Общество

«Ніхто не павінен бачыць нашых сьлёз»

Кацярына Марчук, маці непаўналетняга палітвязьня Максіма Шатохіна, расказала Радыё Свабода пра затрыманьне і суд.

Максім Шатохін

12 жніўня ў Ленінскім судзе Берасьця агучылі прысуд трэцяй групе абвінавачаных ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» пасьля выбараў (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Сярод 10 асуджаных быў і 17-гадовы Максім Шатохін, якога судзьдзя Сьвятаслаў Каліна пакараў 3 гадамі пазбаўленьня волі.

«На суд я заўсёды з сабой брала ўсьмешку»

— Мы чакалі падобнага прысуду, таму я Максіма адразу рыхтавала: ніякіх сьлёз і расчараваньняў, — успамінае Кацярына Марчук, маці 17-гадовага Максіма Шатохіна. — Усе перажываньні я пакідала дома, а на суд заўсёды брала з сабой усьмешку. Сын на прысудзе таксама ўсьміхаўся, не было ніводнай сьлязінкі. Вядома, ён спадзяецца, што ня будзе столькі сядзець.

На момант акцый пратэсту ў Берасьці летась 10 жніўня Максіму было 16 гадоў. Кацярына кажа, што ў той дзень сын сустрэўся зь сябрамі ў сваім раёне. Пазьней хлопцы вырашылі паехаць пагуляць у цэнтар.

— Там яны ўбачылі вялікую колькасьць людзей. Яны ўтрох (у абвінавачваньні Максіму прыпісвалі сувязь з 12 хлопцамі ва ўзросьце ад 17 да 30 гадоў. — РС) вырашылі паздымаць відэа. Пазьней Максім падняў зь зямлі камень і кінуў яго ў шэраг супрацоўнікаў міліцыі. Сілавікі знаходзіліся на адлегласьці больш за 100 мэтраў, і, вядома, ён бы ў іх ня трапіў, — кажа Кацярына.

«Можна так пабіць, што і сьлядоў не застанецца»

Пасьля прагулкі па набярэжнай хлопцы вырашылі вяртацца па мосьце дадому. Аднак там іх затрымалі супрацоўнікі АМАПу. Кацярына расказала, што Максіма і яго сяброў запхнулі ў аўтазак, ударыўшы па сьпіне дубінкай.

Пазьней хлопцаў завезьлі ў спартзалю Ленінскага РАУС і паклалі на падлогу ў пазыцыі «планка». У нейкі момант Максім адчуў боль у грудзях, яму стала цяжка дыхаць. Кацярына мяркуе, што сілавікі пабаяліся, што ён непаўналетні, таму выклікалі хуткую.

— А 5-й раніцы мне патэлефанавалі зь лякарні і сказалі, каб забірала дзіця. Пасьля рэнтгену Максіму напісалі ў дыягназе: двухбаковы ўдар грудной клеткі. Відавочных сьлядоў зьбіцьця, сінякоў у яго не было. Засталіся толькі кровападцёкі на грудзях у выглядзе чырвоных кропак, як быццам рэменем пераціснулі, — кажа Кацярына. — На адным з апошніх паседжаньняў судзьдзя ў мяне спытаў, у чым выяўлялася зьбіцьцё. Маўляў, калі палкай ударыць па сьпіне, то будзе бачна. Але гэта няпраўда. Можна так пабіць, што і сьлядоў не застанецца, — кажа жанчына.

Пасьля здарэньня Кацярына з дапамогай адваката зьвярнулася ў Сьледчы камітэт па факце зьбіцьця сына.

— Заяву мы пісалі вельмі акуратна, каб, ня дай бог, іх [сілавікоў] пачуцьцяў не закрануць і ні на кога не паказаць пальцам. Я проста хацела, каб яны разабраліся, — кажа суразмоўца.

Аднак канкрэтнага адказу зь ведамства Кацярына да гэтага часу не атрымала.

«Сэрцам спадзяваліся, што нешта зьменіцца»

Суд над трэцяй партыяй абвінавачаных у масавых беспарадках, у якую ўваходзіў Максім і яшчэ 12 фігурантаў, пачаўся 28 траўня. Паседжаньні неаднаразова пераносілі з прычыны хваробы абвінавачаных. Пазьней справы некаторых зь іх вынесьлі ў асобнае вядзеньне.

Фігуранты справы аб «масавых беспарадках» зьбіраюць рэчы ў СІЗА перад затрыманьнем, 19 ліпеня 2021

Нягледзячы на тое, што да поўнага завяршэньня суду заставалася ўсяго пару судовых пасяджэньняў, 19 ліпеня, праз замену народнага засядацеля, разгляд справы вырашылі пачаць нанава.

Да 19 ліпеня палову фігурантаў, у тым ліку Максіма, не зьмяшчалі ў ізалятар, яны заставаліся на волі (з падпіскай аб нявыезьдзе і пад паручальніцтвам). Аднак пракурор хадайнічаў аб узяцьці іх пад варту.

Дзяржаўнае абвінавачаньне матывавала гэта тым, што, паводле зьвестак ГУБАЗіК, фігуранты справы «ўступілі ў змову» з мэтай пакінуць тэрыторыю Беларусі і зьбіраліся зьехаць ва Ўкраіну.

Пачуўшы гэтую навіну ўжо ў перапынку паседжаньня, Кацярына ў сьпешцы сабрала сыну неабходныя рэчы ў СІЗА.

— Памятаю, як адна з адвакатаў сказала: «Я б нічога не зьбірала. Хай ім стане сорамна, што дзяцей забяруць бяз сумкі». Але, вядома, мы так не зрабілі.

Судзьдзя Каліна хадайніцтва пракурора задаволіў, фігурантаў затрымалі. Кацярына кажа, што з сакавіка маральна рыхтавала Максіма да суду і магчымага арышту. Тым ня менш прызнаецца, што раптоўнае заключэньне сына пад варту стала і для яе, і для самога хлопца шокам.

— Мазгамі мы выдатна разумелі, што будзе прысуд і што запытаныя пракурорам гады пазбаўленьня волі будуць ідэнтычныя агучаным судзьдзёй. Але сэрцам, вядома, яшчэ спадзяваліся, што, можа, з той прычыны, што ён непаўналетні, нешта зьменіцца.

«За што тут 3 гады калёніі?»

Кацярына лічыць, што яе сын невінаваты:

— Ягоныя дзеяньні відавочна не падыходзяць пад 293 артыкул. Яму ж прыпісалі гвалт над асобай, разьбіцьцё УАЗіка... Гэтага не было. Хоць мы і так, бацькоўскімі намаганьнямі, сплацілі ўсю шкоду. Наша сям’я — 300 рублёў. АУС, камунальная служба, аўтобусны парк адклікалі свае пазовы, таму што мы ўсё пагасілі. За што тут тры гады калёніі? — пытаецца Кацярына.

Асаблівую ўвагу жанчына зьвярнула на паказаньні сілавікоў у судзе:

— Яны казалі, што баяліся за сваё жыцьцё, бо ў іх бок гучалі пагрозы гвалту і ледзь не забойства. Хоць, заступаючы на службу, яны даюць прысягу, што цаной уласнага жыцьця будуць абараняць закон, дзяржаву і народ.

Напрыклад, адзін міліцыянт сказаў, што яму нанесьлі пабоі. Судзьдзя запытаў, у чым гэта выявілася. Сілавік адказаў, што камень трапіў у ягоны шчыт, а ад шчыта была аддача ў руку. Аказалася, што гэта пабоі.

«Кожны з бацькоў пойдзе на ўсё, каб вызваліць сваё дзіця»

14 жніўня Кацярына пабывала на першым спатканьні з сынам у Берасьцейскім ізалятары. На сустрэчы Максім паведаміў, што ў СІЗА яму павесілі дзьве біркі: жоўтую (за схільнасьць да экстрэмізму) і чырвоную (за схільнасьць да захопу закладнікаў). Праз гэта яго ўсюды водзяць у кайданках.

Раней Кацярына казала, што пры разглядзе справы судзьдзя адмовіўся прымаць да ўвагі добрую характарыстыку асуджаных. У выніку Максіма і астатніх фігурантаў ужо тады паставілі на ўлік.

Кацярына Марчук кажа, што сын ня падае духам:

— Я яму заўсёды ў лістах пішу ня вешаць нос. Што ніхто не павінен бачыць нашых сьлёз. Тым больш тыя, хто потым будзе адказваць за гэта. Прашу яго трымацца малайцом. Запэўніваю, што ўсё будзе добра.

На спатканьні, па словах Кацярыны, Максім таксама быў у бадзёрым настроі:

— Усьміхаўся, сьмяяўся. Спадзяецца на зьмякчэньне пакараньня за ўзорныя паводзіны. Сказаў нам падаваць дакумэнты на апэляцыю і пісаць прашэньне аб памілаваньні. Хоць я яшчэ ня вырашыла да канца, як паступіць. Але, мне здаецца, кожны з бацькоў пойдзе на ўсё, каб вызваліць сваё дзіця.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(15)