N.R.M. сабраліся ў класічным складзе і запісалі «Тры чарапахі»

Легендарны гурт уз’яднаўся дзеля свайго хіта праз 10 год.

— Час яднацца! Разам упершыню за 10 гадоў! — напісаў Лявон Вольскі. Разам з былым вакалістам гурта хіт «Тры чарапахі» запісалі ўдзельнікі класічнага складу N.R.M. Піт Паўлаў, Юрась Ляўкоў і Алезіс Дземідовіч.

Па словах Вольскага, ідэя аб’яднацца на адну песьню ўзнікла спантанна, літаральна за пару гадзін да запісу:

— Мы пабачылі тую салідарнасьць, якую паказаў беларускі народ, натхняльнае яднанне людзей у адказ на несправядлівасць. Пабачылі людзей, што спявалі «Тры чарапахі» на вуліцах, ды вырашылі прадэманстраваць свой прыклад яднання.

Вольскі падкрэсліў, што вяртання гурта ў класічным складзе не плануецца, гэта была разавая падзея: «Але забыцца на старыя крыўды і стаць побач адзін з адным — хвалюючыя, але прыемныя пачуцці».

— У часы, калі трэба яднацца — трэба яднацца ўсім, — патлумачыў Піт Паўлаў. — Мы ня бачыліся з Лявонам 10 год, адказ, ці магчыма пабачыць N.R.M. у класічным складзе, заўсёды быў адмоўны з абодвух бакоў. Мы з’ехаліся з розных канцоў горада ды паціснулі адзін адному рукі на студыі. Зайгралі без рэпетыцыяў, адразу паразумеліся. Асабіста для мяне гэта былі неперадавальныя шчырыя пачуцці. Як усё хутка можа змяняцца, як хутка можна аб’яднацца. Дзякуй беларускаму народу за гэтую магчымасць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.2(5)