Скандалы
Франак Вячорка, Радыё Свабода

«Нішто так не псуе грошай, як інфляцыя»

За рэкляму сваіх паслуг на банкнотах Нацыянальнага банку Беларусі мянчук Альбэрт Акімаў згодна з рашэньнем суду Кастрычніцкага раёну сталіцы выплаціць 2,6 мільёна рублёў.

Суд вызначыў, што Альбэрт Акімаў разьмясьціў рэкляму фотапаслуг на банкнотах, хаця там было пазначана, што фатографа клічуць Аляксей. Рэкляма была зьмешчана на купюрах рознага наміналу на агульную суму 50 мільёнаў рублёў.

Міністэрства гандлю палічыла рэкляму неэтычнай. Паводле закону «Аб рэкляме», неэтычнай можа быць прызнана рэкляма, якая зьневажае дзяржаўныя сымбалі, афіцыйную грашовую адзінку Рэспублікі Беларусь або іншай дзяржавы, міжнароднай арганізацыі, а таксама рэлігійныя сымбалі.

Сам Акімаў сваёй віны не прызнаў і заявіў, што яго падставілі ці проста разыгралі. У інтэрвію Радыё Свабода фатограф заявіў, што зьбіраецца абскарджваць рашэньне суду, а грошы псуюць не рэклямныя штампы, а шалёная інфляцыя.

— Альбэрт, ці вы задаволеныя прысудам? Бо ўсё магло быць і горш, ці ня так?

— Не, не задаволены. Было бачна, што ў судзьдзі не было доказаў, не было чалавека, які заяўляў на мяне, не было тых грошай. Нумар, які казалі, быў ня мой, нават маё імя не супадае: там Аляксей, а мяне клічуць Альбэрт. Так можна любога чалавека пасадзіць.

— Будзеце плаціць штраф?

— Я буду абскарджваць рашэньне.

— На судзе вы адмаўлялі, што штампавалі купюры, а раней у інтэрнэце пацьвердзілі. Дык як было насамрэч?

— Я ўспрыняў гэта як жарт, шмат хто пісаў у прэсе, у сацыяльных сетках рабілі рэпосты, я ня думаў, што гэта сур’ёзна.

— Атрымліваецца, вас падставілі? А хто мог гэта зрабіць і зь якой мэтай?

— Я лічу што гэта альбо зайздросьнікі, якія ведаюць, што я добра здымаю відэа, альбо мае прыхільнікі.

— Дык вы не псавалі грошай?

— Не. Нішто так не псуе грошы, як шалёная інфляцыя.

— Добра, але рэкляма на грашах прынесла новых кліентаў?

— Не. Мае кліенты зьвяртаюцца да мяне выключна па рэкамэндацыях, і яны не паверылі ў гэта, больш было абурэньняў!

— Ці сочыце за палітычным жыцьцём? Чаго вам не хапае ў Беларусі?

— Свабоды слова не хапае. АНТ, што брала інтэрвію, палову маіх слоў павыразала. Паперка ў фаташопе для іх — галоўны доказ маёй віны.

— У 2010 годзе на тысячах банкнотаў зьявіліся заклікі «Байкот» і «Свабоду палітвязьням». Але тады нікога не прыцягнулі да адказнасьці, ці не знайшлі каго. Ці вы згодныя, што рэкляма на купюрах неэтычная?

— Галоўнае, каб яна працавала.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)