Общество

Някляеў: «Смакуючы тэкілу, Генадзь Бураўкін, памаўчаў, расплюшчыў вочы і сказаў: «Чакаў большага...»

Паэт пра апошнія дні свайго сябра.

Фота са старонкі Уладзіміра Някляева ў Фэйсбуку

— У дзень расстання з паэтам Алесем Разанавым споўнілася 85 гадоў паэту Генадзю Бураўкіну. Юбілей у расстанні..., — піша Уладзімір Някляеў.

У апошнія месяцы жыцця Генадзя мы сустракаліся амаль штодня. Ці перамаўляліся, калі сустрэцца не выпадала, па тэлефоне.

Ён патэлефанаваў, калі яго перавялі з мінскага шпіталю ў «ракавы корпус». У Бараўляны, дзе, нягледзячы на ўсе супакаенні дактароў («Тут лепшая дыягностыка, мы проста паглядзець, якасныя аналізы зрабіць»), ён усё зразумеў.

— Ляжу, жыццё перабіраю, — сказаў ён на маё звыклае «як пачуваешся»? — Што зрабіў так, а што не так, што напісаў і што ўжо не напішу, дзе пабываў, а дзе ўжо не буду... — І, мусібыць, каб не такімі сумнымі былі гэтыя пераборы, скончыў. — Што выпіваў і чаго ўжо не вып’ю...

— Цяжка ўявіць нешта такое, чаго б ты не выпіваў... — не прыдумаў я лепшага, каб падтрымаць яго, жарту, і ён прыняў той жарт, сказаўшы, што раней і сам так лічыў, але сёння ўспомніў, што напой гэтакі ёсць: тэкіла.

— Тады чакай... — сказаў я, апранаючыся, і праз паўтары гадзіны быў у Бараўлянах. Але пакуль я ехаў, яму стала кепска, яго паклалі ў палату рэанімацыі, куды мяне з тэкілай не пусцілі.

Прыйшоў я да Генадзя Бураўкіна з той самай пляшкай тэкілы ўжо тады, калі яго прывезлі са шпіталю дахаты. Быў пачатак вясны, і для таго, каб дарабіць недаробленае, напісаць недапісанае і выпіць невыпітае, заставалася ў яго менш за тры месяцы.

Ён быў слабы. Жонка дапамагла яму сесці ў ложку. На маё пытанне пра тэкілу сказала: «Цяпер ужо ўсё можна. Дый каб нельга было, усё адно ж ён зробіць так, як вы дамовіліся».

Нарэзала і прынесла лімон, соль, кілішкі. Я наліў. Ён насыпаў дробку солі на левую далонь, лізнуў... Урачыста, амаль рытуальна выпіў... Зажмурыўся, заеў скрыдлікам лімона... Смакуючы, памаўчаў, паварушыў, злізваючы рэшткі смаку, губамі, расплюшчыў вочы і сказаў: «Чакаў большага...»

Гэтыя два словы на парозе смерці здаліся мне глыбокай-глыбокай метафарай.

Усе мы чакаем большага. Ад усіх і ўсяго. Ад бацькоў, каханых, сяброў, жыцця...

Ад Бога.

Але ёсць тое, што ёсць.

Імгненныя спатканні і вечныя расстанні...

З юбілеем, Генадзь Мікалаевіч!

КАЛЫХАНКА

Памяці Генадзя Бураўкіна

Па маёй ці тваёй,

не па нечай – па нашай віне

Беларусь, як чужая, у крэўнай сваёй старане.

І калі памірае праз роспач і скруху паэт,

Ён не той пакідае, у якім нарадзіўся, сусвет.

Той сусвет быў Айчынай. Калыскай ягонаю быў.

Ён паэта люляў, малаком белай мовы паіў,

Баіў байкі яму –

Там у кожным паэтавым сне

Бай хадзіў па сцяне

У чырвонам сваім каптане...

Баю-бай, баю-бай. Спяць, раскінуўшы рукі, сыны.

Сняцца некаму рускія, некаму польскія сны.

А каму беларускія – той прачынаецца ў снах

І крычыць! І не чуе! Не бачыць! Бо прывід! Бо жах!

Спіце, воі. Мужчыны. Далёка яшчэ да відна.

Вы праспалі Айчыну! І ў снах беларускіх яна

Не Пагоняй ляціць, а ваўчыцай на бруху паўзе

І сама сабе лапу, каб вырвацца з пасткі, грызе.

Баю-бай, баю-бай. Спіце, дзеткі, бяспамятным сном.

Маладыя ваўкі! Піце матчыну кроў з малаком!..

Даганяйце па следзе, што ў кожным паэтавым сне

Чырванее на лёсе,

на лёне,

на белым, як смерць, палатне...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(58)