Общество

Сяргей Нікалюк, Новы час

Нікалюк: Чаго чакаць ад расколатага грамадства?

Нягледзячы на пастаянныя хваласпевы адзінству беларускага народа, галоўнай яго характарыстыкай быў і застаецца раскол.

Таму, хто хоча дакапацца да яго першапрычыны, не варта марнаваць час на пошук вінаватых, а тым больш на пошук знешніх і ўнутраных ворагаў, што зайздросцяць поспехам рэспублікі-партызанкі.

На побытавым узроўні раскол лёгка выявіць у адносінах да Аляксандра Лукашэнкі. У 1994 годзе ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў, паводле інфармацыі ЦВК, за яго прагаласавалі 44,82% выбаршчыкаў.

Але разам з сацыяльна блізкімі кандыдатамі (Вячаслаў Кебіч, Аляксандр Дубко і Васіль Новікаў) доля прасавецкіх беларусаў у той лёсавызначальны год склала 72% пры яўцы 78,97%. Нацыянальна-дэмакратычных кандыдатаў (Зянон Пазьняк і Станіслаў Шушкевіч) падтрымалі 22,73% выбарцаў.

Вось такая электаральная рэальнасць ва ўмовах адносна дэмакратычных выбараў. За чвэрць стагоддзя яна, безумоўна, змянілася, аднак не прынцыпова.

Як і належыць аўтарытарнаму лідару, Аляксандр Лукашэнка абапіраецца на сацыяльную перыферыю — гэта значыць, на тых, чый матэрыяльны дабрабыт наўпрост залежыць ад шчадротаў дзяржавы.

У першую чаргу, гэта бюджэтнікі, сярод якіх сілавікі — значная, але далёка не адзіная прафесійная групоўка, якая забяспечвае нязменнасць улады.

Не зграшу супраць ісціны, але ўнёсак настаўнікаў будзе больш істотным. І справа не ў тым, што з настаўнікаў фарміруюцца ўчастковыя выбарчыя камісіі.

У адрозненне ад «публічнай» эліты, чые прадстаўнікі звяртаюцца да грамадства як да гледачоў, настаўнікі ў любым грамадстве складаюць аснову «сацыяльнай» эліты, асноўная функцыя якой палягае ў перадачы ўзораў паводзін (быць прыкладам).

Прычыну расколу беларускага грамадства, зафіксаванага ЦВК у 1994 годзе, варта шукаць не ў палітыцы, а ў культуры. Культура «большасці» — гэта культура падданства з яго арыентацыяй на вяршэнства дзяржавы над асобай, патэрналісцкую апеку над ёй. Адпаведна, культура «меншасці» — гэта пакуль яшчэ толькі культура грамадзянства з яе ўстаноўкай на прыярытэт асобы ў адносінах да дзяржавы.

Цалкам артыкул чытайце тут

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(18)