Лица
Таццяна Гусева

Някляева ўзнагародзяць «Гліняным Вялесам», калі ён выйдзе на волю

У першы дзень вясны Таварыства Вольных Літаратараў прысудзіла літаратурную прэмію «Гліняны Вялес» за 2010 год Уладзіміру Някляеву. Прэміяй адзначана кніга «Кон. Вершы двух стагоддзяў».

Дата ўганаравання пакуль не вызначаная, паведаміў «Салідарнасці» старшыня аргкамітэта літаратурнай прэміі Алесь Аркуш. Вядома, што гэта адбудзецца ў Полацкім музеі беларускага кнігадрукавання пасля таго, як выпусцяць Някляева.

– Па традыцыі падчас атрымання прэміі лаўрэат абавязкова павінен выступіць з інаўгурацыйнаю прамоваю, – дадаў Алесь Аркуш.

Па словах арганізатараў, не упершыню лаўрэатам становіцца аўтар, які знаходзіцца за кратамі. У 1996-ым прэмію прысудзілі Славаміру Адамовічу, арыштаванаму за верш “Убей президента”. Але практычна ўпершыню аўтара лепшай мастацкай беларускамоўнай кнігі года вызначылі без ваганняў, бо ўсе эксперты і сябры аргкамітэта заявілі, што лаўрэатам мусіць быць Уладзімір Някляеў.

Літаратурная прэмія «Гліняны Вялес» заснавана ў 1993 годзе сябрамі Таварыства Вольных Літаратараў. Лаўрэат атрымлівае сімвалічную ўзнагароду – гліняны стод апекуна мастацтва.

Грашовага складніка ў прэміі няма.

– Ёсць прэміі прэстыжу, – патлумачыў Алесь Аркуш. – Памер Ганкураўскай прэміі таксама сімвалічны – 10 еўра. Ці, напрыклад, расійская літаратурная прэмія Андрэя Белага, матэрыяльны складнік якой – пляшка гарэлкі і яблык.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)