Общество

Анастасія Зелянкова

Някляеў: «Сёння ўпасці ў песімізм будзе азначаць прайграць Беларусь»

У рамках спецпраекту «Што далей?» экс-кандыдат у прэзідэнты-2010 Уладзімір Някляеў расказаў, чаму з аптымізмам глядзіць на сітуацыю і якім бачыць супраціў планам Пуціна.

16 жнiўня, фота з Facebook

— Навіны верасня: суды, заявы расійскага боку, перамовы Лукашэнкі з Мішусціным мала даюць падстаў для аптымізму. Ці, можа, ў вас іншыя адчуванні?   

— Адчуванні якраз аптымістычныя. Бо сёння ўпасці ў песімізм будзе азначаць прайграць Беларусь. Але, канешне, тую небяспеку, якая ёсць перад нашай Айчынай, я бачу дастаткова выразна.

Лукашэнка акрэсліў план, сказаўшы, што яны з Пуціным створаць для беларусаў нейкую новую Айчыну, якая будзе пралягаць ад Брэста да Уладзівастоку. Што гэта за Айчына зразумела: Беларусь у складзе Расійскай Федэрацыі. Пуцін выконвае свае абяцанні.

Безумоўна, гэта будзе зроблена не праз наўпростую ваенную інтэрвенцыю, бо гэта пагражае Расіі вялізнымі стратамі і нясе пагрозу ўладзе самога Пуціна. Гэта будзе зроблена праз гібрыдную акупацыю, якая па сутнасці ўжо пачалася.

Тыя кансультанты і штрэйкбрэхеры, якія прылятаюць на самалётах з прэм’ер-міністрам Расіі і з іншымі яе кіраўнікамі, тут застаюцца і падключаюцца да кіравання ў сілавых, эканамічных, фінансавых і іншых структурах. Гэта і ёсць акупацыйны план Пуціна, для якога далучэнне да Расіі Беларусі ёсць прынцыповая задача як збіральніка ўсіх рускіх земляў.

Вось што чакае нас у тым выпадку, калі мы не зробім тое, што мусім зрабіць: узурпатара, які прайграў прэзідэнцкія выбары і сілай захапіў уладу, неабходна ад гэтай улады адхіліць. Толькі так мы выратуем Беларусь. Іншага развіцця падзей я не бачу.

— Дык а дзе падставы для аптымізму? Бо зараз выходзіць, што трэба не толькі адхіліць Лукашэнку, а змагацца са значна больш сур’ёзным праціўнікам. Ці хопіць сіл?

—  Аптымізм мой падлягае не толькі ў нашых нядзельных маршах. Трэба памятаць, што людзі, якія нават і не ўдзельнічаюць ў іх, якія проста назіраюць і нават тыя, якія ім зараз супрацьстаяць — яны таксама беларусы. І рэальная страта незалежнасці, рэальная страта Айчыны не можа не паўплываць на іх, не можа не змусіць прыняць адпаведнае рашэнне.

Такім аптымістычным рашэннем для мяне з’яўляецца, напрыклад, адстаўка колішняга міністра абароны, а пасля дзяржсакратара Савета бяспекі Андрэя Раўкова. Беларускі афіцэр не палічыў магчымым быць датычным да расправы беларускіх узброеных сіл над беларускім народам. І беларускія афіцэры, якія складаюць касцяк нашай арміі, я думаю, над гэтым задумаюцца, бо ні дадатак у зарплаце ці павышэнне ў званні ў новай дзяржаве не адмяняе праблемы з афіцэрскай годнасцю і чалавечым сумленнем.

Так што не бачу ніякай такой асаблівай нагоды ўпадаць у адчай у звязку з новымі ініцыятывамі Лукашэнкі. Трэба спадзявацца на тое, што ўсе разам мы, беларусы, уратуем нашу Беларусь.

— Вы лічыце, што Раўкоў сышоў сам? Ёсць меркаванне, што яго прыняслі як ахвяру для расійскага кіраўніцтва, бо менавіта Раўкоў, не асабліва саромеючыся, расказваў пра вагнераўцаў, якія прыехалі да нас з Расіі рабіць перавароты.

— Не, Раўкоў не тая фігура, якая можа быць ахвярай. Я перакананы, што гэта ягонае рашэнне. У час страшэннага дэфіцыту кадраў, гэтых бясконцых перастановак тых самых людзей з аднаго месца на другое, неразумна аддаць ахвяраю невядома за што генерала, які мае, дарэчы, павагу ва ўзброеных сілах Беларусі. Я размаўляў з некаторымі афіцэрамі, яны мне пацвердзілі, што Раўкова як камандзіра, як афіцэра ў арміі паважаюць. Таму я перакананы: не па добрай волі змушаны быў зрабіць гэта Лукашэнка.

— Якія могуць быць практычныя дзеянні па зрынанню гэтай улады? Бо пакуль пратэсты ідуць самі па сабе, а Лукашэнка жыве ў сваім уласным свеце, хіба што па нядзелях выбягаючы з аўтаматам.

— Тыя людзі, якія былі са мной з кампаніі 2010 года, кажуць мне: «Уладзімір Пракопавіч, давайце мы ўжо неяк выб’емся з гэтых нядзельных праменадаў і зробім ўжо нешта рэальнае, каб гэтая ўлада сышла». Маюцца на ўвазе нейкія рашучыя дзеянні, кшталту тых, якія адбываліся на украінскім майдане, калі займаліся грамадскія будынкі, як той Палац прафсаюзаў і г.д.

Але я бачу, што настроі большасці людзей не такія. І я, нягледзячы на свой характар, стрымліваю сябе і маіх сяброў-таварышаў. Чаму? Ведаеце, гэтыя праменады самі па сабе не даюць выніку, але яны ствараюць атмасферу. У любым куточку зямлі ёсць свая атмасфера і яна ці такая, што дае развівацца ўсяму жывому ці яна такая, што раз’ядае нейкія часткі гэтага свету.

Дык вось сённяшняя атмасфера гэтага мірнага супраціву, як яна ні падаўляецца, яна адчувальна ўзмацняе дух супраціву і раз’ядае дух рэпрэсій, дух тых людзей, якія імі займаюцца. Не можа нармальны чалавек стаяць на супрацьлеглым баку, калі бачыць, што большасць сумленных людзей на баку праўды. Бо разумее, што рана ці позна перамога будзе не за яго бокам.

Так што ўсё, што робіцца, робіцца правільна.

— Але наколькі доўга гэты працэс можа зацягнуцца?

— Так, гэта паступовы шлях, і ён можа прывесці да таго, што вылезе Лукашэнка з гэтым праектам Канстытуцыі, пачнуцца абмеркаванні, пасля рэферэндум па яе прыняцці… І гэта можа зацягнуцца на доўгія гады, што непазбежна тады ўжо прывядзе да страты нашай незалежнасці.

Почему Конституция – это ловушка

Таму ў гэтых варунках, прымаючы бок тых, хто пазбягае ўсякай эскалацыі адносін паміж узброеным і неўзброеным народам, я ўсё ж паціху прыслухоўваюся і да сваіх сяброў.

Бо для мяне кожны дзень знаходжання гэтага рэжыму ва ўладзе азначае маленькую страту беларускасці. Для мяне гэта непрымальна ніяк.

Я нарадзіўся для таго, каб пражыць жыццё і скончыць яго беларускім паэтам тут, на маёй Радзіме, а не недзе на Далёкім Усходзе, які ніяк не можа быць для беларуса Айчынай. Туды беларусаў ссылалі, адпраўлялі ў ГУЛАГ, таму калі гэта і нейкая зямля, то толькі праклятая для нашай гісторыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(67)