Политика
Валер Каліноўскі, «Радыё Свабода»

Нікога з Лукашэнкаў у Эўропу ня пусьцяць. Можа, толькі Колю

У сьпісе асоб, якія трапляюць пад візавыя санкцыі Эўразьвязу, ажно трое Лукашэнкаў: Аляксандар, Віктар і Дзьмітрый. І яшчэ 117 асоб, вінаватых у масавых рэпрэсіях супраць апазыцыі. Разам з тымі беларускімі чыноўнікамі, супраць каго санкцыі дзейнічалі з 2006 года, агульны сьпіс нежаданых у Эўропе асоб зь Беларусі складзе 158 асоб.

Як піша брусэльскае выданьне Euobserver, у сьпіс асоб, якім 31 студзеня Эўразьвязам будзе забароненая выдача віз, увойдзе памочнік прэзыдэнта Беларусі па нацыянальнай бясьпецы, сябра Савета бясьпекі і адначасова сын дзейнага кіраўніка дзяржавы Віктар Лукашэнка.

Іншы сын Лукашэнкі Дзьмітрый, які не зьяўляецца палітычнай фігурай, а працуе кіраўніком Прэзыдэнцкага спартыўнага клюба, таксама патрапіў у сьпіс непажаданых у Эўропе асоб.

Сярод 117 новых прозьвішчаў у сьпісе таксама Юры Жадобін (міністар абароны); Леанід Мальцаў (сакратар Савета бяспекі); Вадзім Зайцаў (старшыня КДБ), Уладзімер Макей (кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі); Рыгор Васілевіч (гэнэральны пракурор) і Уладзімер Андрэйчанка (кіраўнік ніжняй палаты парлямэнту).

Новы сьпіс таксама ўключае ў сябе 24 кіраўніка рэгіянальных і цэнтральных выбарчых камісій, 30 юрыстаў і 10 журналістаў,  афіцыйных “прапагандыстаў Лукашэнкі”.

Адновяцца ранейшыя візавыя санкцыі і супраць 41 чыноўніка, у тым ліку самога Аляксандра  Лукашэнкі, якія дзейнічалі з 2006 года і былі замарожаныя ў 2008 годзе.

Міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў і першы віцэ-прэм'ер Віктар Сямашка ня ўключаныя ў сьпіс. Мартынаў у сьпіс не ўваходзіць, бо  Эўразьвяз хоча захаваць хаця б адзін канал сувязі паміж Беларусьсю і Эўропай. Сямашку ж некаторыя ў Эўразьвязе успрымаюць як патэнцыйнага пераемніка Лукашэнкі, піша інтэрнэт-выданьне са спасылкай на дыпляматычныя крыніцы ў Брусэлі.

Канчатковае рашэньне павінна быць прынята ў панядзелак 31 студзеня ў Брусэлі міністрамі замежных спраў краін Эўразьвязу, якія яшчэ могуць удакладніць гэты сьпіс.

Міністры ў панядзелак таксама вырашаць, які тып эканамічных санкцый увесьці супраць афіцыйнага Менску. Магчымая забарона гандлю нафтапрадуктамі канцэрна "Белнафтахім" і ўгнаеньнямі "Беларуськалія” на тэрыторыі Эўразьвязу. Разглядаецца таксама магчымасьць блякаваньня дапамогі Беларусі з боку МВФ, Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку і Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця.

Крыніца ў Эўразьвязе адзначыла, што Брусэль чакаў больш за месяц, перш чым прымаць санкцыі, даючы Менску шанец вызваліць палітычных зьняволеных. Але гэтага не адбылося.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)