Политика
Анастасія Зелянкова

«Нельга ў чарговы раз адпрацаваць нумар і зымітаваць працэс вылучэння кандыдата ў прэзідэнты»

У інтэрв’ю “Салідарнасці” старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас расказаў, як адбываецца працэс выбару адзінага кандыдата ў прэзідэнты, якія шанцы мае кожны з прэтэндэнтаў і да чаго можа прывесці сённяшняя “непрыстойная валтузня”.

— Рада інтэлігенцыі паспрабавала выступіць у якасці пасрэдніка па выбары адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл. Якіх вынікаў удалося дасягнуць?

— Гэтая справа аказалася не такая простая, як здавалася. Зразумела, людзі, якія прымаюць рашэнне ісці ў прэзідэнты, цяжка ад яго адмаўляюцца. Таму пакуль мы вырашылі правесці шэраг круглых сталоў, на якіх прэтэндэнты паспрабуюць дасягнуць кансенсусу і проста дамовіцца паміж сабой. Калі ж гэтыя круглыя сталы выніку не дадуць, будзем думаць, што рабіць далей. У тым ліку разглядаецца працэдура, прапанаваная Радай беларускай інтэлігенцыі, калі рашэнне па кандыдаце будзе даручана прымаць экспертнаму савету, у склад якога ўвойдуць найбольш аўтарытэтныя і вядомыя асобы Беларусі.

Але, наколькі мы ведаем, БХД таксама прапанавала сваю працэдуру вызначэння адзінага кандыдата, сутнасць якой у тым, каб мерацца ініцыятыўнымі групамі, прыхільнікамі, рэсурсамі. Гэта альтэрнатыўны шлях. Які з гэтых працэдур будзе ў выніку абраны, я не ведаю. Але лічу, што галоўнай мэтай гэтага працэсу павінна быць дасягненне кансалідацыі, а такое спаборніцтва — меранне тым, што вымераць пакуль што немагчыма, — наадварот будзе працягваць вось гэтую сітуацыю канкурэнцыі, рэўнасці, варожасці і бойкі паміж сабой замест змагання за агульную мэту.

— Якое ўражанне ў вас склалася ад сённяшніх прэтэндэнтаў?

— Мы заслухалі ўсіх і пра ўсіх кандыдатаў маем уражанне. Яно добрае. Сустрэчы, якія мы правялі, паказалі, што людзі годныя, людзі выраслі, як палітыкі за гэты час і ўсе гэтыя асобы выклікаюць павагу. Галоўнае, каб яны не сарваліся вось на гэты абмен ударамі і на ўзаемную сварку замест агульнага змагання.

— Як фарміраваўся пул прэтэндэнтаў і што трэба было зрабіць для вылучэння?

— Натуральным шляхам. Гэта тыя, хто заявіў пра свае намеры ісці ў прэзідэнты. Дарэчы, не было такіх “гарадскіх вар’ятаў” (прынамсі, пакуль што). Так, гэтыя людзі знаходзяцца на розных узроўнях вядомасці, досведу і прафесіяналізму, але нават моладзь паказала сябе даволі годна. Аднак трэба памятаць, што ўсе мы знаходзімся ў пэўнай рэзервацыі, дзе нельга весці сапраўдную палітычную дзейнасць. Таму выбар трэба рабіць, зыходзячы з гэтых спецыфічных умоваў. І ў нас ёсць бачанне, як гэта зрабіць.

— Значыць, дастаткова было сказаць: я хачу быць прэзідэнтам, і ўсё? Ці ўсё ж такі трэба было, каб цябе вылучыла нейкая структура?

— Структуру можна знайсці і вылучыцца. Справа не ў гэтым. Галоўнае — што за плячыма гэтых людзей. Вось, напрыклад, той самы Казулін нікім не вылучаўся, але тое, што ён здзейсніў, тое, што перажыў і як сябе паказаў, сведчыць, што ён мае падставы для вылучэння. Ці ўзяць тое, што ёсць за плячыма ў таго самага Мілінкевіча, Лябедзькі… У гэтым спісе кандыдатаў няма людзей, у якіх увогуле не было б падстаў. Так, ёсць там Саннікаў, ёсць Міхалевіч, якія проста абвясцілі пра свае намеры. Але таксама і за Міхалевічам ёсць пэўная палітычная біяграфія, і за Саннікавым. Таму мы іх таксама разглядалі. Як і Ярашука, які мае структуры не палітычныя, але паказаў свае арганізацыйныя здольнасці і тое, што можа вырашаць праблемы на самым вышэйшым дзяржаўным узроўні – тут ні ў каго няма сумнення.

І толькі спалучэнне ўсіх гэтых асобаў, усіх іх якасцяў і рэсурсаў можа прывесці да выніку, паказаць грамадству нейкі прыклад, даць сігнал, што шанец ёсць, што гэта будзе не проста адпрацоўка нумару і нейкая імітацыя, а сур’ёзнае змаганне, да якога варта далучацца. А зрабіць гэта можа толькі каманда. Але ж калі будзе працягвацца тое, што мы зараз бачым, -- гэтыя абсалютна непрыстойныя напады на калегаў, на людзей, якія павінны быць партнёрамі, паплечнікамі, абвінавачанні ў нейкіх здрадах і іншым, -- гэта прывядзе да ўжо вядомых вынікаў, за якія павінны несці адказнасць тыя асобы, якія і пачынаюць зараз гэтую непрыстойную валтузню. Я не буду называць прозвішчаў, але ўсе ведаюць, пра каго гаворка.

— Якія прозвішчы значацца сёння ў вашым спісе кандыдатаў?

— Баршчэўскі, Статкевіч, Саннікаў, Міхалевіч, Рымашэўскі, Мілінкевіч, Казулін, Калякін, Лябедзька, Ярашук. Апошні, дарэчы, трапіў у гэты спіс па прапанове аднаго з сяброў Рады інтэлігенцыі. Спачатку мы запрасілі Ярашука далучыцца да нашай дзейнасці вылучэння, а потым нехта задаў яму пытанне, ці не мае ён сам намеру вылучацца. Ярашук параіўся і сказаў, што так. Таму мы выключылі яго са спісу экспертаў і перавялі ў спіс прэтэндэнтаў. Яго суполка налічвае 10 тысяч людзей, якія не проста лічацца там фармальна, а плоцяць складкі праз бухгалтэрыю, знаходзяцца пад ціскам, але не выходзяць з яго прафсаюза. Яны ў яго вераць і паважаюць.

Сёння самае галоўнае пытанне: хто будзе капітанам гэтай каманды і хто найлепшым чынам здолее арганізаваць гэтае змаганне? Бо гэта павінна быць сапраўды змаганнем. А не вырашэннем, хто там сядзе на гэтую пасаду і паедзе зараз па гэтых фуршэтах. Гэтага катэгарычна нельга дапусціць — проста адпрацаваць нумар, зымітаваць у чарговы раз працэс вылучэння. Галоўнае – набраць 50 працэнтаў і абараніць гэты вынік.

— А сама Рада інтэлігенцыі часам не ставіць на нейкага свайго кандыдата?

— На што вы мяне правакуеце? Рада інтэлігенцыі не нейкая групоўка. Яна складаецца з асобаў, кожная з якіх мае свой гонар, сваё сумленне і сваю рэпутацыю. Мы катэгарычна стрымліваемся ад таго, каб выказваць свае прыхільнасці нават адзін аднаму. Гэта будзе зроблена на этапе абмеркавання кандыдатур. Зараз самы галоўны вынік нашых сустрэч — што ўсе прэтэндэнты маюць шанцы і будуць ствараць вельмі моцную каманду, якой проста наканаваны поспех. Яле калі не будзе каманды, калі ўсе разбягуцца ў розныя бакі і кожны замест таго, каб забіваць гол, аддаваць пасы і працаваць на форварда, будзе хапаць гэты мяч сабе – тады будзе параза. Гэтага і чакае ад нас адваротны бок.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)