Общество

Неверагодная бабуля з балкона: «А ўлада гэтая, забойцы ўсе, злачынцы, скончацца. Хутка ім будзе канец»

Жанчына, якая малілася за людзей на нядзельным маршы, перадае пратэстоўцам словы падзякі, пiша Наша Нiва.

Эмацыйную бабулю, якая падчас маршу 27 верасня са свайго магічнага балкона на праспекце Незалежнасці вітала і падтрымлівала жэстамі пратэстоўцаў, запомнілі многія. Чуллівае відэа, дзе натоўп хорам крычыць ёй «Дзякуй» хутка разышлося па сацсетках.

Як пазней высветліцца — жанчына баіцца камунікаваць з незнаёмцамі, асабліва ў гэты час. Акрамя таго, пакуль пенсіянерка дрэнна сябе адчувае: апошнія дні супрацоўнікі хуткай дапамогі былі частымі гасцямі ў яе дома.

Але журналiсты на ўсякі выпадак пакінулі у дзвярах запіску з нумарам для зваротнай сувязі, і Ніна Аляксееўна — менавіта так завуць гэтую 84-гадовую бабулю — знайшла ў сабе фізічныя сілы, каб перадаць беларусам словы падтрымкі.

Публікуем яе маналог, якім яна захацела падзяліцца:

«Беларусы! Я вас вельмі люблю і ганаруся вамі. Я памятаю 1994 год і шэсці БНФ, і ўсё, што адбывалася тут са Змітром Завадскім і Паўлам Шараметам. Я сама збірала подпісы ў падтрымку добрых людзей… Але як жа змянілася Беларусь цяпер у лепшы бок! Якія ўсе салідарныя і прыгожыя. Як адно аднаму дапамагаюць. Я выйшла на балкон у нядзелю, каб памаліцца за ўсіх вас: было свята, Узвіжанне Святога Крыжа, а я чалавек веруючы. Малілася за тых, хто ідзе наперад і не баіцца. Я крычала богу: «Выратуй нашых прыгожых беларусаў!»

На тым тыдні двух студэнтаў запусціла да сябе, пратрымала крыху ў кватэры, каб яны схаваліся. Таму што па дварах людзі ў чорных касцюмах, свалата, адлаўлівалі гэтую моладзь.

А колькі было збітых пасля выбараў! Ëн пасля раскажа, што гэта ўсё фарбай намалявалі, сінякі гэтыя. Але я як былы доктар ведаю, якія дыягназы медыкі ставілі збітым. І людзі пасля гэтага ўсё роўна не баяцца, выходзяць і ведаюць, дзеля чаго. Вы такія смелыя!

Асабліва хочацца падзякаваць дзяўчатам. Вы ўсе мае, беларусачкі, якія не баяцца. Я вас люблю матчынай любоўю. А ўлада гэтая, забойцы ўсе, злачынцы, скончацца, вось убачыце. Хутка ім будзе канец. Святыя нам дапамогуць у нашай справе».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(75)