Комментарии
Ігар Тышкевіч

Новае пакаленне ці думкі пра «голы флэшмоб»

У Беларусі пракацілася хваля «працы без вопраткі». Такім чынам людзі адрэагавалі на няпэўнае вымаўленне Аляксандрам Лукашэнкам слова «развиваться и работать».

Сапраўды, калі слухаеш ролік, можна пачуць «раздеваться и работать». Пачулі. І з усмешкай выканалі. Такі сабе тролінг кіраўніка дзяржавы.

Натуральна, што сама з'ява і яе маштабы не маглі застацца незаўважанымі. Навіна і падборкі фота пранесліся па стужках навінаў у Беларусі ды суседніх дзяржавах. З'явіліся і ацэнкі падзеі. Адны кажуць пра ледзьве не крызіс даверу да ўлады. Другія абураюцца самім фактам аголенага цела. Адным словам, ёсць пра што пагаманіць у вольны час.

Тым часам, калі паглядзець на падзеі крыху звонку, можна казаць пра праяву маштабных змен свядомасці часткі людзей. Вось на гэтае я і хачу звярнуць увагу.

Ці маральна і ці пратэстна?

Перш-наперш варта сказаць пару словаў абаронцам «народнай маральнасці». Прызнацца, рэзкія ацэнкі некаторых шчырых беларусаў мяне здзівілі. Спадарства, а вы не спрабавалі зірнуць на народныя абрады. На «жаніцьбу Цярэшкі», «Пахаваньне Стралы» з іх эратызмам. Ды нават рытуальнае абліванне (у тым ліку на «хрысціянскія» святы – нават Вялікдзень). Ніхто не задумваўся як выглядае дзяўчына апранутая ў лён калі шчодра паліць вадою? Заўважу, у 18-19 стагоддзях станікаў не было. Ну і нарэшце Купалле з ягонымі традыцыямі. Можна яшчэ ўзгадаць даўні звычай (распаўсюджаны дарэчы яшчэ нават у 40-я гады) як «падначоўкі». Каму цікава – пагугліце. Таму на фоне такіх народных традыцый адсутнасць вопраткі на працы – дзіцячыя жарты. Пераканацца ў гэты лёгка. Дастаткова пачытаць раздзелы курсу гістфаку «абрадавасць Беларусі». Альбо даследаванне Уладзіміра Лобача «Эрас у беларускай традыцыйнай культуры».

Ці гэта пратэст? І так і не. Гэта ня быў пратэст супраць «крывавага рэжыму». Ня было гэта спробай выказацца наконт агучаных планаў ураду. Па вялікім рахунку тым, хто ўзяў удзел у флэшмобе абсалютна да аднаго месца палітычная кухня апанентаў уладаў. І тым болей чарговыя разборкі што да «ганаровага звання асноўнай апазіцыйнай сілы». Людзям на гэта проста пляваць.

І ў той жа час гэта – пратэст. Пратэст супраць адсутнасці логікі. У спосаб, які могуць сабе дазволіць паспяховыя і ўпэўненыя ў сабе людзі – праз кпіны, давядзенне да абсурду. Уменне смяяцца над сабой, грамадствам, прадстаўнікамі эліт і фармальнымі кіраўнікамі ёсць прыкметаю здаровай і сталай асобы. Пры гэтым такі пратэст не нясе негатыву. Гэта як сяброўская «падначка». І вось гэтае, як па мне, з'яўляецца асноўным. Бо:

– Ёсць вялікая колькасць людзей, якія здольныя да самаіроніі

– Гэтыя людзі гатовыя генераваць нестандартныя ідэі

– Гэтыя людзі гатовыя дзейнічаць супольна (ці паралельна). І гатовыя дамаўляцца (заўважце, частка фота у офісах дзе супрацоўнікі як мужчыны так і жанчыны).

– Гэтыя людзі маюць дастаткова смеласці каб зрабіць учынак, які можа шакаваць грамадства

– Гэтыя людзі дастаткова смелыя каб абраць аб'ектам сваіх кпінаў прэзідэнта Лукашэнку.

Магчыма таму некаторыя з прадстаўнікоў «дэмакратычнага лагеру» так рэзка адрэагавалі на флэшмоб. Бо уласных смеласці, здольнасці да самаіроніі, магчымасці нарадзіць новую ідэю бракуе. Лагічна. Пакаленне «пужаных», як адзначыў у допісе Севярын Квяткоўскі. Пакаленне, якому страшна «каб нешта ня выйшла». Баязліўцамі назваць іх не магу. Яны не баяцца выйсці на акцыю з традыцыйнымі плакатамі, сцягамі. Не баяцца гучна і рэзка выказаць стаўленне да персаналій у палітыцы. Не баяцца ўжо 20 год.

Але баяцца новага. Бо новы алгарытм не апрабаваны. Невядомыя пабочныя адгалінаванні і цьмяна ўяўляеш вынік. І вось з дапамогай такога страху частка барацьбітоў за дэмакратыю сама не заўважыла як загнала сабе у свайго роду рэзервацыю. Ментальную. Там дзе ёсць чорнае і белае. Свой свет і свет злачыннага рэжыму. Дзе ёсць акцыі, праводзіць якія трэба таму што іх праводзілі 2,5,10-15 год таму. І дзе страшна падумаць «а што калі зрабіць ня так».

І тут раптам адбываецца нешта. Якое не ўкладаецца ў звычную сістэму каардынат рэзервацыі. Яны не выступаюць супраць асобы. Яны не выступаюць і за. Яны разумнейшыя – бачаць корань праблем у сістэме успрыняцця рэчаіснасці. Нават не сістэме дзяржаўнага ладу – у сістэме мыслення. І высмейваюць яго. Бо ключ, як вядома, у тым як думаеш.

Але такі падыход, як напісаў вышэй, не укладаецца у звычную сістэму каардынат часткі людзей. Рэакцыя заканамерная.

І што ж у гэтым новага?

Гэта досыць новая з'ява для Беларусі. Сваім інфармацыйным ахопам. Адсутнасцю арганізатараў. А таксама персаналіямі. Калі прааналізаваць фотаздымкі відавочна, можна стварыць такі сабе партрэт удзельніка. Гэта малады чалавек (пераважная большасць ўзростам да 35) з добрай адукацыяй і добрым узроўнем жыцця. Чалавек, упэўнены у сваёй будучыні.

Новая таксама і, калі можна так сказаць, танальнасць гэтага выступу. Тут няма «далоў», няма гучных словаў. Такі сабе сяброўскі «сцёб». Пазітыўны.

Новае і тое, што людзі не апелююць ні да каго – яны проста выказваюць сваю думку. Дастаткова смела. І крэтатыўна.

Вось гэта ўсё дазваляе рабіць высновы пра пачатак змены пакаленняў. Падраслі тыя, хто ведае што такое поспех. І хто не патрапіў пад «прэс» дзяржаўнай машыны. Людзі зрабілі сябе самі. Менавіта гэтыя людзі будуць вырашаць куды і як ісці Беларусі заўтра. Для іх выглядае безсэнсоўным эмацыйны надрыў як «змагароў супраць Лукашэнкі» так і «абаронцаў усенароднаабранага прэзідэнта».

Матывацыя крыху іншая. Больш рацыянальная. Ёсць праблема – вызначаюцца шляхі пераадолення – пачынаецца праца. Няма страху. Хутчэй наадварот – ёсць упэўненасць у сваіх сілах. Бо маюць прыклад- гісторыю ўласнага поспеху. Як па мне, вельмі пазітыўны сігнал. Бо будаваць будучыню варта даверыць тым, хто ўпэўнены у сабе. За кім не цягнецца доўгі шлейф «паразаў у барацьбе» альбо марных спробаў «вярнуць як было пры Саюзе».

Самае цікавае, што менавіта гэтае пакаленне можна ўспрымаць і як надзею у нацыянальным пытанні. Пару год таму на нацыянальных сімвалах пачалі рабіць бізнэс. І таксама некаторыя з «заслужаных ветэранаў адраджэньня» абураліся.

Вольнай гульнёй з выяваю Пагоні і правакацыйнымі прынтамі. У рэшце рэшт самім фактам заробку грошай на «нацыянальных святынях». А тым часам бізнэс падыход даў плён. Не можа кашоўнасць быць дармавой. Так паціху пачыналася мода на нацынальнае.

Моўныя курсы – паглядзіце, хто іх наведвае. Ды ў рэшце рэшт налепкі з арнаментамі на дастаткова дарагіх аўто. Машынах, якія зароблены. І на якія не могуць зарабіць шмат з тых, хто любіць паразважаць як будзе адбудоўваць Беларусь.

Падыход у пакалення таксама рацыянальны. Беларускасць не «таму што ад прадзедаў...», а таму што гэта частка поспеху. Уласнага. І ідэнтычнасць. Такі падыход, дарэчы, легка пераадольвае межы «палітычных рэзэрвацый». Як «апазіцыйнай» так і «праўладнай». Таксама цікава і пазітыўна.

Цікавая і рэакцыя ўладаў. Як вядома, працэс пазнавання новага, атрымання ведаў немагчымы ў несвабодзе. Але не палітычнай – ментальнай. Ты вольны настолькі наколькі вольна думаеш. Была праява такога вольнага мыслення. У ўладаў хапіла розуму не ўключаць звыклы «прэс». Гэта пазітыўна. Гэта новае для Беларусі. Гэта дае надзею на перамены. Якія, магчыма будуць звязаныя з новымі людзямі.

Што да «старых правераных кадраў», то таксама тут варта задумацца. Знешнія ўмовы мяняюцца. Ёсць кадравы патэнцыял – людзі. Але ім сумна і нецікава слухаць казкі пра тое што «інтэграцыя з РФ зробіць Беларусь паспяховай». Альбо іншую «вось зменіцца рэжым (неяк сам сабой – цуд Божы здарыцца) і пойдзем у Еўропу».

Гэтыя людзі звыкліся да іншага стылю камунікацыі. Ім патрэбны просты адказ: які функцыянал будзе мець Беларусь праз 10, 15, 30 год. Калі кажам Швейцарыя – можам двумя сказамі апісаць дзяржаву. Тое самае пра Брытанію, Кітай, ЗША, Швецыю ды іншых. І вось той, хто прапануе сваё бачанне Беларусі зможа размаўляць з новым пакаленнем беларусаў. А гэта ўжо зусім іншы падыход. Іншая гісторыя, Іншыя пляны і іншыя вынікі.

__________________

Тэкст спадабаўся? Можна падзякаваць аўтару. Словам, пашырэннем думак ці грашыма.

Апошняе прымаецца праз сістэму WebMoney.

Кашалёк у далярах ЗША Z293974971904

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)