«Нядаўна зрабіла папараць-кветку на байцы, вышывала слімака, бусла і зубра»
Беларуска адкрыла майстэрню па пашыве аддзення ў Вільні і паказала, якія рэчы робіць.
У жніўні 2022-га Кацярына разам з сям’ёй перабралася жыць у Літву. У інтэрв’ю «Салідарнасці» яна расказала, як з нуля пачынала сваю справу на новым месцы і ў чым знаходзіць натхненне.
«Вучылася шыць сама, любіла гэта з дзяцінства»
Дзяўчына пачала актыўна займацца шыццём у дэкрэце – у 2017-м. Да гэтага Кацярына сем гадоў працавала архітэктарам.
– Калі пайшла ў дэкрэт, вельмі хутка стала сумаваць. Тады занялася пашыццём дзіцячых панамак, бандан, моксікаў. І калі выйшла з дэкрэта, вырашыла заставацца ў гэтай справе, але ўжо стала прыглядацца да дзіцячага аддзення, – расказвае яна. – Замовіла польскі трыкатаж праз украінскі сайт. Так танней было, чым везці наўпрост з Польшчы.
Першы час проста шыла ў залі ў кватэры. Пасля тканіны стала вельмі шмат, бо яе трэба было мець з запасам. Ды і шыццё – вельмі пыльная праца, таму вырашыла з’язджаць на іншае памяшканне, арэндавала пакой.
Вучылася шыць Кацярына сама:
– Спачатку дома была бабуліна швейная машынка «Падольск». Потым яна аддала «Чайку» з аўтаматычнай педаллю. Затым я набыла сабе швейную машыну, адпрацавала на ёй 8 год. Калі зацяжарыла, было сумна, пайшла на курсы, каб паглядзець, як правільна рабіць рукаў з піджака ў паліто. У мяне не атрымлівалася. Відаць, там трапіла не на той ўзровень, бо шмат ужо чаго ўмела. Зразумела, што гэта больш такі жаночы клуб, сядзелі размаўлялі.
Пасля таксама думала пайсці на курсы, але муж сказал, што мне гэта не трэба. І жанчына, якая там выкладала, распавяла, што да іх у асноўным прыходзяць людзі, якія ўмеюць шыць, проста ім трэба паперка, што яны штосьці скончылі.
Потым думала паспрабаваць на канструктара. Але я неяк эксперэментавала сама з мадэлямі, чытала, глядзела відэа. Калі хочаш, то сам навучышся.
«Пайшло больш за 5 тысяч еўра на абсталяванне ў маўстэрню»
Пасля падзей 2020-га замоў у Кацярына стала значна менш:
– Не можаш маўчаць, але тым жа часам не можаш падчас такіх падзей выкладаць мілые дзіцячае аддзенне, – кажа яна. – Атрымліваецца тры гады я толькі папрацавала нармальна. Быў нават час, калі я брала памочніцу, бо не паспявала, а потым наспад пайшло.
Суразмоўца зразумела, што трэба з’язджаць, у 2022-м, пасля пачатку вайны ва Украіне. Тады яе мужу, якi працуе праграмістам, прапанавалі рэлакацыю ў Літву:
– Кожныя выходныя ездзіла ў Беларусь, перавозіла рэчы. Я яшчэ перад вайной закупілася тканінай, таму дастаткова шмат усяго было. Але ўсё роўна прыйшлося пачынаць амаль з нуля. Калі пачалася вайна, выпусцілі ўказ, згодна з якім нельга вывозіць прамысловую тэхніку, таму давялося тут на месцы купляць. Пайшло больш за 5 тысяч еўра на абсталяванне ў маўстэрню:
– У Беларусі ў маёй кватэры засталіся дзве швейныя машыны. Хачу іх прадаць, але шкада.
Кацярына кажа, што ўвогуле яны з мужам прынцыпова не збіраліся з’язджаць. Але з пачаткам вайны да іх прыйшло асэнсаванне, што далей лепш дакладна не будзе.
– Немагчыма ўжо было чакаць, калі прыйдуць за табой, – кажа яна.
Калі Кацярына прыехала ў Вільню, першае, што зрабіла, – пайшла ў мясцовую краму з тканінамі. Яна хвалявалася, што не знойдзе якасную:
– Узяла з крамы кавалак, каб затэсціць. Папрала яго, паглядзела, што ўсё выдатна, супакоілася. Да гэтага я замаўляла ў сяброўкі з Масквы турэцкую тканіну. Можно было, канечне, у Беларусі купляць, але падабалася менавіта тая па якасці.
Пэўныя матэрыялы дзяўчына шукала ў Вільні паўгады, бо ў Літве больш распаўсюджаны інтэрнэт-крамы з тканінамі.
«Нядаўна зрабіла папараць-кветку на байцы, вышывала слімака, бусла і зубра»
У Беларусі ў Кацярыны існавала свая інтэрнэт-крама на амерыканскай платформе, дзе ў яе замаўлялі аддзенне людзі з розных краін:
– Два гады над ёй працавала, каб давесці да пэўнага ўзроўню, было шмат замоваў, многія сталі пастаяннымі кліентамі. Калі пачалася вайна, ЗША перасталі працаваць з Беларуссю, краму адключылі. Думала, што цяпер ў Вільні напішу ім ліст і яны размарозяць старонку, але яны сказалі, што адзіны варыянт адкрываць новую, бо ў Еўразвязе іншая плацёжная сістэма. Прыйшлося пачынаць зноў (спасылка на Instagram тут).

Таксама шмат маіх заказчыкаў засталося ў Беларусі, многія з’ехалі ў Польшчу, а ў Літву толькі пару чалавек. Шыць аддзенне для дарослых Кацярына стала ўжо больш актыўна ў Вільні:
– З улікам таго, што я для сябе, мужа, маці і астатніх сваякоў гэта рабіла, то не падавалася складаным. Калі сюды прыехала, зразумела, што знайсці базу кліентаў па дзіцячым аддзенні будзе няпроста, бо беларусы ў эміграцыі не ў такім выдатным становішчы, каб стала такое замаўляць, усё ж даражэй, а пераарыентавацца на літоўцаў таксама складана, пераводзіць давядзецца ўсё на літоўскую мову.
Потым у краме заўважыла суцяжны шнур, вырашыла паспрабаваць вышываць нешта на аддзенні.
– Нядаўна зрабіла папараць-кветку на байцы, вышывала слімака, бусла і зубра. Спачатку я раблю малюнак, потым перарабляю яго так, каб яго можна было зрабіць адной лініяй.
«Хачу зрабіць паветраны шар з песні Лявона Вольскага»
Знаходзіць натхненне для стварэння новага адзення і малюнкаў Кацярыне дапамагае беларуская музыка:
– Цяпер выходзіць шмат песен, слухаю і бачу, што можна зрабіць. Спісывалася з РСП, каб спытаць, ці можна ўзяць ідэю «шэрага квадрату», ў кажа суразмоўца «Салiдарнасцi». – Хачу зрабіць паветраны шар з песні Лявона Вольскага. Са слімаком цікава атрымалася, я яго пашыла, а потым Leibonik выдаў песню пра слімака.

Надпісы дзяўчына робіць на беларускай мове. На ёй Кацярына стала размаўляць нядаўна:
– Увогуле беларуская мова дасталася мне з 1 класа, гэта выпадкова. Каля дома у 1993 годзе была школа, дзе існаваў адзін рускамоўны клас і два беларускамоўных. Чатыры гады навучалася па-беларуску.
Далей ў школе ўжо была руская мова і ва ўніверсітэце таксама. Маё кола размаўляла па-руску, то і я таксама. Муж з 2021-га заўсёды стаў размаўляць на беларускай. І я разам з ім.
– Дачка наша цяпер ужо ў гутарцы выкарыстоўваць можа адразу тры мовы: літоўскую, рускую, беларускую. Аддалі яе спачатку ў падрыхтоўчы клас, каб яна стала вучыць літоўскую мову. Я нават яе матывавала тым, што прапаноўвала ёй вучыць кожны дзень па некалькі слоў, а напрыканцы тыдня купляла ёй падарунак.
Тут яшчэ шмат залежыць ад дзіцяці: маю не хвалявала, што яе не разумеюць, тыпу вашы праблемы. Але за год даволі хутка засвоіла літоўскую.
«Цішотка жаночая каштуе 50 еўра, мужчынская – 55»
У Вільні Кацярына працуе ўжо 11 месяцаў (у месяц мае каля 20 замоў), але ў «нуль» яшчэ не выйшла:
– Арэнднае памяшканне каштуе 470 еўра разам з камуналкай, але зімой будзе каля 670. Я знайшла за 215 еўра, буду пераязджаць туды, яно значна менш, але ўжо прыдумала, як там размясціцца.
Таксама трэба плаціць падаткі, зарэгістравалася як самазанятая. Першы год патрабавалі аплочваць толькі медыцыну раз у месяц – 58,63 еўра, але напрыканцы лістапада мне ўжо трэба будзе плаціць яшчэ 12 працэнтаў падаткаў ад 90 адсоткаў даходаў.
Па словах Кацярыны, яе літоўскія кошты на аддзенне цяпер вельмі адрозніваюцца ад беларускіх. Давялося іх падняць з улікам арэнды памяшкання:
– Але разумела, што зусім высокія ставіць не магу, бо раблю для беларусаў, а ўсе беларусы цяпер не ў вельмі добрым становішчы.
Цішотка жаночая каштуе 50 еўра, мужчынская – 55. Світшот ад 75 да 90 еўра. Разумею, што мая праца павінна каштаваць даражэй, але не хачу ставіць вышэй, бо ёсць жаданне, каб як мага больш людзей змагло сабе дазволіць купіць рэч.

Сярод кліентак Кацярыны ўжо ёсць некалькі літовак:
– У чаце дома дзяўчына запыталася, хто можа дапамагчы падкласці шторы, я адгукнулася. Іншая жанчына ўбачыла, што я шыю, напісала ў асабістыя, папрасіла пашыць ёй штаны. Потым яна ж прыйшла да мяне за сукенкай. Проста сарафаннае радыё.
Як муж Кацярыны паставіўся да таго, што жонка пайшла ў бізнес?
– Дапамог, даў на гэта ўсё грошы, зразумела, што з 10 рублямі не станеш такое рабіць. Ён сказаў, што я яго праект інвестыцый. Былі часы, калі прыходзіла дадому і ў дзве гадзіны ночы, яму такое не вельмі падабалася, але ўсё разумеў. І цяпер разумее, але даў мне год, каб выйсці ў плюс. Калі не атрымаецца, то, мабыць, давядзецца згортваць гэтую справу. Але я веру, што ўсё атрымаецца!
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное