Политика
Анастасія Зелянкова

Невядома, ці пакінуў Артэм межы Беларусі

Сёння з Беларусі павінен быць дэпартаваны грамадзянін Украіны Артэм Чысцікаў. Трое сутак 17-гадовы ўкраінец знаходзіўся на Акрэсціна ў спецпрыёмніку-размеркавальніку для непаўнагадовых пасля таго, як 5 чэрвеня быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі за ўдзел у пікеце супраць дэпартацыі замежных грамадзян.

Паводле афіцыйнай версіі, прычына, па якой Артэм Чысцікаў быў заключаны пад варту, — парушэнне ім правілаў знаходжання замежных грамадзян у краіне.

Для Артэма — гэта ўжо другая дэпартацыя з Беларусі. Першы раз ён вымушаны быў пакінуць яе тэрыторыю пасля падзеяў 24 сакавіка, калі ўлады разграмілі намётавае мястэчка, адным з жыхароў якога з’яўляўся і Артэм. Тады ўкраінец быў арыштаваны і разам з іншымі замежнымі грамядзянамі дэпартаваны з Беларусі. Гэтым разам Артэм Чысцікаў прыехаў у нашу краіну, каб выказаць свой пратэст супраць дзеянняў беларускіх уладаў. Вынікам стала рашэнне аб чарговай дэпартацыі.

Толькі на трэці дзень знаходжання ўкраінца пад вартай ягоным сябрам з Беларусі дазволілі перадаць яму неабходныя рэчы.

— Нам сказалі, што прымаюць перадачы толькі ад сваякоў, — кажа сяброўка Артэма па намётавым мястэчку Крысціна Шацікава. — Мы ўсё ж неяк дамовіліся з дзяжурным, каб той перагаварыў з начальствам і нам дазволілі пакінуць для Артэма перадачу. Учора яе нарэшце ўзялі, але адны толькі рэчы асабістай гігіены — сказалі, што ў прадуктах харчавання там няма патрэбы.

Пакуль невядома, ці пакінуў Артэм Чысцікаў межы Беларусі. Сам ён пакуль не адказвае на званкі на ягоны мабільны тэлефон, а ў консульстве Украіны адмаўляюцца каментаваць гэтую сітуацыю.

Паводле беларускага заканадаўства, непаўнагадовы замежны грамадзянін не можа ўтрымлівацца пад вартай больш трох сутак.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)