«Ня з нашым шчасцем». Чаму Назарбаева не параўнаць з Лукашэнкам

Палітык і пісьменнік Сяргей Навумчык распавёў гісторыю, якая паказвае, у чым розніца паміж першымі прэзідэнтамі Казахстану і Беларусі.

— У мяне ёсьць асабістая, сямейная прычына не параўноўваць Назарбаева з Лукашэнкам, — напісаў у Фэйсбуку Сяргей Навумчык. — Нядаўна ў Віцебску, пераглядаючы бацькаў архіў, я натыкнуўся на «Состав ЦК ВЛКСМ, избранный XV съездом» (1966-1970 гг). Гэта недзе дзьве сотні чалавек.

Сьпіс складаўся з трох частак: члены ЦК і кандыдаты ў члены ЦК, быў яшчэ і сьпіс ЦРК, рэвізыйнай камісіі). Бацька мой, як, да прыкладу Гагарын і Церашкова, быў у першым сьпісе. А вось у другім, рангам ніжэйшым, я пабачыў прозьвішча Назарбаева. Калі я паказаў бацьку — ён вельмі зьдзівіўся. І нават не паверыў, што гэта той самы Назарбаеў. Праверылі — так, той самы.

Тады Назарбаеў ня быў ні камсамольскім, ні партыйным работнікам, працаваў кшталту майстра цэха — у ЦК абіралі і перадавікоў. Уваходзіць у склад ЦК ВЛКСМ — гэта была выключная магчымасьць зьвярнуць на сабе ўвагу найвышэйшага кіраўніцтва, ды хоць бы, калі пашанцуе, і самога Брэжнева. І многія ім карысталіся.

Пазьней Назарбаеў пайшоў уверх і хутка абышоў бацьку ў партыйнай кар'еры, але вось у той час ён паводзіў сябе надзвычай сьціпла. Нагэтулькі сьціпла, што за чатыры гады не пакінуў пра сябе ніякага ўспаміну, пры тым, што яны там адзін аднаго больш-менш ведалі (хіба што сфатаграфаваўся з Гагарыным, бачыў гэты здымак у нейкім альбоме).

Ну а са свайго ўласнага досьведу я магу прыгадаць іншага прэзыдэнта, які зь першага ж дня радавога дэпутацтва зычна заявіў пра сабе — на ўсю Авальную залю, на ўсю тады яшчэ не краіну, а рэспубліку, ды так, што радыёпрыёмнікі трашчалі ад гучнага сіпатага голасу. Трашчаць і па сёньня.

Так што — ня з нашым шчасьцем.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(94)