Невядомы графiцiст, Дашкевіч, Абакунчык, кампанія ў абарону «Асмалоўкi»…
У Менску прайшла восьмая цырымонія ўручэння прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці».

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў адзначыла найбольш выбітныя і яскравыя падзеі ў грамадзкім сэктары за бягучы год.
Адкрываючы цырымонію, старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч адзначыў, што прэмія «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці» – гэта прызнанне калегаў па сэктары: «Мы спадзяемся, што яна дае штуршок новым ініцыятывам, якія пашыраюць у Беларусі прастору дэмакратыі і нацыянальнага адраджэння».

У намінацыі «Грамадзкі лідэр году» перамог Зміцер Дашкевіч, які цягам 2016 году ініцыяваў збор подпісаў за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу гістарычнай каштоўнасці, знішчыў «3,5 кв.м урадлівага слою глебы» на беларуска-расейскай мяжы, пратэставаў супраць адкрыцця графіці «Масква-Менск» і ўсталявання помніку Леніну.
Прэмію ў намінацыі «Новая ініцыятыва» атрымала ўстанова «Human Constanta», якая запомніліся грамадзтву дзеяннямі ў абарону правоў уцекачоў і мігрантаў у Берасьці.
Журы прэміі, у якую сёлета ўвайшло 116 чалавек, у намінацыі «Крэатыў году» адзначыла невядомага мастака, які дамаляваў калючы дрот на прапагандысцкім графіці «Менск-Масква».
Рэгіянальнай падзеяй назвалі кампанію ў абарону гісторыка-культурнага раёну Менску «Асмалоўка». Тутэйшыя жыхары ўжо некалькі гадоў змагаюцца за захаванне гэтага кутку сталіцы.
У намінацыі «Партнэрства году» журы адзначыла плятформу Talaka.by. На гэтай некамэрцыйнай пляцоўцы актыўныя людзі знаходзяць каманду, памочнікаў і фінансы для рэалізацыі сваіх ідэяў. Найбольшай падтрымкай на плятформе карыстаюцца ідэі ў сфэры разьвіцця беларускай мовы і культуры. Статуэтку і дыплём на цырымоніі атрымалі крэатыўны дырэктар Talaka.by Іван Вядзенін і Юлія Бабруйская.
«Мэдыяактыўнасьцю году» быў названы анлайн-часопіс «Имена», які дае магчымасць ня толькі даведацца пра гісторыі, лёсы і ўчынкі беларусаў, а таксама ствараць і падтрымліваць важныя для грамадзтва праекты. Рэдактарка анлайн-часопісу Кацярына Сінюк не змагла прыйсці на цырымонію, але даслала вітальны ліст, у якім адзначыла: «Наш праект стаў магчымым толькі дзякуючы людзям. Рэдакцыя часопісу «Имена» дзякуе кожнаму, хто аддаў свой голас за нас».
Антыпрэміяй «Гарбуз» году адзначылі супрацоўнікаў ГУУС Менгарвыканкаму, якія сёлета жорстка затрымалі ўдзельнікаў негвалтоўнай акцыі раварыстаў «Крытычная маса».
За найбольш грунтоўнае і рознабаковае асьвятленьне актуальных для няўрадавага сэктару тэмаў у намінацыі «Мэдыя/журналіст году» прыз атрымала Галіна Абакунчык з Радыё Свабода – аўтарка 98 матэрыялаў пра грамадзянскую супольнасць, яе ініцыятывы і пераслед у 2016 годзе.
Кампаніяй году была прызнаная кампанія па зборы подпісаў за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, #нашсцяг.
Прэмія «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці» адзначае найбольш значныя і яскравыя падзеі ў жыцьці трэцяга сэктару. 23 снежня 2009 году ўпершыню адбылася нефармальная цырымонія ўзнагароджання найбольш выбітных грамадзкіх ініцыятываў ды кампаніяў. Прэмія заснаваная Асамблеяй НДА.
Пераможцаў абірае журы (сёлета – 116 чалавек), у якое ўваходзяць сябры Рабочай групы Асамблеі, грамадзкія лідэры і экспэрты, пераможцы прэміі мінулых гадоў, журналісты.
Читайте еще
Избранное