і вырашыў нейкім чынам давесці да нямецкага чытача пра маю скромную персону. Мне самаму цікава, што ён там пра мяне напісаў.

“Салідарнасць” не стала чакаць, пакуль аўтар дашле тэкст і пераклала артыкул. У ім сапраўды аказалася шмат цікавага.

“Я — яўрэй, але і камсамолец”, — гучыць цытата са слоў Шалкевіча, якую аўтар вынес у пачатак тэксту.

Дзітэр Калька з цеплынёй расказвае пра выдатнае пачуццё гумару і выключны талент беларускага калегі: “Шалкевіч у адной з самых бедных краін Еўропы з’яўляецца гарантам таго, што людзі на працягу гадзіны зносін пачынаюць адчуваць шчасце”.

Аўтар характарызуе Шалкевіча як вялікага патрыёта, чалавека без страху, “са сваім бачаннем будучыні, адданага духу дэмакратыі, які вітаў ў Беларусі з 1991 па 1994 гады, пакуль не прыйшоў Лукашэнка і не забраў надзею”.

Акрамя цёплых слоў пра творчасць і талент барда, Дзітэр Калька вырашыў расказаць немцам і пра Беларусь, якая, па яго словах, сёння знаходзіцца ў “глыбокім сне”. У даведцы адзначана, што гэтая краіна, у якой “былы старшыня калгасу правіць сваім жалезным кулаком”.

Але, паводле аўтара, нягледзячы на ўсе “непрыемнасці” ёсць у гэтай краіне чалавек, які здольны смяяцца — гэта кавалер Міжнароднага Ордэна ўсмешкі Віктар Шалкевіч.

І з гэтым цяжка не пагадзіцца.

“Пішу не пра лёс хлебаробаў, а пра Малыя Набздзейкі”

Дарэчы, пра адносіны Шалкевіча да жыцця яскрава сведчыць і ягонае апошняе захапленне. Так, Віктар Шалкевіч прызнаўся “Салідарнасці”, што ўжо дапісвае новую кнігу.

— Мне ўсё казалі – хопіць табе па дробязях – пара замахнуцца на нешта вялікае. Вось сяджу дапісваю раман, — смяецца музыкант.

Новы твор Шалкевіча носіць “мілагучную” назву «Маланабздзейкаўскія гістарычныя хронікі».

— Я падумаў: калі ёсць, напрыклад, вёска Малое Мажэйкава, чаму не можа быць мястэчка, якое называецца Малыя Набздзейкі — ад імя князя Набздзейкі па прозвішчы Малы.

Па словах аўтара, дзеянне рамана пачынаецца ў 2070 годзе.

— Усё пачынаецца са страшэннай катастрофы. А потым вяртаецца на кругі свая: спачатку на тэрыторыю былога Вялікага княства Літоўскага, потым ідзе рэтраспектыва — 14-е, 17-е, 20-е стагоддзе. Падзеі 20 стагоддзя – гэта такая вялікая міграцыя людзей, якія выехалі на сталае месца жыхарства ў Польскую народную рэспубліку.

Па словах аўтара, “сімпатычная кніжка атрымоўваецца”.

— Я як пішу – дык мне падабаецца. Гэта не пра лёс хлебаробаў – гэта проста пра жыццё. Вось так выходзіць, што Малыя Набздзейкі навечна ўпісаліся ў еўрапейскі культурна-гістарычны кантэкст.

“Вырашылі, што больш за ўсё вобразу закаханага адпавядае стары і не вельмі валасаты Шалкевіч”

Але і сваю асноўную працу Шалкевіч не забывае.

— Працую ў тэатры, іграю канцэрты. Займаюся тым, што мне падабаецца. І, шчыра кажучы, сваімі палітычнымі і жыццёвымі перакананнямі не гандлюю. Ёсць маса людзей, чые думкі супадаюць з маімі. Вось яны і збіраюцца паслухаць мяне. Мне таксама прыемна, што людзі прыходзяць на канцэрты.

Дарэчы, 14 лютага ў Мінску плануецца чарговы вялікі канцэрт Віктара Шалкевіча. Як прызнаўся сам бард, іграць у Дзень усіх закаханых — для яго звычайная справа.

— Ведаеце, чамусьці аднойчы вырашылі, што больш за ўсё вобразу закаханага адпавядае стары і не вельмі валасаты Шалкевіч. Вось я і цягну гэтую лямку кожны год. А яшчэ гэты час супадае з днём майго нараджэння — 9 лютага. Такая вось традыцыя. Думаю, і ў 80 год, калі дажыву, буду ў Дзень закаханых спяваць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)