Някляеў пра Купрэйчыка: «Падняўся і прагаласаваў супраць Лукашэнкі ён адзін»

Уладзімір Някляеў апублікаваў у Facebook тэкст, прысвечаны вядомаму беларускаму шахматысту.

«Не стала Віктара Купрэйчыка. Міжнароднага грасмайстра, найбліскучага беларускага шахматыста, унесенага ў Сусветную залу шахматнай славы.

Мы сябравалі. Ён адзін з самых даўніх маіх сяброў. Таму цяжка. Вельмі.

Апошнімі гадамі ён невылечна хварэў. Але памёр не праз хваробу. Праз выпадак. Спраўдзілася ягонае: «Мы паміраем выпадкова».

Ён любіў не толькі шахматы. Шмат што яшчэ. У тым ліку музыку, літаратуру. За грошы, выйграныя на адным з апошніх (ветэранскіх) турніраў, выдаў па-беларуску кнігу Івана Буніна. Калі спыталі, навошта яму гэта, адказаў: «Хачу, каб любілі Буніна па-беларуску».

Грошы, якія перакладчыкі бунінскай кнігі не ўзялі ў яго як ганарар, ён перадаў на помнік Рыгору Барадуліну.

Ён быў чалавекам гонару. Чалавекам сумлення. Калі Лукашэнка вырашыў стаць прэзідэнтам Беларускага алімпійскага камітэту, Віктар Купрэйчык прагаласаваў супраць. Падняўся на сходзе і сказаў, што ён супраць, бо алімпійская хартыя не дазваляе кіраўніку дзяржавы кіраваць алімпійскім камітэтам.

Здавалася б –  гэта так проста. Але падняўся, сказаў і прагаласаваў супраць ён адзін.

Людзей з гэтакім пачуццём годнасці, якая дазваляе выстаяць аднаму супраць усіх, на свеце не так шмат. Яшчэ меней такіх сяброў. Але яны ў мяне былі і ёсць - і гэта калі не ўсё, што я займеў у жыцці, дык найгалоўнае ў ім. Найблізкае, найдарагое, за што дзякуй сябрам, дзякуй Віктару...

Свой бескампрамісны характар ён выяўляў і ў шахматах, і ў жыцці. Калі б не рызыкаваў так, як рызыкаваў, кар'ерна мог бы дамагчыся большага. Але не было б тады той імклівай прыгажосці, з якой ён жыў, гуляў, за якую яго любілі…

На развітанне - адзін з бунінскіх вершаў, які ён папрасіў мяне перакласці і амаль пры кожнай нашай сустрэчы чытаў:

Апоўначы ў названы час

На вокны наплывала поўня.

Яна ўжо спала. Белай коўдры

Свяціўся спушчаны атлас.

Яна ляжала на спіне,

І грудзі поўнямі бялелі.

І, як у возеры лілея,

Жыццё яе стаяла ў сне, -

і трэба было бачыць, як ён глядзеў у тое возера на тую лілею, у тое саснёнае жыццё…»

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)