Общество
Сямён Печанко

«Нічога, будзе і ў нас вясна»

З выпадкова падслуханага і падгледжанага.

Гісторыя пра пенсіянера-хірурга з Бярозаўшчыны, вымушанага працаваць. Пенсія ў яго каля 230 рублёў («каторая медсястра большую пенсію мае»).

— Жонцы кажу: як памру — далёка ад маёй магілы не адыходзься, бо ўсё адно на сваю пенсію ў 180 рублёў надта доўга не працягнеш.

***

— Ну, са святамі вас! — развітваецца з гандлярамі на рынку пенсіянерка.

— А што ж за святы?

— Як што за святы? Першамай! А пасля і 9 мая будзе, — з лёгкім папрокам у голасе патлумачыла жанчына і пайшла.

— Так, раней і на 1 мая на вуліцу як на свята ішлі, і на 9-е. Некаторыя і дзень радые маглі адзначыць. А цяпер галоўныя святы — Вялікдзень і Новы год, Раство, — нібы апраўдваючыся, патлумачыў рэшце пакупнікоў адзін з прадаўцоў.

***

З падслуханага на Карэліччыне:

— У людзей зарплаты парэзалі — як канцы з канцамі стачыць. Работы няма, бойся піскнуць, каб не звольнілі. Але вось што дзіўна: магазіны растуць, як грыбы пасля дажджу. Як на здзек: магазінаў шмат, а купляць няма за што.

***

— Брат, выручай, на лекарства нада… — канючыць нявызначанага ўзросту мужык каля заслаўскай аптэкі.

Што за лекі яму трэба, здагадацца нескладана: проста ля ўваходу з неадрослай пасля зімы травы свецяцца этыкеткамі «баярышнікі» і «валакардзіны».

Ці не таму статыстыка фіксуе скарачэнне ўжывання чыстага спірту на душу насельніцтва, што з-за дарагавізны і нізкіх заробкаў многія беларусы перайшлі на танныя «лекі»?

***

У электрычцы пенсіянеркі завялі размову:

— Вясна сёлета халодная, нічога не вырасце. Тыя гады дык ужо вішні з яблынямі цвет давалі, а цяпер няма нічога і ці будзе, — кажа адна з жанчын.

Другая ўважліва слухае суседку і кажа:

— Дык прэзідэнт казаў, што трыццаць працэнтаў азімых загінула! Што тыя вішні? Каб тут без хлеба не застацца.

— Нічога, будзе і ў нас вясна, — не здаецца першая.

Падслуханае ў мінулы раз:

Пенсіянер: «Расія ў канец абнаглела. А яшчэ кажуць, што браты!»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)