Политика
Галіна Абакунчык, Радыё Свабода

Някляеў заклікае на пікет супраць мілітарызацыі: «Беларусь ператвараецца ў мішэнь»

Лідэр аргкамітэту грамадзкага руху «За незалежнасьць і дзяржаўнасьць» Уладзімер Някляеў заклікае ўсе палітычныя партыі, грамадзкія структуры, усю дэмакратычную супольнасьць, неабыякавых да лёсу Айчыны грамадзян прыняць удзел у акцыі «За мірную, нэўтральную Беларусь!».

У адпаведным звароце, прынятым чальцамі аргкамітэту руху 13 верасьня, гаворыцца: «З апошніх дзеяньняў кіраўніцтва Расейскай Федэрацыі ўсё больш відавочна, што Расея мае намер ператварыць Беларусь ня проста ў сваю калёнію, чаго з-за палітыкі цяперашняга беларускага рэжыму яна практычна дамаглася, а ў сваю вайсковую базу. Гэта супярэчыць ня толькі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, згодна зь якой Беларусь — нэўтральная дзяржава. Гэта ставіць пад рэальную пагрозу бясьпеку краіны і самое жыцьцё беларусаў.

Нашай зямлі, нашаму народу хапіла войнаў, стратаў, крыві. Гэта было лёсам нашых дзядоў, бацькоў — і мы ня можам дапусьціць, каб яно паўтарылася ў лёсах нашых дзяцей. Таму ўсе спробы разьмяшчэньня замежных вайсковых базаў, стварэньня на тэрыторыі Беларусі пляцдарму вайны мы павінны разглядаць як акты агрэсіі ў адносінах да Рэспублікі Беларусь і будзем супрацьстаяць гэтаму усімі магчымымі спосабамі і сродкамі».

У размове з Радыё Свабода Уладзімер Някляеў патлумачыў:

«Гэта заява гатовасьці адстойваць сувэрэнітэт Беларусі, гатовасьць змагацца, каб у краіне была мірная будучыня, каб была будучыня ў нашых дзяцей. Бо тыя дзеяньні, якія сёньня дэманструе Расея, па-сутнасьці, у аднабаковым парадку прыняўшы нейкі дакумэнт па разьмяшчэньні ў Беларусі, сьведчыць пра тое, што небясьпека рэальная, а не міфічная, як гэта спрабуе падаць — і найперш сваім маўчаньнем — цяперашняя ўлада Беларусі.

Відавочна, што ідзе падрыхтоўка да супрацьстаяньня паміж Усходам і Захадам. Гэта відавочна, як з боку НАТА, якая разьмяшчае свае ўзбраеньні ва Усходняй Эўропек, так і з боку Расеі, якая разьмяшчае свае ўзбраеньні ўздоўж Заходняй мяжы. І Беларусь тут аказваецца ў якасьці пляцдарма вайны, калі ў ёй будуць разьмешчаныя тыя вайсковыя базы, якія зьбіраецца разьмясьціць Расея. І гэта ня толькі вайсковая авіябаза каля Баранавічаў, але і іншыя ўзброеныя сілы Расеі. Беларусь, фактычна, ператвараецца ў мішэнь, і гэта пагражае ня толькі нэўтральнасьці Беларусі, што запісана ў Канстытуцыі, але пагражае самому існаваньню і жыцьцю Беларусі і беларусаў. А гэта ўжо вельмі сур’ёзна. Таму тут нешта рабіць і рабіць неадкладна. Мы мяркуем, што першым крокам у гэтым кірунку можа быць супольная акцыя ў рамках выбарчай кампаніі, якая зараз праходзіць, па недапушчэньні мілітарызацыі Беларусі і па недапушчэньні ўцягваньня краіны ў супрацьстаяньне ваенных блёкаў. Тут могуць аб’яднацца людзі незалежна ад сваіх палітычных поглядаў і нават з супрацьлеглымі поглядамі, якія ўсьведамляюць адказнасьць за Беларусь».

Як паведаміў Уладзімер Някляеў, пікет «За мірную, нэўтральную Беларусь!» мае адбыцца ў рамках выбарчай кампаніі ў найбліжэйшы час.

10 верасьня экс-кандыдат у прэзыдэнты і палітычны вязень Мікалай Статкевіч зладзіў пікет перад галоўным уваходам у ГУМ. Прыйшлі як простыя людзі, так і лідэры дэмакратычных сілаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)