Политика
Генадзь КОСАРАЎ, "Заўтра тваёй краіны"

Новыя ініцыятывы Эўропы прынясуць Беларусі добрыя дывідэнды

Эўрапейская Камісія мае намер прапанаваць шасьці постсавецкім дзяржавам, у тым ліку і Беларусі, падпісаць пагадненьне пра асацыяцыю і стварэньне новай эўрапейскай эканамічнай зоны. Ці гатовая Беларусь да больш шчыльнай супрацы з Эўропаю?

Па словах палітоляга Валерыя Карбалевіча, пакуль дакладна не вядома, што такое ёсьць эўрапейская эканамічная зона, што яна азначае, і якія там будуць патрабаваньні да ўдзельнікаў.

-- Але той факт, што Беларусь зараз пачала дыялёг з Захадам, зь Міжнародным валютным фондам, што Беларусь мае намер стварыць умовы для замежных інвэстыцыяў, каб увайсьці ў трыццатку лепшых краінаў сьвету па бізнэс-клімаце, як паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка, то на такім фоне цалкам магчымае абмеркаваньне гэтай сытуацыі, і я б не сказаў, што гэта нельга зусім, - мяркуе аналітык. – Тым больш што гэты працэс, мусіць, даволі працяглы, разьлічаны на доўгую пэрспэктыву.

Такая ініцыятыва Эўрапейскае Камісіі, на думку Валерыя Карбалевіча, сьведчыць пра тое, што і ўнутры Эўропы абываюцца пэўныя працэсы.

-- Адныя дзяржавы Эўразьвязу лабіруюць лепшыя дачыненьні з краінамі Сярэднеземнамор’я, іншыя – тая ж Швэцыя, Польшча – прапануюць нейкія варыянты для Ўсходняй Эўропы, і таму гэтае лабіраваньне інтарэсаў вядзе да таго, што зьяўляюцца тыя ці іншыя прапановы Эўразьвязу, - лічыць экспэрт “Заўтра тваёй краіны”. – Тым больш, каўказская вайна актуалізавала гэтую праблему – праблему Ўсходняй Эўропы, праблему постсавецкае прасторы. З гэтым трэба нешта рабіць. Адна з прапановаў і ёсьць варыянт інтэграваньня гэтых краінаў у агульную эканамічную супрацу.

-- І ня толькі эканамічную, таму што поруч з эканомікай будуць крочыць і іншыя працэсы, і самае галоўнае, калі ўжо казаць пра нейкія геапалітычныя рэчы, то гэта было б дапамогаю ў сэнсе разумнага дыстанцыяваньня ад Расеі, якая зараз спрабуе зноў і зноў накінуць нейкія свае ўмовы, напрыклад, шырэйшае выкарыстаньне за разьлікі расейскага рубля, гучаць прыхаваныя і не зусім прыхаваныя патрабаваньні, каб некаторыя ласыя кавалкі беларускіх актываў былі аддадзеныя расейскаму капіталу, - лічыць экспэрт “Заўтра тваёй краіны” Аляксандар Класкоўскі. – Тут вялікая небясьпека, і такая праграма ў гэтым сэнсе дае добрую альтэрнатыву.

Працяг матэрыялу чытайце тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)