Комментарии
Вінцук Вячорка, naviny.by

Несавецкі прафэсар Хадыка

Ён выбраў барацьбу за свабодную Беларусь і прысьвяціў ёй жыцьцё.

На пытаньне, якая, на маю думку, галоўная рыса Юр’я Хадыкі як лідэра, як палітыка, — адкажу: асабістая прыстойнасьць і чаканьне прыстойнасьці ад іншых.

Менавіта пачуцьцё прыстойнасьці, думаю, зрабіла Юр’я Хадыку чалавекам учынку.

Чарнобыльскі шлях, 2002 г. Фота vytoki.net

Вось ён сам успамінае пра Дзяды-1998 — першую масавую акцыю памяці ахвяраў таталітарнага рэжыму, якая фактычна і ператварыла БНФ у масавы рух за свабоду і незалежнасьць. Захопліваюць мастака Міколу Купаву, Хадыка (які прыйшоў на такую акцыю ўпершыню) разам зь іншымі спрабуе яго адбіць:

“Калі дзьверы захлопнуліся за Міколам і яго захопнікамі, [міліцыянт] накіраваў машыну проста на людзей. Моладзь пасьпела адскочыць, а я, каб ня трапіць пад колы, упаў на капот і быў скінуты на асфальт. Гэта паклала канец маім трусьлівым ваганьням”.

Гэтак шчыра-самакрытычна Юры Віктаравіч апавядаў пра паварот у ягонай лініі паводзінаў, які зрабіла тое процістаяньне камуністычнай улады і народу, што цягнуўся да праўды.

Папраўдзе яму не было чаго дакараць сябе словам: сьмеласьць і ёсьць пераадоленьне асьцярогі. Юры Хадыка засьведчыў сваю адвагу і тады, і шматкроць пазьней. І ставіў свой подпіс пад заявамі на правядзеньне рызыкоўных акцыяў, і быў рэальным лідэрам акцыяў як заяўленых, так і “недазволеных”. І пайшоў на першую ў найноўшай гісторыі Беларусі працяглую палітычную галадоўку, калі яго, арганізатара, кінулі ў вязьніцу пасьля масавай акцыі пратэсту супраць здачы незалежнасьці Беларусі ў 1996 годзе.

Да беларускай сьвядомасьці, а ўрэшце да незалежніцкіх перакананьняў Юр’я Хадыку штурхаў, як прызнаваўся ён сам, і эстэтычны катарсіс, які перажыў, адкрыўшы для сябе (і для іншых) сьвет даўнейшага беларускага мастацтва.

Так, фізык Юры Хадыка — аўтар артыкулаў і манаграфіяў пра старабеларускае мастацтва, заснаваных на матэрыялах, сабраных у шматлікіх экспэдыцыях — а значыць, уратаваных ад амаль пэўнага зьнішчэньня. Адзін са стваральнікаў акадэмічнага Музэю старажытнабеларускайкультуры. Хоць музэй доўгі час ня быў адкрыты для наведніка з вуліцы, але патлумачу для цяперашніх маладых людзей — сам факт яго стварэньня быў рэвалюцыяй для беларускай сьвядомасьці.

Савецкая ідэалягічная машына з 1930-х гадоў пасьлядоўна адмаўляла беларусам у праве мець гісторыю ўласнага мастацтва: маўляў, толькі “Вялікая кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя” прынесла вечна голым і босым беларусам прафэсійную культуру, прычым з Усходу. А што рабіць з зáмкамі ды абразáмі? Афіцыйны адказ — беларускаю была толькі этнаграфія, а архітэктура, жывапіс, скульптура на нашых землях належалі “польско-литовским захватчикам” або — яшчэ прасьцей — “польским панам”.

Юры Хадыка апантана змагаўся за права беларусаў лічыць гэтую спадчыну сваёй і за само ўратаваньне гэтага культурнага пласта. І сутыкнуўся з тым, што відавочная — вось яна! — праўда пра беларускую гісторыю і культуру не ўхвалялася камуністычнымі ўладамі, а гэта вымушала задумацца, чаму, і ўсумніцца ў шчырасьці іхнай ідэалёгіі.

І для людзей майго пакаленьня беларушчына была эстэтычным антыподам камуністычна-імпэрскай аскомы. А таму Хадыкавы лекцыі, экскурсіі, круглыя сталы былі для нас глытком сьвежага паветра.

Як гараджанін, які, да таго ж, жыў у кантэксьце дакладных навук, Юры Хадыка прыходзіў да беларускае мовы паступова. Памятныя лекцыі з гісторыі хрысьціянства і старадаўняй беларускай культуры, якія так уразілі нас, студэнтаў-майстроўцаў, у пачатку 1980-х, Юры Хадыка перш чытаў па-расейску. О, як мы, маладыя-гарачыя, тады зь ім “ваявалі”! Пераконвалі, што мова — не інструмэнт, а неад’емны складнік культуры, ну і гэтак далей. А ён жа спрачаўся! Але спрачаўся штораз менш упэўнена — і ўрэшце сьвядома перайшоў на беларускую.

І ня проста перайшоў, а аргумэнтавана пераконваў сваіх калег-фізыкаў у вартасьці беларускае мовы, дый самым прыкладам сваім сьведчыў, што калі ідэя слушная, то слушны чалавек да яе ўрэшце прыйдзе сам.

Наагул тое, што Хадыка быў сваім для акадэмічнай і наагул навуковай інтэлігенцыі, людзей дакладных навук, у спалучэньні з асабістымі якасьцямі рабіла ягоныя словы, яго прыход да нацыянальнай ідэі пэўным узорам для калегаў.

Заглыбленьне ў сьвет беларускае культуры перадвызначыла веравызнаўчы выбар Юр’я Хадыкі. Ён меў, безумоўна, хрысьціянскі сьветапогляд, але выбраў менавіта грэка-каталіцкае, уніяцкае вызнаньне, і адбылося гэта не без уплыву магутнай, усебаковай, шматжанравай даўнейшай беларускай культуры, якая разьвівалася менавіта ў кантэксьце гэтай канфэсіі.

А чаму хрысьціянская дэмакратыя? Дарэчы, Юры Хадыка разумеў яе па-заходняму, як каштоўнасную плынь у палітыцы, а не як параканфэсійную структуру. Адчуваючы, як на ўсіх нас (мімаволі, падсьвядома) цяжэе таталітарная матрыца “марксісцка-ленінскай” ідэалёгіі — накладаючыся на нашыя падыходы да грамадзкіх зьяваў, на манеру дыскутаваць — прагна спасьцігаў заходнія палітычныя ідэі.

Дарэчы, менавіта Юры Віктаравіч дзякуючы сваім кантактам упершыню далучыў беларускую палітычную сілу, а менавіта Беларускі Народны Фронт, да ўсясьветнае палітычнае структуры, а менавіта да Хрысьціянска-дэмакратычнага інтэрнацыяналу. І ўжо пазьней разам з ХДІ мы, колішняя Партыя БНФ, увайшлі ў IDU — Міжнародны дэмакратычны зьвяз, глябальны інтэрнацыянал правацэнтрысцкіх партыяў. Але пачатак паклаў Юры Хадыка.

У кватэры ў старым доме на вуліцы Якуба Коласа ўтульнасьць стваралі гаспадары — Юры Віктаравіч і Валянціна Кірылаўна, доктар па прафэсіі, якая пакінула гэты сьвет два гады таму. Інтэлігентны дом з кнігамі, яскравымі гасьцямі, мудрымі размовамі. Калі мне трэба было прымаць важнае палітычнае рашэньне, рабіць складаны выбар, — я ішоў да Юрыя Віктаравіча раіцца. І ён заўсёды адкрыта выказваў сваю думку — глыбока, прынцыпова і вельмі зычліва.

Для яго не былі прынцыповыя фармальныя пасады. Таго, што пэўную справу падтрымаў Юры Хадыка, бывала дастаткова. Ён, дарэчы, не баяўся застацца ў самоце, ісьці супраць бальшыні. І ніколі не ствараў сабе куміраў, апрыёрных носьбітаў ісьціны, і сам сябе за такога не лічыў. Як і належыць навукоўцу, сумняваўся, выпрабоўваў свае ідэі дыскусіяй, у якой трымаўся і ад іншых вымагаў пільнавацца правілаў культурнай і дэмакратычнай спрэчкі. Кожная ідэя і справа павінны былі ўсебакова абмяркоўвацца. Хоць спрачаўся, як я ўжо казаў, адчайна.

Не цярпеў хлусьні, інтрыгаў, непрыстойнасьці. Гаварыў адкрыта. Быў перакананы, што чым больш адкрытую мы вядзем палітыку, тым менш месца будзе для правакацыйных маніпуляцыяў намі. Але што да тактыкі — выдатна разумеў значэньне арганізацыйнае таямніцы, неабходнасьці засьпець улады зьнянацку. А падманшчыкаў, хлусаў, так званых “прагматыкаў” у сваім асяродку выкрываў бязьлітасна. Ён вырас у пасьляваенным Менску і не баяўся кідаць выклік каму б ні было.

Навуковы аналітычны падыход да ўсякай справы Юры Хадыка стасаваў і да палітыкі. Адолець скансалідаваную дыктатуру, лічыў ён, можна толькі супольным намаганьнем, шырокім паяднаньнем свабодалюбівых беларусаў. Ягоны падыход — хто ня вораг, той можа стаць сябрам — рабіў яго незаменным перамоўнікам. Юры Віктаравіч умеў слухаць і чуць, але ўмеў і пераконваць, пачуваўся як рыба ў вадзе ў складаных кааліцыйных дыскусіях. І калі яму ўдавалася наблізіць кааліцыйнае паразуменьне зь іншымі дэмакратычнымі сіламі, быў шчасьлівы.

Недарма Юры Хадыка быў нязьменным старшынём арганізацыйных камітэтаў Кангрэсаў дэмакратычных сілаў, якім, трэба прызнаць, нямала ўдалося зрабіць для стрыманьня паўзучага аўтарытарызму і здачы незалежнасьці.

Як вучоны Юры Хадыка адчуваў патрэбу ў навуковым абгрунтаваньні альтэрнатыўных прапановаў Беларускага народнага фронту і дэмакратычных сілаў наагул. Таму ён энэргічна вітаў экспэртныя нарады для абмеркаваньня Праграмы БНФ, выбарчых прапановаў Фронту і дэмакратычных сілаў, заўсёды ўдзельнічаў як экспэрт у тэмах, дзе пачуваўся кампэтэнтны і сам.

Зрэшты, і несьці ў людзі веды пра беларускую культуру і гісторыю, эканоміку і палітыку ён умеў, і нездарма гэтулькі гадоў аддаў незалежнаму Народнаму ўнівэрсытэту, у вялікай ступені ягонаму дзецішчу. Шматлікія слухачы Народнага ўнівэрсытэту, прычым ня толькі менчукі, але жыхары іншых гарадоў і мястэчак, дасюль памятаюць ягоныя прыезды.

Так, савецкая сыстэма прызнала ягоны навуковы талент, пагатоў ён працаваў у сфэры оптыкі “падвойнага прызначэньня” — касьмічных сыстэмаў раньняга папярэджаньня пра ракетны напад. За гэтую працу ўганараваны прэміяй Савету міністраў СССР. Юры Хадыка быў доктарам навук, прафэсарам, шматгадовым загадчыкам лябараторыі. Што значыць — ён быў чалавекам высокага статусу і на савецкія меркі забясьпечаны. Але Юры Хадыка ні на хвіліну не вагаўся, калі сышліся ў адно гістарычны момант і ягонае ўсьведамленьне.

Бо гэты савецкі прафэсар папраўдзе быў зусім несавецкі. Ён быў беларускім носьбітам той самай заходняй культурнай і філязофска-палітычнай традыцыі, якая толькі і можа абараніць нас ад наступу мутнай хвалі “рускага міру”. І таму выбраў барацьбу за свабодную Беларусь, і прысьвяціў ёй жыцьцё.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)