Комментарии
Аляксандар Класкоўскі, ”Наша нiва”

Недарэчны патас

Мілінкевіч працягвае гнуць сваё. Дэлегацыя беларускіх апазыцыянэраў мусіць выбірацца ў Штаты безь яго. Перад адлётам Сяргей Калякін заявіў: "Наша галоўная задача — распавесьці пра цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі". Лідэр апазыцыйных камуністаў лічыць, што зараз да падзеяў у нашай краіне "прыкаваная ўвага ўсяго сьвету".

Усе мы трохі грашым беларусацэнтрызмам. Выказваньні Калякіна нагадалі мне адзін выпадак з Шушкевічам, калі ён быў старшынём Вярхоўнага Савету.

У 93-м годзе ў Вашынгтоне група кангрэсмэнаў запрасіла яго на сьняданак ў Капітоліі. Трэба было вельмі коратка расказаць пра Беларусь. Шушкевіч ўклаўся ў чатыры хвіліны. Праўда, потым закідалі пытаньнямі, дык адказваў хвілін дваццаць.

Але самае пікантнае было далей. Вось як я запісаў гэта некалі для этэру "Свабоды" са слоў былога сьпікера. "Пасьля мерапрыемства падыходзіць да мяне адзін сталага ўзросту кангрэсмэн ды кажа:

— Я даўно ведаю і вельмі люблю Беларусь. Цудоўная краіна! А калі вы далі рады вашаму Чавушэску, я палюбіў вашу краіну яшчэ болей".

Трэба думаць, з таго часу узровень абазнанасьці кангрэсмэнаў у беларускім пытаньні падвысіўся :)

Хаця выказваньні некаторых заакіянскіх палітыкаў, што напэўна ж шчыра зычаць беларусам лепшай долі, сьведчаць пра адарванасьць ад нашых рэаліяў.

Фразы пра народ, што стогне пад ярмом дыктатуры, падаюцца яўнай нацяжкай.

У тым і рэч, што ярмо муляе, скажам шчыра, меншай частцы беларусаў. Электаральная база цяперашняй улады застаецца даволі шырокай. Канешне, паводле вэрсыі незалежнай сацыялёгіі, лічбы прыкметна меншыя, чым як падае афіцыйная статыстыка "элегантных перамог". Але казаць пра размах апазыцыйнай барацьбы і тым болей "перамогу ў галовах" — заўчасна.

Ці ня лепей было б, адкінуўшы недарэчны патас, даводзіць палітыкам заходніх дэмакратыяў ўсю праўду пра нашу сапраўды драматычную сытуацыю?

Чым болей адэкватнае ўяўленьне, тым хутчэй намацаюць і адэкватную парадыгму вырашэньня "беларускага пытаньня".

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)