Выборы-2020

«Нельга выбіраць паміж лысым і кудлатым». Ці забаронена агучваць сваю праграму падчас збору подпісаў?

Некаторыя вылучэнцы ў прэзыдэнты не агучваюць сваю праграму, спасылаючыся на нормы заканадаўства, якія забараняюць агітацыю на дадзеным этапе. Свабода разьбібарался з экспэртамі, ці сапраўды гэта забаронена.

Фота Ігар Мялешка

У Беларускім выбарчым кодэксе сапраўды ёсьць норма, якая забараняе агітацыю на этапе збору подпісаў. Але як ставіць подпіс за чалавека, калі ня ведаеш, што ён прапануе?

«Нельга выбіраць паміж лысым і кудлатым»

На этапе збору подпісаў прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта сапраўды ня можа раздаваць сваю праграму ў друкаваным выглядзе, як і ўсе іншыя друкаваныя агітацыйныя матэрыялы. Але ня ўсё так адназначна, тлумачыць юрыст, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч.

— Гэта вялікі прабел у заканадаўстве. Па Выбарчым кодэксе ў час збору подпісаў агітацыя забароненая. Але калі паглядзець пастанову ЦВК аб парадку збору подпісаў, то там забараняецца выраб і распаўсюд друкаванай прадукцыі і подкуп выбаршчыкаў ці абяцаньне такога подкупу.

Сытуацыю ня варта даводзіць да абсурду, трэба абапірацца на міжнародныя стандарты. Калі людзі падпісваюцца за некага, яны мусяць уяўляць, якую карціну будучыні чалавек прапаноўвае. Нельга выбіраць паміж лысым і кудлатым. У той ці іншай форме вылучэнцы могуць выказваць тую ці іншую грамадзянскую пазыцыю, якую яны адстойваюць, — кажа Ўладзімер Лабковіч.

На ягоную думку, на этапе збору подпісаў прэтэндэнты і іх ініцыятыўныя групы ня могуць займацца непасрэднай агітацыяй: раздаваць друкаваную прадукцыю, заклікаць галасаваць за сябе. Але яны могуць гаварыць пра сваю грамадзянскую і палітычную пазыцыю, гаварыць пра магчымыя будучыя рэформы, геапалітычны выбар.

Тым больш калі чалавек ідзе ад партыі, партыйная праграма якой вядомая, то яна вядомая і выбарцам.

— Зразумела, партыям ня трэба выдаляць з усіх носьбітаў праграму партыі. Ня трэба абмяжоўваць ані выбаршчыкаў, ані ініцыятыўныя групы ў правах. Вусная агітацыя, якая не патрабуе матэрыяльных выдаткаў, магчымая, — кажа Ўладзімер Лабковіч.

«Нельга моўчкі зьбіраць подпісы»

Паводле праваабаронцы, юрыста Валянціна Стэфановіча, забарона на агітацыю тычыцца друкаванай прадукцыі. Зьбіральнікі подпісаў ня могуць нешта раздаваць людзям, паказваць прадукцыю зь лёзунгамі ці друкаваныя праграмы. Але могуць выказваць пазыцыю свайго прэтэндэнта ў прэзыдэнты.

— Зьбіраць подпісы і пры гэтым маўчаць, відавочна, немагчыма. Мяркую, што вусна можна расказваць пра свайго вылучэнца, але нельга нічога раздаваць.

Тое, што вусна кажуць сябры ініцыятыўнай групы, — гэта дапушчальна, іначай немагчыма праводзіць выбары, — мяркуе Валянцін Стэфановіч.

ЦВК: Нельга нічога даваць у рукі людзям

Свабода зьвярнулася ў ЦВК з просьбай патлумачыць, ці можа прэтэндэнт у прэзыдэнты агучваць сваю праграму на этапе збору подпісаў. Паводле ЦВК, ягоная ініцыятыўная група на этапе збору подпісаў ня можа раздаваць улёткі, праграму ды іншыя агітацыйныя матэрыялы.

Але вусна пра свае погляды гаварыць можна, што могуць рабіць і сябры ініцыятыўнай групы. Таксама можа выкарыстоўвацца друкаваная прадукцыя (плякат, шчыт) зь біяграфічнымі зьвесткамі пра прэтэндэнта. Гэта прапісана ў правілах, апублікаваных на сайце ЦВК.

Такім чынам, апавядаць пра пазыцыю кандыдата і ягонае бачаньне разьвіцьця краіны — не агітацыя. Раздача ж друкаванай прадукцыі, у тым ліку лёзунгаў, — пад забаронай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.9(12)