Общество
Марына Коктыш, «Народная воля»

Нестандартная гісторыя кахання

Яна ведае, як пазбавіцца ад лішніх кілаграмаў максімум за пару тыдняў. Аднак такой дыеты не пажадаеш і ворагу, бо яе галоўная спецыя — стрэс. Калі ўвесь час на нервах, нават смачная ежа не лезе ў рот. Праўда, мы сустрэліся не для таго, каб абмеркаваць дыеты.

Наста Палажанка хацела праз газету перадаць прывітанне ў калонію Зміцеру Дашкевічу і настройвалася на сур’ёзную гутарку. Але неяк сама сабой атрымалася шчырая размова пра каханне, якая расцягнулая на некалькі гадзін... Дарэчы, Наста вельмі рана зразумела пра адносіны мужчыны і жанчыны тое, чаго некаторыя не могуць уцяміць да глыбокай старасці.

Пацалункі на паперы

— Распавядзіце, калі ласка, як вы пазнаёміліся са Зміцерам Дашкевічам?

— Калі прыйшла ў “Малады фронт” (зарэгістраваны ў Чэхіі), ён якраз адбываў адміністрацыйнае пакаранне. Я разам з усімі сустракала яго з Акрэсціна. Дарэчы, як тады сустракалі зняволеных і цяпер — канешне, непараўнальныя рэчы. Ля сцен ізалятара стаялі дзясяткі людзей з кветкамі і шампанскім, ледзь не канцэрт ладзілі! А сёння добра, калі прыйдзе некалькі паплечнікаў. Таму раней і не так часта суткамі каралі, я пераканана ў гэтым.

Зміцер тады да кожнага падышоў, павітаўся, сказаў некалькі словаў. І я здзівілася, што такія прыемныя людзі трапляюць за краты... Такой была наша першая сустрэча.

— Пра каханне тады, ясная справа, і думкі не было?

— Так. Мы сябравалі, працавалі разам. У нас дастаткова вялікая розніца ва ўзросце — девяць год, але пры гэтым я фактычна заўжды была побач.

— А калі зразумелі, што вашы пачуцці да яго больш чым сяброўскія?

— Разуменне прыйшло з часам. Калі Дашкевіча першы раз адправілі ў калонію на паўтара года, я адчула, што гэтага чалавека мне вельмі моцна не хапае побач. Гэта быў першы знак, што паплечніцкае стаўленне скончылася. Але ў 2008 годзе ў мяне на першым плане была вучоба, “Малады фронт”... А пасля апошняга зняволення, калі ўжо і я трапіла за краты, усё стала зразумела. Турма расставіла кропкі над “і”.

Дарэчы, мая першая размова з аператыўнікамі ў СІЗА КДБ пачалася менавіта з Дашкевіча. Яны сказалі, што наведвалі Зміцера ў Жодзінскім ізалятары. Распавядалі і глядзелі, як я рэагую...

І мне, і яму тады было няпроста. Зміцер вельмі перажываў. Ягоныя лісты не даходзілі, і ён пачаў пісаць мне дахаты, спадзеючыся, што рана ці позна я іх атрымаю. Прачытала ягоныя пасланні ў першую ноч пасля СІЗА.

— Атрымліваецца такі рэвалюцыйна-патрыятычны раман. А як жа рамантыка і ўсё такое?

— Так, гэта не стандартная гісторыя кахання. Проста, калі чалавек заўсёды побач, ты нават не ўсведамляеш, што ён даўно стаў часткай цябе самой.

— Колькі разоў вы бачыліся за апошні год?

— Толькі падчас судовага працэсу і ў красавіку мінулага года, калі было развітанне з ягонай маці. Нам не далі ніводнага спаткання — ні кароткага, ні доўгага. Хаця па законе можна. Відаць, баяліся нечага... Я магу з ім толькі ліставацца.

— Перадаяце яму пацалункі губной памадай на паперы?

— Абавязкова! А Зміцер у сваіх лістах частуе мяне цукеркамі, дасылаючы фанцікі ад салодкага, якое з’еў сам. Мне гэта прыемна. Зміцер — маё вялікае натхненне, і, нават знаходзячыся ў турме, ён дае мне сілы, клапоціцца пра мяне. Кантралюе, як я вучуся, што ў мяне са здароўем...

— Калі б вас папрасілі трыма словамі ахарактарызаваць свайго каханага, якія б выбралі?

— Мужны, мудры, прынцыповы. У дачыненні да мяне ён яшчэ добры і пяшчотны, але гэта ўжо больш за тры эпітэты...

Каханне па знаках прыпынку

— Вы збіраліся пабрацца шлюбам у калоніі. Ад каго сыходзіла прапанова?

— Ад Зміцера, канешне. Я атрымала прапанову рукі і сэрца перад Вялікаднем. І чытала гэты ліст, седзячы ў чарзе на перадачу ў СІЗА на Валадарскага. Мы думалі, што ў нас атрымаецца абмяняцца заручальнымі пярсцёнкамі ў калоніі ў Горках, будзе доўгае спатканне. Але высветлілася, што турэмшчыкі “згубілі” пашпарт Дашкевіча.

— І што, дагэтуль не знайшлі?

— У мяне ёсць паперы, якія сведчаць, што пашпарт знаходзіўся ў КДБ. Але ў пракуратуры сцвярджаюць, што месцазнаходжанне пашпарта пацвердзіць не атрымалася.

— Наста, а можа, гэта нейкі знак, што не трэба спяшацца са шлюбам?

— Мы са Зміцерам цвёрда вырашылі. Я ўвогуле не разумею, чаму нам забаронена пажаніцца. Логіка нейкая ў чэкістаў вывернутая...

— Не баіцеся, што, калі Дашкевіч выйдзе з-за кратаў, вы сустрэнецеся і... зразумееце, што каханне зусім не тое...

— Гэта выключана. Я Зміцера ведаю з 14 гадоў. Разумею яго нават па тых знаках прыпынку, якія ён ставіць у сваіх лістах. Я лістуюся з ім фактычна кожны дзень. І ў мяне няма адчування, што мы доўга не бачыліся. Я дзялюся з ім думкамі, сумневамі. Хіба што пра палітыку сталі размаўляць менш.

— З-за цэнзуры?

— Проста няма такога жадання. Ёсць што абмяркоўваць і без гэтага.

Паўтара года за кратамі — гэта бясконцасць. Са мной на волі адбываюцца нейкія падзеі, я сустракаюся са знаёмымі, хаджу па магазінах, раблю справы. А ў яго ўсё зусім інакш...

Вельмі складана робіцца тады, калі ў нейкі асабліва цяжкі момант хочаш адчуць яго фізічна. Пачуць ягоны голас, узяць за руку, пабачыць яго. Але я ўсё роўна засынаю з ім і прачынаюся. Мы жывём агульнымі праблемамі і марамі.

— Калі “Маладым фронтам” кіраваў Павел Севярынец, большасць дзяўчын былі ў яго закаханыя. Напэўна, сітуацыя ў нечым паўтарылася, калі яго змяніў Зміцер Дашкевіч. Як вы рэагавалі на патэнцыяльных канкурэнтак?

— Я ведала, што час расставіць ўсё па сваіх месцах (смяецца).

— А Зміцер вас не раўнаваў? Вы прыгожая, заўважная дзяўчына...

— Гэтае пытанне, канешне, варта было б задаць яму...

У мяне вельмі шмат сяброў сярод мужчын, дый у “Маладым фронце” пераважна мужчынскі калектыў. Але гэта ўсё не датычна маіх пачуццяў.

— Жыццё ёсць жыццё: людская пагалоска прыпісвала вам раманы з некаторымі іншымі палітыкамі...

— Чаго нам толькі не спрабавалі прыпісаць!.. Але Зміцер ведае, якія ва мне адбываюцца перамены, пра што турбуюся, — я пра ўсё пішу яму ў лістах.

— І вас не хвалюе, што іх чытае нехта яшчэ? Без цэнзуры яны да яго, відавочна, не трапляюць...

— Мне няма чаго хаваць. Для мяне важна, каб Зміцер ведаў і разумеў, што адбываецца са мной. Не паверыце, але мы нават умудраемся сварыцца ў лістах!

— У Зміцера складаны характар?

— Няпросты. Я па сваёй натуры чалавек, які згладжвае куты, а Зміцер — больш радыкальны.

— Вас гэта не напружвае?

— Зміцер рэзкі не да людзей, а да сітуацый. Ён катэгарычны ў перакананнях, але можа спакойна прызнаваць свае памылкі. І гэта мне падабаецца.

Я разумею, што з такім моцным стрыжнем яму не вельмі проста за кратамі, бо ў турме заўжды спрабуюць зламаць чалавека, прынізіць чалавечую годнасць, каб ён заткнуўся і схаваўся ў кут. Зміцер разумее, што тут той выпадак, калі саступіш у нечым — саступіш назаўжды. Таму ён будзе стаяць з роўнай спінай, што б ні адбывалася. І мне — не буду хаваць — жудасна, што з-за гэтага ў яго могуць быць праблемы. Страшна нават падумаць, праз якія правакацыі, выпрабаванні і штучна створаныя сітуацыі яму прыходзіцца праходзіць штодня. Турма — гэта ж іншы свет.

Праца над пачуццямі

— Вам было страшна, калі трапілі ў “амерыканку”?

— Страху не было. Адчувала, што рана ці позна павінна была з гэтым сустрэцца. І дзякуй Богу, бо цяпер мне прасцей зразумець погляды і словы тых, хто перажыў турму. Такое бязладдзе, якое адбываецца ў беларускіх турмах, цяжка знайсці недзе яшчэ. Некаторыя супрацоўнікі калоній — сапраўдныя бандыты, якія нічым не адрозніваюцца ад тых, хто трапіў за краты за нейкія сур’ёзныя злачынствы. А асобныя кіраўнікі калоній нават горшыя за гэтых злачынцаў. Бо ў некаторых месцах пазбаўлення волі проста адкрыта ламаюць і прыніжаюць людзей. Я думаю, што рана ці позна турэмшчыкі павінны панесці адказнасць за свае дзеянні.

— Андрэй Саннікаў, як толькі выйшаў на волю, амаль адразу заявіў: “Турма — абсалютна непатрэбны досвед, яна нічога не можа даць”. Вы з ім згодная?

— Так. І я лічу, што тыя людзі, якія не прагінаюць у турме спіны, нягледзячы на розныя выпрабаванні і правакацыі, — сапраўдныя героі.

— Дашкевіч вітаў рашэнне Саннікава аб памілаванні. А чаму ён сам не ідзе на такі крок?

— Зміцер казаў, што калі б яму пагражалі блізкімі людзьмі, так, як пагражалі Саннікаву, то ён не вагаўся б. Я правяла толькі два месяцы ў СІЗА КДБ і ведаю, што гэта такое. Таму хачу сказаць дзякуй Богу, што Саннікаў і іншыя выйшлі на волю. У мяне няма ніякіх прэтэнзій да пазіцыі гэтых людзей. А тыя, хто не прайшоў праз турму, на мой погляд, не мае ніякага маральнага права асуджаць.

Я вельмі спадзяюся, што выпрабаванне турмой хутка скончыцца і мы са Зміцерам забудзем, што гэта такое.

— Напрыканцы ліпеня ў вас самой павінен скончыцца тэрмін умоўнага пакарання. “Акурат 22.07 Зміцеру палагаецца доўгае спатканне з татам, — заўважылі вы на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы. — Там, знаходзячыся ў гэты дзень у Глыбокім пад ягонай турмою, скончыцца мой “умоўны срок”, але не скончыцца “рэальны”. Што вы зразумелі пра сябе і свае пачуцці за час вымушанага расставання?

— На мой погляд, каханне — гэта не толькі пацалункі і абдымкі. Гэта перш за ўсё рашэнне быць побач доўгія гады. Пастаянная праца над стасункамі. Калі ты інтарэсы іншага чалавека ставіш крыху вышэй за свае. Калі можаш ахвяраваць нечым дзеля каханага. Калі разумееш, што можаш фізічна згубіць чалавека, то хочаш кожную хвіліну быць побач з ім і не губляць час на пустэчу.

Мяне здзіўляе вялікая колькасць разводаў у нашай краіне. Людзі так проста кажуць, што згубілі пачуццё кахання. Я лічу, што тым, хто вырашыў скасаваць шлюб, спачатку варта ўзняць паўзу і паспрабаваць разам прайсці праз выпрабаванні. І яшчэ раз добра падумаць. Шмат залежыць ад таго, на чым будуюцца адносіны паміж мужчынам і жанчынай, з чаго яны пачынаюцца, ці ёсць паміж імі нешта вышэйшае за асабістыя інтарэсы.

Кар’ера не абдыме і не назаве мамай

— На вашай старонцы ў “Фэйсбуку” вісіць рамантычны малюнак, на якім цалуюцца хлопец з дзяўчынай. Збоку жанчыны надпіс: “Хачу пачуць тры самыя галоўныя словы...” А ў адказ — “Беларусь без Лукашэнкі”. Для вас на першым плане: палітыка альбо асабістае?

— Са мной і ў СІЗА КДБ пра гэта размаўлялі. Тыя, у каго званне павышэй, часта пыталіся, што для мяне важней — сям’я альбо кар’ера. Я адказвала, што хацела бы сумяшчаць адно з другім.

Насамрэч я не бачу шчаслівай кар’еры без шчаслівай сям’і. Як кажуць, не кар’ера цябе абдыме дома, пацалуе і назаве мамай. Без утульнага сямейнага падмурка не буду адчуваць сябе моцнай у прафесійных справах. Каханне мужа, дзяцей даюць моц і натхненне развівацца, рабіць нешта далей.

Зміцер мяне вельмі стымулюе. Вось я хадзіла ў ліцэй БДУ на курсы англійскай мовы — тры разы на тыдзень па тры гадзіны! Калі б не Дашкевіч, я б, напэўна, і не вытрывала. Таму я і кажу: сям’я — гэта адзін з тых падмуркаў, на якіх ты стаіш. Без яго вельмі лёгка паслізнуцца і зваліцца.

Таму зараз самае галоўнае — дачакацца, калі гэта скончыцца. Спадзяюся, у нашым жыцці пачнецца новы перыяд.

— Без палітыкі?

— Нейкі час — так. Думаю, варта ўзяць паўзу, агледзецца, абдумаць усё.

— Як думаеце, да Дашкевіча могуць прымяніць амністыю, нягледзячы на тое, што яго запісалі ў злосныя парушальнікі парадку адбыцця пакарання?

— Мне падаецца, што па амністыі яго не вызваляць. Альбо раней, альбо пазней. Калі ўсё будзе добра, то Зміцеру засталося шэсць месяцаў.

— Пазней — гэта як? Маеце на ўвазе, што могуць справакаваць і накінуць дадатковы тэрмін?

— Цьфу-цьфу, але ўсё можа быць.

Вышыванне крыжыкам

— Наста, а якой вы бачыце сябе гадоў праз дзесяць?

— Сур’ёзнае пытанне... Мне хочацца як мага большай вызначанасці з днём сённяшнім.

— Вы не той чалавек, які не думае пра перспектывы і не будуе планы на будучыню.

— У нас не такая краіна, каб далёка загадваць. Думаю, што застануся ў грамадска-палітычным полі. Бачу сябе ў праектах дабрачыннага і палітычнага кшталту.

— Складваецца ўражанне, што Палажанка — ну проста пажыццёвая рэвалюцыянерка! А здараецца такое, што вы проста ляжыце на канапе перад тэлевізарам альбо з кнігай ці газетай (толькі не грамадска-палітычнай)?..

— Раней я займалася музыкай, спявала — мне гэта было цікава. Я абсалютна нармальная дзяўчына, якая цікавіцца моднымі тэндэнцыямі, сочыць за тэатральнымі навінкамі, сустракаецца з сябрамі не з палітычнага сектара.

— Няўжо такія ёсць?

— Канешне. Дзве мае лепшыя сяброўкі не маюць ніякага дачынення да палітыкі. Прычым адна ўвогуле ёй не цікавіцца, а другая, каб лепш мяне разумець, проста арыентуецца ў прозвішчах апазіцыйных палітыкаў. І быў час, калі яны мяне вельмі раўнавалі да “Маладога фронту”.

— Старшыня Цэнтрвыбаркама спадарыня Ярмошына лічыць, што жанчыне няма чаго рабіць у палітыцы — прынамсі, вулічнай. Няхай дома боршч варыць...

— Я люблю гатаваць, і ў мяне добра атрымліваецца, боршч — у тым ліку.

— А крыжыкам вышываць?

— Яшчэ як! Я спакойна стаўлюся да побытавых рэчаў, мне падабаецца гэтым займацца. Увогуле люблю ўтульны спакой. Мы марым са Зміцерам пра нейкі загарадны домік. Я, канешне, слаба ўяўляю сябе ў градах — хіба што кветкі магу пасадзіць. А вось Зміцеру ўсё, што звязана з зямлёй, вельмі падабаецца.

Я, між іншым, з самага дзяцінства была вельмі самастойная, і мне ўжо вельмі хочацца пабыць залежнай. Але слабай жанчына можна быць толькі побач з тым мужчынам, які мацнейшы за цябе. І Зміцер у гэтым сэнсе мне вельмі падыходзіць. Проста хочацца сесці яму на шыю... Але пакуль рана расслабляцца.

Праблемы — з’ява часовая

— Наста, а вы ніколі не шкадавалі, што пайшлі ў палітыку? Да гэтага часу ўжо, напэўна, мелі б працоўнае месца на нейкай больш-менш паспяховай фірме. І праблем не ведалі б...

— Гэта хутчэй палітыка ўвайшла ў маё жыццё. Але дзякуючы “Маладому фронту” я пазнаёмілася са Зміцерам, у мяне шмат сяброў, я раблю тое, што мне падабаецца, за што баліць сэрца. А праблемы — часовая з’ява, сям’я і радзіма — вечныя. Таму ніколі не шкадавала. Так, бывае складана. Але ёсць людзі, якім горш, чым мне.

— Ваш старэйшы брат працуе праграмістам, палітыкай не цікавіцца. Не спрабуе вучыць вас розуму?

— Мяне пераконвалі да 10-га класа. А потым і бацька, і брат зразумелі, што гэта не юнацкае захапленне. І цяпер у нас вельмі добрыя стасункі. Хаця да маёй першай крымінальнай справы дома, канешне, была бяда. А потым бацька зразумеў, што мяне лепш падтрымаць, чым ваяваць са мной.

Мой тата зведаў праз мяне нямала праблем. Яго звольнілі з працы з-за маёй дзейнасці, і праблемы са здароўем узніклі выключна з-за мяне. Я яму шмат чым абавязана... Гэта той мужчына, з якога можна браць прыклад. І я ведаю, што чалавека, які любіць мяне так моцна, як бацька, у маім жыцці больш ніколі не будзе...

— А чым скончылася ваша гісторыя з падатковай інспекцыяй? Бацьку ж таксама правяралі ўздоўж і ўпоперак — сышліся даходы з расходамі?

— Штрафаў не налічылі, таму што не было вялікіх расходаў. Пытанні ўзніклі ў тым ліку па маім мабільным тэлефоне, але і я не хаваю, што шмат размаўляю, — я ж дзяўчына...

— У вас сталага заробку, як я разумею, няма?

— Пакуль не, але ў мяне ёсць магчымасць падзарабіць, дапамагчы сям’і. Канешне, планую працаўладкоўвацца.

Без слёз і стогнаў

— Вядомы эканаміст Леанід Заіка некалькі месяцаў таму адзначыў, што 65 працэнтаў моладзі хацелі б пакінуць Беларусь. “І атрымліваецца, што ў нас два альянсы — БРСМ і “Малады фронт”, — казаў ён пра маладзёжныя арганізацыі. — Яны застануцца і будуць працаваць тут, у Беларусі. Хтосьці будзе займаць крэслы і пасады, а хтосьці будзе матацца па турмах...” У вас не было думкі з’ехаць?

— Ніколі. І ў СІЗА зразумела, што калі мяне паставяць перад выбарам — турма альбо эміграцыя, то я выберу турму. Бо турма рана ці позна скончыцца, а эміграцыя — гэта, як мне падаецца, надоўга. Тут мае сябры, сям’я. Я не ўяўляю, як можна з’ехаць.

— Вы сустракаецеся с прадстаўнікамі БРСМ?

— Не, не запрашаюць. Але калі “Малады фронт” ладзіў некаторыя акцыі ў рэгіёнах, яны некалькі разоў прапаноўвалі далучыцца. Магчыма, гэта такі хітры піяр-ход, каб трошкі растварыць апазіцыйную актыўнасць і перацягнуць коўдру на сябе.

Я лічу БРСМ мёртвай структурай. Яны маюць велізарныя магчымасці і не выкарыстоўваюць іх. Альбо яны лайдакі і не хочуць працаваць, альбо ім проста не даюць развярнуцца. Сёння трэба не дапусціць, каб моладзь з’ехала з краіны. Трэба стварыць умовы, каб заставаліся тут. Даць перспектыву, магчымасць рэалізавацца. БРСМ гэтым не займаецца...

— Апошнім часам шмат крытыкі дастаецца і апазіцыйным структурам, у тым ліку і “Маладому фронту”. Як ставіцеся да заўваг?

— Калі гэта канструктыўная крытыка, калі нешта прапаноўваюць, указваюць на памылкі, падказваюць — з задавальненнем прыслухаюся. Калі гэта нешта пустое, то проста не звяртаю ўвагі альбо ўсміхаюся...

— Раней “Малады фронт” называлі не толькі закрытай арганізацыяй, але і сектай, калектывам блізарукіх радыкалаў...

— Тое, што нехта называе сектай, я лічу ідэйным падмуркам. Тое, што лічаць радыкалізмам, я магу назваць прынцыповасцю. На мой погляд, апошнія арышты маладафронтаўцаў сведчаць пра тое, што ўлада робіць усё магчымае, каб арганізацыя спыніла сваю дзейнасць. А нам у верасні, між іншым, будзе 15 гадоў...

Сёння ў “Малады фронт” прыходзяць новыя хлопцы і дзяўчаты. Яны нават ніколі не бачылі таго ж Дашкевіча. І ведаюць, якой хочуць бачыць краіну. Я нават сама здзіўляюся, адкуль такія людзі з’яўляюцца.

— Цяпер сярод апазіцыі модна шукаць у сваіх шэрагах засланых казачкоў са спецслужб...

— Мы гэтым не займаемся спецыяльна. Бо ведаем, што такія людзі будуць заўжды. І сваіх стратэгічных планаў не хаваем. Мы не парушаем закон, не займаемся тэрарыстычнай дзейнасцю. Дарэчы, у час высокіх тэхналогій нават прысутнасць чалавека не патрабуецца, каб даведацца пра нейкія ўнутраныя рэчы. Таму пэўныя меры па бяспецы мы ўсё ж прадпрымаем, але ўсеагульнай паніцы не паддаемся.

— Часта даводзіцца чуць: маўляў, ад таго, якая ў нас сёння моладзь, як яна развіваецца і чаго хоча, залежыць будучыня краіны.

— Я ўпэўнена, што Беларусь чакае добрая будучыня. Праўда, нам усім давядзецца прайсці праз вялікія выпрабаванні. Шмат што належыць пераасэнсаваць. І нават пасля перамен будзе няпроста. Думаю, тая моладзь, якая прайшла праз Плошчу, праблем і цяжкасцяў не баіцца. Маладафронтаўцы таксама маглі б сёння піць піва па барах, забаўляцца, але яны выбралі іншы шлях. І я пераканана, што з такімі людзьмі будучыня ў Беларусі будзе!

— Я гляджу, вы вялікая аптымістка.

— А інакш не пражывеш!.. На мой погляд, людзі ўжо стаміліся ад стогнаў, плачу. Хочацца пазітыву. Мне таксама аптымізм часам складана даецца, але я маю надзею і перакананасць, што ўсё будзе добра...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)