«Няма адчування паразы»
Віктар Марціновіч у калонцы на budzma.by выказаўся пра падзеі апошніх дзён.
«Святкаванне сарвалі, пратэсты тых, каму няма чаго есці, разагналі. Чаму ж няма адчування паразы? Мабыць, праз усведамленне таго, што гэта не канец, а толькі пачатак.
…У фільме «Маладосць» Паола Сарэнціна ёсць вельмі глыбокія словы пра сталенне. Адзін з герояў кажа, што калі ты малады, ты ўвесь час глядзіш наперад, у будучыню. Калі ты стары — засяляеш мінуўшчыну, бо табе асабіста той будучыні Бог пакінуў зусім няшмат. Гэта Маркесава «Восень патрыярха», у якой стомлены герой вошкаецца ў сённяшнім, помсціць сваім колішнім ворагам і спрабуе вырашаць надзённыя задачы без думак пра тое, што будзе праз 5 гадоў. Няісны «Белы легіён», «экстрэмісты», «кактэйлі Молатава», затрыманні па спісах дзесяцігадовай даўніны (некаторыя фігуранты тых праскрыпцый на 25-га планавалі з’ехаць у адпачынак) — усё гэта ўзялося з оптыкі, павернутай назад. У мінулае, а не ў будучыню.
Старыя наогул былі галоўнымі героямі 25-га: вы бачылі, колькі сівых зняможаных пенсіянераў было затрымана. І як яны сябе паводзілі пры затрыманнях. Генерацыя, якая некалі была апірышчам савецкага рэваншу, раптам пайшла на вуліцы, каб выбачыцца перад маладымі. І паспрабаваць забяспечыць ім (нават не дзецям ужо — унукам!) нармальную будучыню. І відушчасць гэтай генерацыі яшчэ праявіць сябе.
Пачуцця расчаравання няма. Нават калі яны саб’юць гэтую хвалю пратэстаў крымінальнымі справамі і ўсеагульным хапуном — далей будуць іншыя хвалі. Бо тады, калі трэба было мадэрнізаваць прамысловасць, вярхі будавалі лядовыя палацы, калі трэба было развіваць прыватную ініцыятыву — прасавалі прадпрымальнікаў. Як вынік — мы маем у сярэднім дзве дрэнныя эканамічныя навіны ў дзень, паліва і камуналка даражэюць і будуць даражэць, а ісці рабіць хутка можна будзе толькі на лесапавал, за міску супу.
Што будзе далей? Далей слова скажуць маладыя. Хутка з вязніцаў выпусцяць астатніх. Зміцер Дашкевіч выйдзе ў анлайн, запарыць сабе гарбаткі (спадзяюся, кот Леапольд мільгане ў кадры) і распавядзе пра планы на вясну. І стрым зноўку праглядзяць дзесяць тысяч чалавек. І, спадзяюся, краіна павернецца ад мінулага, ад ягоных страхаў і параноі, да будучыні».
Читайте еще
Избранное