Рэжым люта ненавідзіць моцных людзей за іх пачуццё годнасці і самапавагі. За іх мужнасць, самаадданасць ідэі і прагу да волі. За іх веру ў вольную Беларусь.
«Самы вольны Чалавек!» Мікалаю Статкевічу – 68 гадоў. Пяты дзень нараджэння ён сустракае за кратамі
Палітвязня ўтрымоўваюць у рэжыме інкамунікада больш за 550 дзён.
Палітык Мікола Статкевіч быў затрыманы 31 траўня 2020 года па дарозе на Камароўскі рынак у Менску, дзе збіраўся наведаць перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. З таго часу ён знаходзіцца за кратамі.
Палітык Анатоль Лябедзька сёння піша: «Мы прыкладна ў адзін час прыйшлі ў беларускую палітыку. Супольна падпісывалі звароты у падтрымку Незалежнасці Беларусі. Разам арганізоўвалі Маршы Свабоды, напрыканцы, 90-ых, ладзілі антырасейскія і праеўрапейскія пікеты, мітынгі. Не аднойчы сядзелі ў адным пастарунку, а ў 2010-м у суседніх камерах «Амерыканкі».
Разам з тым, мне прыходзілася не раз і не два выходзіць на вуліцу з партрэтам Міколы, каб у чарговы раз сказаць – Свабоду Статкевічу! І сёння гэта маё галоўнае віншаванне!
Муры рухнуць, але ёсць моцнае жаданне каб Мікола, ды іншыя палітвязні, свой чарговы дзень народзінаў сустрэлі на волі, разам з тымі, хто іх любіць і чакае!»
Лідарка дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская кажа: «Чарговы дзень народзінаў – за кратамі. Я бы вельмі хацела, каб яго родныя нарэшце маглі па-сапраўднаму абняць і павіншаваць такога важнага і дарагога ім чалавека – мужа, бацьку, сябра і паплечніка – на волі.
Але другі год мы не чуем ніякіх навінаў пра Мікалая, а сам ён не атрымлівае лістоў са словамі любві і падтрымкі нават ад сям’і. Не атрымлівае самага галоўнага – чалавечага цяпла. Рэжым кінуў яго і яшчэ шэсць палітвязняў у рэжым інкамунікада, бо гэта помста.
Гэтае вострае адчуванне таго, як не хапае блізкіх побач, у такія дні робіцца яшчэ больш балючым і адчувальным. Упэўненая: нашыя думкі і падтрымку Мікалай адчувае нават за кратамі, бо ён заўсёды верыў у салідарнасць і еднасць. Ён ведае, што ад гэтых якасцяў беларусы не адмовяцца нават у самыя складаныя часы.
Я хачу пажадаць, каб наступныя народзіны Мікалай і ўсе нашыя палітзняволеныя сустракалі на волі, разам з роднымі і блізкімі. І толькі нашымі агульнымі намаганнямі мы можам ажыццявіць гэтае пажаданне».
Жонка палітвязня Марына Адамовіч піша: «У цябе сёння Дзень народзінаў. Ты самы вольны Чалавек! Твой палёт – высокі, твае крылы – моцныя. Ты вытрымаеш. Я – дачакаюся.
Я не прашу, сябры, каб вы дасылалі віншаванні, ён іх наўрад ці атрымае. Але я вельмі прашу малітвы тым Багам, якім вы моліцеся, каб вярнулі яго і ўсіх нашых хлопцаў і дзяўчат здаровымі і не зломленымі. І каб хутка.
Мікола Статкевіч. 1534 дні за кратамі. 550 дзён без звестак».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное