Общество

Сямён Печанко

Некалькі важных высноваў: плюсы і мінусы Дня Волі-2019

Падводзім вынікі святкавання #БНР101 у Гродне і Мінску.

Пачнём з канстатацыі банальнага і непрыемнага факта. Улады па-ранейшаму татальна ўплываюць на дзейнасць незалежнага грамадства. Менавіта ад рашэнняў у высокіх кабінетах залежыць, ці адбудзецца ўвогуле тое ці іншае мерапрыемства, дзе і ў якім фармаце, будуць затрымліваць удзельнікаў акцый ці абмяжуюцца рамкамі на ўваходзе.

Што мы і назіралі ў гэты раз: улады забаранілі правядзенне святкавання на прапанаваных арганізатарамі пляцоўках, дазволіўшы свята ў іншых месцах. І калі ў Гродне ўдзельнікі святкавання вольна хадзілі са сцягамі па-за святочнай пляцоўкай, то ў Мінску Дзень Волі азмрочыўся затрыманнямі.

Як улады пераігралі самі сябе

Зрэшты, сёлета можна адзначыць і пазітыўныя моманты. Можна толькі здагадвацца, чым кіраваліся ўлады, калі давалі дазвол на правядзенне святочнага канцэрту ў Каложскім парку.

У любым выпадку, гэты крок стаў надзвычай сімвалічным, бо менавіта ў Гродне, які сто гадоў таму на паўгода стаў другой сталіцай БНР, ўрад рэспублікі адзначыў першыя угодкі абвяшчэння незалежнасці. Пра што не раз нагадалі са сцэны каля Каложы 23 сакавіка.

Урокі вымушанай мабілізацыі

Магчыма, выдадзены ў апошні момант дазвол на святкаванне і ў Гродне, і ў Мінску даваў уладам спадзеў на тое, што арганізатары не здолеюць у сціслы тэрмін зладзіць два паўнавартасныя мерапрыемствы. Трэба прызнаць, што момант напружанасці сапраўды быў, што было бачна па пікіроўцы ў сацсетках і СМІ паміж арганізатарамі мінскага і гродзенскага святкаванняў. Але і ў выніку можна канстатаваць, што такі разлік уладаў, калі ён быў, не апраўдаў сябе: 101-я угодкі абвяшчэння незалежнасці годна адсвяткалі і ў першай, і ў другой сталіцы БНР. Арганізатары здолелі мабілізавацца за лічаныя дні, каб зладзіць свята для тысяч чалавек.

Нарэшце свята

На пачатку 2000-х я быў сведкам некалькіх святкаванняў Дня Волі ў Гродне. У 2002-м некалькім сотням удзельнікаў свята давялося прабівацца з парка Жылібера да Новага замка праз шчыльныя кардоны супрацоўнікаў АМАПу, якіх было ці не болей, чым дэманстрантаў. Праз год на вуліцы горада выйшла некалькі дзясяткаў чалавек. Без аніякай сімволікі, у атачэнні спецназу з сабакамі. У 2005-м на плошчу Леніна с бел-чырвона-белымі кветкамі выйшла некалькі чалавек.

Дзень Волі-2019 стаў сапраўдным святам. Дваццаць гадоў таму было немагчыма сабе ўявіць малебны ў Каложы і Фарным касцёле, прымеркаваныя да 25 сакавіка. Сотні маладых бацькоў з дзецьмі, фудкорты і вялікі канцэрт, святочны гандаль. Пасля святочнага канцэрта я да позняга вечара сустракаў людзей са сцягамі ў цэнтры горада, нібы гэта быў Львоў ці Вільня, а не Гродна. Такім і павінна быць сапраўднае свята. І яно атрымалася.

Дзень Волі перастае быць «святам для гета»?

І яшчэ адно назіранне. Беларуская мова ў Каложскім парку гучала пераважна са сцэны. Па-беларуску размаўлялі мае знаёмыя журналісты і актывісты. А вось шараговыя госці свята, па маіх назіраннях, часцей за ўсё гаварылі па-руску. У тым ліку і людзі з бел-чырвона-белымі сцягамі ў руках. Адказ на пытанне добра гэта ці кепска, здавалася б, ляжыць на паверхні. Але можна паспрабаваць паглядзець на гэта і з іншага боку. Дзень Волі, хочацца спадзявацца, нарэшце выходзіць на новыя прасторы і знаходзіць новых прыхільнікаў. Незалежна ад таго, на якой мове яны размаўляюць.  

«Усё будзе добра, жыве Беларусь!»: Як прайшоў Дзень Волі ў Мінску

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(41)