«Непрыхаваны перасьлед за творчую дзейнасьць». Мастак Алесь Пушкін расказаў сваю вэрсію прычыны зьняволеньня
Мастак-палітвязень даслаў ліст на волю, у якім падрабязна патлумачыў, чаму напісаў партрэт антысавецкага партызана Яўгена Жыхара і ці стала гэтая праца сапраўднай прычынай ягонага зьняволеньня. Свабода пачытала турэмны допіс у ягоным доме ў Бабры.
Алеся Пушкіна затрымалі 30 сакавіка ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну на рэстаўрацыі палаца Булгакаў. Незадоўга да таго ён вярнуўся з Украіны, дзе браў удзел у вялікім мастакоўскім форуме, ужо ведаючы, што на радзіме стаў фігурантам крымінальнай справы паводле ч. 3 арт.130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне варожасьці).
Алесь Пушкін. Чэрвень 2020 года
Як адзначыла горадзенская пракуратура, «за ўчыненьне наўмысных дзеяньняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданьне нацызму». За гэта пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.
Фармальнай падставай стаў партрэт падпольшчыка Яўгена Жыхара, выстаўлены ў прыватным «Цэнтры гарадзкога жыцьця» ў Горадні. Спачатку Алеся Пушкіна зьмясьцілі ў горадзенскі СІЗА, потым перавялі ў СІЗА № 1 Менску, а ў траўні перавезьлі ў сьледчую турму Жодзіна.
У лісьце з-за кратаў мастак паразважаў, ці сапраўды партрэт спрычыніўся да ягонага крымінальнага перасьледу.
«Сваім трагічным жыцьцём увасобілі пакутлівы шлях Беларусі»
«Лічу неабходным у сувязі з маім зьняволеньнем даць уласнаручнае тлумачэньне факту і матыву напісаньня мной, сябрам Беларускага саюзу мастакоў (білет № 617), партрэта Яўгена Жыхара (2014 год, палатно, алей, інсталяцыя рама, 140×120 см), — піша ў лісьце з турмы Алесь Пушкін. — Праца выклікала ўвагу пракурора Горадні Ўладзімера Клішына, які 26 сакавіка пачаў крымінальную справу пасьля адкрыцьця выставы «Пушкін у Горадні» ў Цэнтры гарадзкога жыцьця, дзе дэманстраваліся 30 маіх работ, фатаграфіі, дакумэнты і праект росьпісаў для інтэр’еру Старога замку.
І толькі гэты партрэт, паказаны ад 2014 году на справаздачнай выставе да ХІХ зьезду нашага саюзу ў менскім Палацы мастацтва, экспанаваны на пэрсанальных выставах у Познані, Аструдзе, Калінінградзе, Балтыйску, прыцягнуў увагу пракуратуры, паслужыў прычынай майго зьняволеньня і абвінавачаньня паводле ч. 3 арт. 130.
Чаму ж толькі цяпер, у сакавіку, адбылася рэакцыя праваахоўна-карных органаў на мой твор мастацтва?
Праз гістарычны партрэт — складаны жанр — я выяўляю гэты няпросты, балючы і гераічны шлях, які прывёў да таго, што мы цяпер маем: уласную краіну зь яе дасягненьнямі і бедамі. Я выяўляю людзей з праўдзівай, характэрнай беларускай гісторыяй, амаль забытых. Яўген Жыхар — адзін з такіх.
Ягоны партрэт 2014 году напісаньня ўваходзіць у маю сэрыю «Беларускі Рэзыстанс», якую пачаў у 2003-м і працягваю дагэтуль.
Я абапіраюся на досьвед і кансультацыі нашых гісторыкаў і дасьледчыкаў, не баюся ставіць сабе складаныя і цікавыя задачы партрэтаваць, а затым экспанаваць у Беларусі і замежжы гэтых невядомых, непапулярных гістарычных пэрсаналіяў, сьвядома забытых афіцыйнай прапагандай зь яе рабскім каляніяльным мысьленьнем.
А менавіта яны сваім няпростым, часта трагічным жыцьцём як у кроплі вады адлюстравалі боль і пакутлівы шлях Беларусі да незалежнасьці. Яны мне гэтым і цікавыя!»
«Багата ёсьць вобразаў пераможцаў, але пераможаных — няма»
«Я напісаў партрэты Юркі Моніча, Лукаша Семянюка, Вінцэнта Гадлеўскага, Георгія Бортніка, Станіслава Булак-Булаховіча, Івана Шанько, Вацлава Ластоўскга, Расьціслава Лапіцкага, Тамары Чарамшагінай, Віталя Мікулы, Янкі Філістовіча, Васіля Супруна, Міхала Вітушкі, Усевалада Родзькі, Францішка Аляхновіча, Івана і Антона Луцкевічаў, Зоські Верас, Ларысы Геніюш, Васіля Быкава. Да гэтай сэрыі адносіцца і партрэт Яўгена Жыхара, які і выклікаў цяперашні мой перасьлед.
Турэмны аўтапартрэт
Ягоная постаць страшная сваім трагічным лёсам і выбраная мной як вобраз беларуса ў вайне 1939-1945 гадоў між Усходам і Захадам, між дзьвюма таталітарнымі сыстэмамі — савецкай і нямецкай.
Вобразны строй гэтага партрэта адпаведны: загнаны і зацяты ў сваім упартым змаганьні беларускі хлопец з аўтаматам ППШ на адным плячы і філінам на другім. Багата ёсьць вобразаў пераможцаў у той вайне, але пераможаных — няма.
Месца гэтаму партрэту — у Музэі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. А ўжо характарыстыка яго, подпіс пад ім — гэта справа гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў, музэйных работнікаў. Але не пракуратуры, ва ўгоду палітычнай каньюнктуры і рэакцыі на падзеі 2020 году.
Тым больш Яўген Жыхар — зьбіральны вобраз, мастацкае абагульненьне тых неадзінкавых прэцэдэнтаў, якія мелі месца ў паваенную партызанскую гісторыю аж да сярэдзіны 1950-х. Я пісаў недакладны вобраз з адзінай захаванай групавой фатаграфіі Яўгена Жыхара. Бо заўсёды сапраўдны мастацкі твор шматзначны і размаіта трактаваны.
Пачынаць крымінальную справу супраць мастацкага твора і выказваньняў, дакладна зафіксаваных журналістамі (маецца поўны відэазапіс адкрыцьця выставы 19 сакавіка); хуткія асуджальныя і непраўдзівыя высновы экспэртнай дзяржаўнай камісіі па экстрэмізьме пры Горадзенскім аблвыканкаме ў складзе Вадзіма Хілюты і Сьняжаны Сямернік (нібыта я экстрэміст і рэабілітую сваімі дзеяньнямі і выказваньнямі нацызм) — гэта і ёсьць перасьлед мяне з боку дзяржаўных інстытуцый цяперашняй улады за творчую дзейнасьць, іншадумства, неабыякавае стаўленьне да гісторыі свайго краю.
А самае галоўнае, што гэты прасьлед пачаўся пасьля майго ўдзелу ў міжнароднай выставе беларускага мастацтва «Кожны дзень!» у Мастацкім арсэнале Кіева 25 сакавіка, майго там выступу і інтэрвію ўкраінскім СМІ.
Вось сапраўдная прычына, чаму генэральны пракурор Андрэй Швед зьвярнуў увагу на маю асобу, выставу ў Горадні і загадаў пракурору Клішыну пачаць крымінальную справу з наступным маім зьняволеньнем і рашэньнем Эканамічнага суду закрыць Цэнтар гарадзкога жыцьця».
«Сумна ад таго, што і праз 22 гады пэрформанс з тачкай актуальны»
25 сакавіка беларускую экспазыцыю ў Кіеве адкрывалі творы менавіта Алеся Пушкіна зь ягонага «Турэмнага альбома». Першым быў прадстаўлены вядомы пэрформанс «Падарунак прэзыдэнту», які ён зрабіў у 1999 годзе, але гэтым разам крыху абнавіў — на партрэце Аляксандра Лукашэнкі замест надпісу «За 5-гадовую плённую працу» была разьлітая чырвоная фарба, якая сымбалізуе кроў.
Тады ён панаракаў: маўляў, сумна ад таго, што і праз 22 гады пэрформанс актуальны, а Лукашэнкі за гэты час стаў сапраўдным «крывавым дыктатарам».
Як Пушкін «павіншаваў» Лукашэнку (фота)
Алесь Пушкін нарадзіўся 6 жніўня 1965 году ў мястэчку Бобр Крупскага раёну, дзе жыве і цяпер. З жонкай Янінай гадуюць дзяцей Міколу і Марылю.
З 1988 году ўдзельнічаў у студэнцкім руху. Браў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы мітынгу памінаньня продкаў у Менску 30 кастрычніка 1988 году. За гэта быў арыштаваны на пяць сутак, але неўзабаве прысуд яму зьмянілі.
25 сакавіка 1989 году арганізаваў першы пэрформанс на 71-я ўгодкі БНР, тым самым распачаўшы сацарт у беларускім мастацтве. Пасьля гэтай акцыі яму прысудзілі 2 гады ўмоўна зь пяцігадовым абмежаваньнем у правах. Імя Алеся Пушкіна фігуравала на XIII пленуме ЦК КПБ 22 чэрвеня 1989 году: канстатаваўся развал выхаваўчай працы ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.
Мікола і Яніна Пушкіны
Цягам 1995-1997 гадоў Алесь Пушкін расьпісваў новую царкву ў гонар сьвятога Мікалая Цудатворца ў мястэчку Бобр. У жніўні таго ж году там і павянчаўся. Яго працы знаходзяцца ў Дзяржаўным мастацкім музэі Беларусі, музэях Полацку, Воршы, у прыватных зборах у Беларусі і за мяжой.
Заўсёдны ўдзельнік грамадзкіх акцый і палітычных кампаній, уваходзіў у партыю БНФ (1998–2005 гады). За сваю актыўную пазыцыю неаднаразова быў арыштаваны і асуджаны.
У пачатку красавіка 2021 году праваабаронцы прызналі Алеся Пушкіна палітычным вязьнем. На выпадак пагашэньня матэрыяльнай шкоды ягоны дом у Бабры арыштаваны, маёмасьць апісаная. Да таго ў жыльлі і ў майстэрні адбыліся ператрусы, сілавікі канфіскавала тэлефоны ды кампутарную тэхніку гаспадара і сямейнікаў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное