Скандалы

Другая жонка сьвятара Бурыкіна: «Некаму трэба, каб муж застаўся ў турме»

Размова Радыё Свабода з Вольгай Бурыкінай, жонкай сьвятара, абвінавачанага ў згвалтаваньні дачкі.

Вольга Бурыкіна ўпершыню пагадзілася паразмаўляць са СМІ пасьля гучнага інтэрвію дачкі ейнага мужа — Аляксандры.

Вольга Бурыкіна — другая жонка сьвятара Канстанціна Бурыкіна, які пабудаваў царкву ў пасёлку Гатава пад Менскам і два гады таму быў асуджаны за незаконнае захоўваньне зброі.

25 чэрвеня стала вядома, што Канстанціна Бурыкіна абвінавачваюць у сэксуальным гвалце над непаўналетняй. Гэтую інфармацыю пацьвердзілі ў Сьледчым камітэце.

Яшчэ празь дзень высьветлілася, што ахвярай асуджанага сьвятара магла быць яго дачка Аляксандра. Яна дала выданьню «Наша Ніва» гучнае інтэрвію, у якім абвінаваціла бацьку ў фізычным і сэксуальным гвалце.

Са сказанага Аляксандрай вынікае, што мачыха Вольга ведала пра злачынныя дзеяньні, аднак не спрабавала ім аніяк перашкодзіць.

«Аляксандрай хтосьці кіруе»

Свабода зьвязалася з Вольгай Бурыкінай, каб даведацца яе меркаваньне. Жанчына адразу ж адрынула інфармацыю пра тое, што яе муж мог гвалціць уласную дачку.

— Я толькі адно магу сказаць — Аляксандрай хтосьці зараз кіруе, — кажа Вольга Бурыкіна. — Мяркуючы па ўсім, яна цяпер не здаровая. Яе выкарыстоўваюць у сваіх інтарэсах, каб зрабіць дрэнна бацьку. Гэта адзінае, што я магу сказаць.

Жанчына катэгарычна адмаўляе ўсё, што Аляксандра расказала ў інтэрвію:

— Гэта хлусьня, вядома. Гэта хлусьня! Яна ж дачка, родны чалавек. Ёй проста людзі карыстаюцца ў сваіх інтарэсах. Каб зрабіць дрэнна яе бацьку.

Па словах Вольгі Бурыкінай, адносіны паміж Канстанцінам Бурыкіным і яго дачкой Аляксандрай былі звычайныя. Яна ніколі не была сьведкам гвалту над Аляксандрай.

— Бацька Аляксандры быў для яе і бацькам, і маці, — кажа жанчына. — Я ўсё ж ня родная мама. Я старалася быць роднай... Як вам сказаць. У нашай сям’і ўсё было выдатна, усё было добра. Я не заўважала ніякага гвалту. Усё, што кажа Аляксандра, гэта ўсё хлусьня!

«Наколькі разумею, муж цяпер ня трапіць пад амністыю»

Вольга кажа, што прачытала інтэрвію дачкі свайго мужа. Кажа, што мае цяпер поўнае права падаваць на Аляксандру ў суд, але рабіць гэтага ня будзе:

— Я зараз магу падаць у суд. Але, ведаеце, злом на зло адказваць... Я веруючы чалавек, я праваслаўны хрысьціянін. Я ўпэўненая, што Бог неяк наставіць на розум людзей, якія хочуць зрабіць нашай сям’і дрэнна. У гэтых людзей нічога не атрымаецца. Бог бачыць і Бог ведае, як гэта ўсё было на самой справе. Трэці год ствараюць вобраз зьвера. І калі чалавеку трэба вось ужо зусім хутка выходзіць на свабоду, то зьяўляюцца новыя і новыя крымінальныя справы. Фінансавыя махінацыі, зараз вось з дачкой гэты момант... Хай гэта будзе на сумленьні таго, хто ўсё прыдумляе і хто ўсім кіруе.

Па словах Вольгі Бурыкінай, яна яшчэ не была на допыце ў сьледчага па справе аб магчымым гвалце Канстанціна Бурыкіна ў дачыненьні да ягонай дачкі. З Аляксандрай пасьля публікацыі яна не спрабавала зьвязвацца, кантактаў зь ёй даўно не падтрымлівае.

— Наколькі я разумею, муж цяпер ня трапіць пад амністыю, — кажа Вольга Бурыкіна. — Яна павінна хутка быць, літаральна на днях. Цяпер нам не даюць сустрэчаў, там усё па правілах, па раскладзе. Але муж ведае пра ўсё гэта. Пакуль я ня ведаю, калі зноў пабачу Канстанціна. Калі ўсё будзе добра, то спатканьне дазволяць.

Некаму вельмі трэба, каб муж заставаўся ў турме. Пра дзяцей ніхто ня думае. Пра іх сэрцы, пра іх душы. Бог ведае, які Канстанцін бацька. Я ўпэўненая, што ў людзей не атрымаецца ачарніць праваслаўнага сьвятара, як бы яны ні спрабавалі гэта зрабіць. Праўда на нашым баку.

Па словах Вольгі Бурыкінай, атачэньне іх сям’і таксама ня верыць у расказанае Аляксандрай. Яны перакананыя, што за расказаным ёю нехта стаіць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.7(28)