Общество
Алесь Сівы, «Народная воля», фота www.kurjer.info

«Нiгерыйскi футбалiст працуе рыдлёўкай лепш, чым салiгорскiя алкаголiкi...»

Нiгерыйскi футбалiст Франк Нера Чынонiе Абанзукве не знайшоў сабе прыстанiшча ў беларускiм футбольным клубе i зараз працуе ў салiгорскiм СУ-149.

"Для многiх жыхароў Салiгорска з'яўленне цёмнаскурага рабочага сярод будаўнiкоў, якiя працуюць на добраўпарадкаваннi вулiц, выклiкае вялiкую цiкавасць — няўжо нашы заробкi так узраслi, што да нас едуць працаваць аж з далёкай Афрыкi, — распавядае мне салiгорскi калега з газеты "Кур'ер" Уладзiмiр Амяльчэня. — Франк Нера дрэнна гаворыць па-руску, але ўсё ж такi змог растлумачыць мне, што ён — футбалiст з Нiгерыi. Зараз у яго вымушаны прастой, а таму i знайшоў пакуль такую часовую працу".

Як удалося высветлiць карэспандэнту "Народнай волi", Франк Нера працуе ў салiгорскiм СУ-149. У аддзеле кадраў мне распавядаюць, што нiгерыец i на самай справе працуе ў iх з сакавiка. Але пра тое, што ён павiнен быў гуляць за мясцовы футбольны клуб "Шахцёр", не чулi.

— Расказвалi, што ён павiнен быў працаўладкавацца ў нейкi мiнскi футбольны клуб, але нешта там не атрымалася, — расказвае супрацоўнiца аддзела кадраў СУ-149 г.Салiгорска. — З 10 сакавiка стаў працаваць у нас дарожным рабочым. Плiтку ўкладваць пакуль яму не давяраем, але з рыдлёўкай спраўляецца нармальна. Падае раствор, перамешвае пясок…

— Зарплатай "легiянер" задаволены?

— У нас ва ўсiх розныя заробкi, але, як мне падаецца, недзе каля мiльёна мае. На такую работу iсцi асаблiва не iмкнуцца, бо працаваць трэба з сямi ранку i да сямi вечара.

— А як ён разумее, што яму кажуць, калi нiгерыец амаль не ведае мовы?

— У асноўным — праз яго жонку, якая сама з Салiгорска. Нейкiм чынам афрыканец пазнаёмiўся з ёй у Горках ды i пажанiлiся.

У нас тут у Салiгорску на яго ўжо, як на нейкi цуд ходзяць глядзець. Хоць што тут глядзець?! Нiгерыйскi футбалiст працуе рыдлёўкай лепш, чым нашы салiгорскiя алкаголiкi, якiя збягаюць з працы ўжо праз тыдзень пасля працаўладкавання. Для такой работы не патрэбна нейкая спецыяльнасць. Патрэбны працавiтасць i сумленне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)