Общество
Сямён Печанко, «Наша Ніва», фота bymedia.net

«Ні кароваў, ні свіней, ні нават бульбы. Натуральная гаспадарка дажывае апошнія гады»

Колькі гадоў таму малако ў вясковай краме ўспрымалася як выклік існаму ладу жыцця. Сёння ж тут можна набыць не толькі малако, але і смятану, і тварог, і нават ёгурты з глазураванымі сыркамі. Вяскоўцы тым часам пазбаўляюцца сваіх «рагуль».

Пяць гадоў таму, прыйшоўшы з войска, я пабачыў у нашай вясковай краме малако ў цэлафанавых пакунках. Выглядала гэта дзіўнавата, калі ўлічыць, што карову трымаў ці не кожны трэці, а нехта меў і не па адной. Людзі тады паставіліся да гэтага па-рознаму, але большасць не разумела, навошта гэта трэба. Цяпер пастэрызаваным малаком у самай рознай тары ў вёсцы нікога не ўразіш. Ці не штодня завозяць марожанае, а раней жа гэта было як свята, чаргу па яго адстойвалі. Стала жывучы ў горадзе, у часе нячастых наездаў на малую радзіму гэтаму амаль не надаеш увагі — што ж тут такога, што ў краме прадаецца малако ці тыя ж ёгурты. І ўжо потым з размовы з блізкімі даведваешся, што кароваў у вёсцы з кожным годам застаецца ўсё менш. «Раней адна толькі вуліца трымала каля трыццаці кароваў, цяпер тры суседнія вёскі разам узятыя маюць гэтулькі ж», — кажуць землякі.

Пакуль былі моцныя нашыя старыя ды бацькі, кароваў трымалі не задумваючыся. Дый як жа інакш — свае малако, масла, тварог. Акрамя таго, малако здавалі, атрымліваючы за гэта хай невялікую, але хоць нейкую капейчыну. Не зважалі на цяжкасці, а справа гэтая і сапраўды нялёгкая — чаго варта аднаго сена нарыхтаваць, а штодзённы догляд, а радоўка…

Свіная валюта

«Вялікую гаспадарку з каровай, свіннямі, а то і з бычком на продаж сёння трымаюць тыя, каму за трыццаць, хто ўжо пасталеў ці ў каго бацькі яшчэ ў сіле. Зусім маладыя сем’і, асабліва каторыя па аграгарадках пасяліліся, добра калі курэй завядуць», — кажа прадпрымальнік Мікола з Карэліччыны. Ён займаецца перапродажам мяса — купляе ў вяскоўцаў свіней ды возіць у сталіцу на адзін з рынкаў. Яго бізнэс змены ў вясковым жыцці не кранулі, і свой прыбытак ён будзе гарантавана мець, прынамсі, пакуль заробкі ў большасці вяскоўцаў будуць невысокімі. «Свіней часцей гадуюць на продаж, бо заробкі малыя, а дзяцей у школу апранаць трэба за нешта, ды ці мала на што грошы могуць спатрэбіцца», — тлумачыць Мікола.

Справа гэтая выгадная далёка не кожнаму: не маючы доступу да таннейшых кармоў, свінагадоўляй лепей не займацца, бо мяса тое будзе «залатым». Таму бізнэс прадпрымальніка трымаецца ў асноўным на тых, хто працуе ў СВК. Старыя людзі, па яго словах, свіней амаль не гадуюць — здае пазіцыі старое пакаленне.

Старыя не могуць, маладыя не хочуць

«Гадоў дзесяць таму ў нашай вёсцы на паўтысячы двароў было сто кароваў, сёння засталося каля трыццаці», — апавядае Зоя Пятроўна, жыхарка адной з вёсак на Драгічыншчыне. Моладзь з’язджае ў горад — хто ў вобласць, хто ў райцэнтр. Застаюцца толькі тыя, хто не здолеў паступіць на вучобу ці не ўтрымаўся ў горадзе. Большасць з гэтых маладых людзей — і тыя, што аселі ў горадзе, і тыя, хто застаўся, — не трымаюцца старых звычак, бо «навошта, калі ўсё ў краме купіць можна», да ўсяго, многія любяць выпіць. Калі ж хто і мае карову, то малака таго амаль не бачыць — які літр‑два пакідаюць дзецям, астатняе — на продаж. Старыя ж проста ўжо не маюць больш сілаў ні карову трымаць, ні нават свінчо якое. Часта гаспадарка ў пенсіянераў — невялікі агарод, кот, сабака ды колькі курэй з пеўнем. А малако і сапраўды ў краме набыць можна. Свіней людзі трымаюць, але ізноў жа тыя, хто працуе пры танным корме. Эканамічная мэтазгоднасць пакрысе перамагае натуральную гаспадарку.

«Такое ўражанне, што людзі проста лянуюцца»

Ганна, чые бацькі на Капыльшчыне маюць каля гектару зямлі, лічыць, што ў людзей змянілася стаўленне да працы на зямлі. «Такое ўражанне, што людзі проста лянуюцца», — кажа яна. У іх вёсцы статак таксама імкліва скарачаецца: «Пяць-шэсць гадоў таму на нашай вуліцы трымалі каля сямі дзесяткаў галоваў, сёлета засталося каля трыццаці кароваў». Раней была праблема нарыхтаваць корму, асабліва з сенам цяжка было, але людзі ўсё адно трымалі быдла. Летам на кароўку працавала ўся сям’я — з вучобы прыязджалі дзеці. Потым увесь год яны вазілі з сабой у горад малако, тварог і сыр са смятанай. Дзеля гэтага, а таксама для здачы малака, і трымалі «зорак». І цяпер дзеці не перасталі вучыцца ў горадзе, і заробкі ў большасці не выраслі, але вось кароваў застаецца ўсё менш. А ахвотных іх трымаць, хоць бы і таму, што з кормам стала прасцей, не большае. У капыльскіх вёсках год ад году большае прыбышоў, якія прывозяць з сабой свае завядзёнкі. Вяртаюцца з прамысловых гарадоў на пенсію землякі, якія спачатку з энтузіязмам бяруцца гаспадарыць, але імпэт хутка знікае, і набытыя ў горадзе звычкі бяруць сваё.

Старое пакаленне, як і паўсюль, адыходзіць, маладых жа не прывабіш сумнеўным заробкам ад малака (літр прыносіць каля 600 рублёў), якое насамрэч мае немалую цану.

Хто мае здароўе ды ахвочых да працы дзяцей, гадуе свіней ды бычкоў на здачу, бо на вясковы заробак не пражывеш. Моцныя гаспадары, а такіх усё меней, урабляюць зямлю з дапамогай тэхнікі.

Расчараваныя ў бульбе

Па вёсках усё яшчэ ездзяць госці з Усходу, якія з восені да вясны купляюць у людзей бульбу. Але ахвочых зарабляць на «другім хлебе» робіцца ўсё меней — усё тая ж эканамічная мэтазгоднасць. Закупная цана гадамі не змяняецца, а працы не менш, чым з каровай. Трэба захаваць да вясны дастаткова насенкі, пасадзіць, абрабіць, выбраць і, нарэшце, бульба павінная спадабацца перакупніку — каб і вялікая была, і не пархатая. А калі палічыць, у якую капейчыну вылеціць той ураджай (бо калгасу за ўсё трэба заплаціць — ад пасадкі да хімічнай апрацоўкі), то робіцца зразумела, што ў найлепшым выпадку такая праца цягне на кароткатэрміновае ўкладанне грошай. Не ў кожнага на гэта ёсць час і здароўе.

Бульбы ж можна купіць у больш моцнага суседа ці ў тым жа СВК. Большасць цяпер гадуе бульбу толькі сабе. Зарабляюць з зямлі больш моцныя і мэтаскіраваныя. Гэтыя гаспадары, магчыма, і складуць некалі тую аптымальнаю па колькасці праслойку вольных хлебаробаў, здольных накарміць сябе ды іншых.

Вёска няўхільна змяняецца — старое пакаленне адыходзіць, маладыя жадаюць жыць па новых правілах. Цяжка прымусіць сябе ўставаць а пятай раніцы дзеля кубка малака, калі тое малако прадаюць у краме.

Колькасць прыватнага статку ў межах краіны скарачаецца гіганцкімі тэмпамі — на 50 тысяч галоваў за год. Такія лічбы агучыў год таму былы ўжо міністр сельскай гаспадаркі Леанід Русак, які развітаўся з пасадай разгромным артыкулам у галоўнай аграрнай газеце. У ім чыноўнік казаў пра непазбежнасць ды натуральнасць такіх працэсаў: нам і не трэба столькі «рагуляў», а вось даглядаць іх мусім паводле сучасных методык. І тут сваё слова могуць сказаць у тым ліку і фермеры, якім усяго толькі не трэба перашкаджаць працаваць. Натуральная гаспадарка сваё аджыла, і мы ў гэтым не арыгінальныя.