Коктейль
Юля Ружачка

Neuro Dubel — па-за канкурэнцыяй!

29 лютага каранавалі самых бачных прадстаўнікоў айчыннай рок-сцэны. З кім спрабаваў спець дуэтам Аляксандр Кулінковіч, чаму N.R.M. ладзіць развітальны канцэрт і з якой прычыны разгубілася Вольга Самусік— пра гэта і шмат што іншае ў рэпартажы “Салідарнасці” з “Рок-Каранацыі 2007”.

Каранацыя суправаджалася яшчэ і своеасаблівым карнавалам. Вядучыя Аляксандр Памідораў і Маша Яр пераапраналіся ледзь не пасля кожнай намінацыі, пэўна, каб больш адпавядаць стылю наступных выступоўцаў. На сцэне стваралася свойская атмасфера, як у той песні: “Усе сябры, усе свае”. Вядучыя па-сяброўску віталіся з музыкамі. А N.R.M. запрашалі гледачоў на свой развітальны канцэрт 12 сакавіка ў "R-CLUB" (Сурганава, 26).

— Дакладней, не з намі развітальны, а з зімой, — папярэдзіў хвалю абурэння Лявон Вольскі.

Вузкакольнасці і сямейнасці дадало мерапрыемству і выкананне песні “Мама, тата, гэта я”. Апрача музыкаў N.R.M. на сцэну выйшлі і іх дзеці.

Не абыйшлося і без нечаканасцей. Кожны гурт выконваў дзве песні (выключэннем у канцы сталі галоўныя “каралі”). Аднак, калі пасля выступу “Палаца” на сцэну ўжо выйшлі вядучыя, Алег Хаменка папрасіў сыграць яшчэ адну песню. Аляксандр Памідораў уздыхнуў і кінуў залі: “Ну, гэта яны зараз надоўга”.

Але як можна было яму адмовіць? Тым больш, што тая самая трэцяя песня, якой апынулася “Кола грукатала”, прагучала нават на адборачным туры беларускага “Еўрафэста”. Пра намер выканаць яе на “Рок-каранацыі” Хаменка заявіў яшчэ раней, падчас свайго выступу на прэзентацыі кнігі “222 альбомы беларускага року і не толькі”.

Узнагароду спадар Хаменка ўручаў у намінацыі “Традыцыі і сучаснасць”. Гурт Osimira падкрэсліў пераемнасць пакаленняў музыкаў: “Дзякуй, тату”...

Апынулася, што пра некаторыя намінацыі патэнцыяльныя каралі і каралевы не ведалі наогул... Напрыклад, сёлетняя рок-князёўна Вольга Самусік на сцэне разгубілася і сказала, што гэтая карона стала для яе сапраўдным сюрпрызам. Пра існаванне ўзнагароды падобнага роду ў межах Каранацыі-2007, яна не ведала.

А падчас свайго выступу Вольга не саромелася заігрываць з публікай і літаральна падымаць яе з месца.

— Як вы думаеце, хто атрымае галоўную Рок-карону? — пыталася яна ў залі. — Ляпісы? Neuro Dubel?

— Neuro Dubel! — скандавалі гледачы. Князёўна іх адказам засталася задаволеная.

Гурт Крама сёлета прэтэндаваў на карону ў дзвюх намінацыях: альбом году і песня году (“Стэфка. Праз 20 год”)

Крыўдна, што некаторыя намінанты і нават пераможцы на каранацыю не трапілі: некаторыя ў гэты час наогул знаходзіліся па-за межамі гораду (цікава, як бы апраўдалі такі стан рэчаў арганізатары, калі б галоўную карону ўсё ж атрымаў адсутны на цырымоніі “Ляпіс”...), некаторых нават не запрасілі, як яны самі паведамлялі раней у інтэрв’ю “Еўрарадыё”... “Рок-Каранацыя 2007” утрымалася на энтузіязме музыкаў і вядучых. Беларускага аналага “Грэмі” не атрымалася, нягледзячы на гордае сцвярджэнне, змешчанае на сайце арганізатараў: “ЕЖЕГОДНАЯ ЦЕРЕМОНИЯ НАГРАЖДЕНИЯ РОК-КОРОНАЦИЯ — своего рода «аналог церемонии «Грэмми», проводимой Национальной академией музыкальных искусств США».

Як на сапраўднай каранацыі хапала і проста цікаўных, і тых, хто завітаў сябе паказаць і на іншых зірнуць, і шчырых прыхільнікаў. І калі ўлічваць, што галоўным для караля мусіць быць народнае прызнанне — інтрыгі не было. Заля ўпарта скандавала: “Neuro Dubel!”

Літаральна некалькі месяцаў таму будучыя каралі не мелі магчымасці нават правесці прэзентацыю новага альбома, а зараз — канцэртная заля, моцная ахова, адданыя фанаты розных узростаў. Аляксандра Кулінковіча цягнула бліжэй да народа, да дыялогу (ці дуэту) са слухачамі. Спусціўшыся са сцэны ён уручыў мікрафон жанчыне, якая танчыла акурат насупраць. Тая разгубілася і толькі паціснула плячыма ды працягвала танчыць з мікрафонам у руцэ. Кулінковіч пакачаў галавой, відаць, засмуціўся, а жанчына спрабавала аддаць мікрафон у больш надзейныя рукі, то бок вярнуць яго назад.

Сапраўдным каралям можна ўсё. І скокаць у залю, і на сабе паказваць, што значыцца “застаўся толькі гузік”.

Яшчэ фота і спіс пераможцаў тут

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)