Някляеў: «Кім будуць следчыя, пракуроры, суддзі, якія заводзяць крымінальныя справы, вінавацяць і садзяць у турмы за колер адзежы ці мармеладу?»
Экс-кандыдат у прэзiдэнты – пра тое, што сваю будучыню стварае сёння кожны чалавек.
Фото Белсат
– Любы і кожны дыктатарскі рэжым – гэта як фізічнае, падобнае да рака з метастазамі, гэтак і псіхічнае, падобнае да вар’яцтва, захворванне, – пiша паэт Уладзімір Някляеў. – Нейкая частка грамадства з хваробай змагаецца, нейкая – хваробе паддаецца. І калі для першых страшная (праз турмы, здзекі, катаванні) сама хвароба, дык для апошніх – яе наступствы. Праз усё далейшае жыццё.
Вось што будзе рабіць праз усе далейшае жыццё (якое будзе значна даўжэйшым за жыццё дыктатуры) вайсковы капітан, які стрэліў у спіну свайму суайчынніку? Да таго ж свайму знаёмцу. Кім ён будзе ў вачах суайчыннікаў, калі нават на вайне і нават ворагу страляць у спіну – ганьба?
Кім будуць следчыя, пракуроры, суддзі, якія заводзяць крымінальныя справы, вінавацяць і садзяць у турмы за колер адзежы ці мармеладу?
Кім будуць цяперашнія следчыя Ігар Кудзеля і Ігар Курыловіч, якія зляпілі крымінальныя справы на журналістак (якія заўсёды будуць журналісткамі!) Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову?
Кім будзе пракурорка Аліна Касьянчык, якая запатрабавала для Каці і Дар’і па два гады турмы проста за тое, што яны журналісткі? І кім будзе суддзя Наталля Бугук, калі вынясе гэтакі прысуд, а пасля ёй, як і следчым, і пракурорцы, яшчэ жыць і жыць?.. Побач з Дар’яй, побач з Кацяй…
Няўжо яны пра гэта не думаюць?
Гэта не наіўныя пытанні – за жыццё я шмат чаго пабачыў і зведаў. І ўжо мала чаму здзіўляюся. Але не перастаю здзіўляцца высокай чалавечай годнасці (у тым ліку той, якую выявіла ў судзе Кацярына Андрэева) і бяздоннай чалавечай подласці.
Сёння Беларусь стварае сваю будучыню. І сваю будучыню стварае сёння кожны чалавек. Будучыня, створаная Кацярынай і Дар’яй (незалежна ад вынесенага ім прысуду), светлая, як іх усмешкі. І нікому ўжо, і ніколі гэтыя ўсмешкі не пагасіць.
Тыя, хто ў гэтым завіхаецца, проста пазбаўляюць сябе будучыні.
Читайте еще
Избранное