Общество
Сяргей Балай

Новае месца збора і дудары на чале калоны

Аргкамітэт па святкаванні 95-х угодак Дня Волі падзяліўся планамі аб правядзенні мерапрыемства. На пытанні «Салідарнасці» адказаў сябра аргкамітэту, старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

– Сёлета мы адзначаем 95-я ўгодкі з дня абвяшчэння БНР і адзначэнне гэтай даты будзе традыцыйным, – адзначыў Аляксей Янукевіч. – Мы накіравалі ў Мінгарвыканкам заяўку на шэсце-мітынг.

У якасці кропкі збору арганізатары абралі уваход ў Цэнтральны батанічны сад на плошчы Чалюскінцаў.

– Ад самага пачатку аргкамітэт падкрэслівае не канфрантацыйны характар мерапрыемства. – адзначыў сябра аргкамітэту. – Таму, у сувязі з рэканструкцыяй на пляцоўцы перад Акадэміяй навук, мы вырашылі прапанаваць аналагічную кропку, якая не супярэчыць закону аб масавых мерапрыемствах. Шэсце-мітынг плануецца па праспекце Незалежнасці да вуліцы Сурганава, і далей да парка Дружбы народаў, дзе адбудзецца мітынг. Апрача гэтага, мы падалі заяўку на правядзенне ўрачыстага сходу ў палацы Трактарнага завода. Там запланаваныя ўрачыстыя мерапрыемствы, відэазварот Івонкі Сурвілы, палітыкаў і канцэрт. Таксама запланаваны шэраг круглых сталоў, прысвечаных гадавіне абвяшчэння БНР.

Па словах Аляксея Янукевіча, сёлета аргкамітэт прыняў усе прапановы адзінагалосна.

– Не было ніякай канфрантацыі, – адзначыў палітык. – На вялікі жаль, «Малады фронт» адхіліў прапанову ўзяць удзел у аргкамітэце, але мы спадзяемся на агульныя дзеянні і супрацу.

З цікавостак, прахаваных агранізатарамі, можна адзначыць удзел у шэсці-мітынге дудароў.

– З гэтай прапановай выступіў менавіта БНФ, каб на чале калоны ішло некалькі дудароў, – падкрэсліў суразмоўца «Салідарнасці». – Прапанова была ўхваленая, але пакуль што мы вядзем перамовы з музыкамі, якія б пагадзіліся граць, ідучы на чале калоны.

Нагадаем, заяўка на правядзенне вулічнай акцыі па ўшанаванні Дня Волі 25 сакавіка пададзена ў Мінгарвыканкам 20 лютага. Збор прызначаны на 12 гадзіну, адкуль шэсце мусіць рушыць ў парк Дружбы Народаў, дзе адбудзецца мітынг, які скончыцца ў 15 гадзін.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)