Общество
Кірыл Іваноў

Ноч расстралянай літаратуры

29 кастрычніка 1937 года ў Мінску расстралялі цвет нацыянальнай эліты.

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў сутарэннях мінскай унутранай турмы НКВД, так званай «амерыканкі», былі расстраляныя больш за 100 дзеячоў культуры, мастацтва, навукі, буйных кіраўнікоў, тэхнічнай інтэлігенцыі тагачаснай Беларускай ССР.

Сярод іх — Якаў Бранштэйн, Віктар Вайноў, Анатоль Вольны, Плятон Галавач, Алесь Дудар, Хацкель Дунец, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Язэп Каранеўскі, Майсей Кульбак, Аляксей Кучынскі, Саламон Левін, Юрка Лявонны, Валеры Маракоў, Зяма Півавараў, Васіль Сташэўскі, Ізя Харык, Пятро Хатулёў, Міхась Чарот, Макар Шалай, Павел Шастакоў, Арон Юдэльсон. У наступную ноч расстралялі Прохара Іспраўнікава, Янку Нёманскага, Тодара Кляшторнага і Юлія Таўбіна.

Іх невінаватасць была пазней прызнаная нават савецкімі судамі.

Расстрэл у ноч з 29 на 30 кастрычніка стаў чорнай датай у гісторыі беларускай літаратуры: у расстрэльным спісе значыліся 22 літаратары. Па падліках даследчыка сталінскіх рэпрэсій Леаніда Маракова, усяго праз сталінскія засценкі прайшлі каля 90% беларускіх літаратараў, многія з іх былі фізічна знішчаныя..

Мемарыял у Курапатах

29 кастрыніка 2015 года каля будынку КДБ у Мiнску у 18.30 пачнецца акцыя «Ланцуг памяцi».

— Мэта акцыi — нагадаць пра злачынствы сталiнiзму супраць беларускага народу i спынiць новыя злачынствы сучасных пераемнiкаў катаў з НКВД. Вельмi важна шанаваць пахаваннi ахвяраў рэпрэсiй. Але, калi мы будзем палохацца нават прыйсцi са свечкамi да месцаў, дзе iх катавалi i асуджалi на смерць, то будуць з'яўляцца новыя пахаваннi, — напісаў у facebook экс-кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч.

Ён папрасіў тых, хто мае рашучасць узяць удзел у акцыi, не браць з сабой нiякiх сцягоў цi плакатаў, а прыносіць толькi свечкi цi лампадкi.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)