Нечаканы Быкаў. Што пра народнага пісьменніка казалі ягоныя сябры і калегі
Крытыка, нязвыклыя характарыстыкі — з лістоў і успамінаў. 100-годдзю народнага пісьменніка прысвячаецца.
Многія з нас ведаюць Васіля Быкава як вядомага пісьменніка, аўтара праўдзівых і горкіх аповесцяў пра страшную вайну, грамадскага дзеяча, сумленне нацыі.
Тым цікавей даведацца пра тое, якім яго бачылі тыя, хто ведаў Быкава па працы ў рэдакцыі гарадзенскай газеты, ягоныя калегі-літаратары, сябры. Прапануем некалькі цытатаў з іх лістоў і успамінаў.
«Васіль, ты пачаў зазнавацца»
У маі 1966-га пісьменнік Алесь Савіцкі ў сваім лісце моцна раскрытыкаваў Васіля Быкава, у якога да таго часу ўжо выйшлі «Альпійская балада», «Жураўліны крык» і «Мёртвым не баліць». — Васіль, ты пачаў зазнавацца, ты пакаціўся ўніз па пенных хвалях славы і хвалы, ты ўжо згубіў шмат з свае чалавечай і чалавечнай дабрыні. Ты не заўважаеш гэтага, табе проста не даюць заўважаць.
Ты сёння ўжо цыкаеш на тых, хто думае інакш, ты сёння ўжо не папытаеш, які лёс тых, каго ты адпіхнуў плячом сваім, на якім ляжыць цяжкая паклажа толькі гучных і добрых эпітэтаў. (...) Табе, думаецца, сябры твае ўпарта ўбіваюць у галаву, што ты амаль тое ж, што «нацыянальны герой», «пакутнік», «гаротнік», «сцяг». Мажліва памыляюся, але нешта ля гэтага ёсць.
А гэта ж, Васіль, няпраўда. Саўсім няпраўда. А ты паверыў у яе, калі не ўсю, дык часткова прыняў сэрцам. Няўжо ты не заўважаеш, што выглядаеш смешным у ліловым тумане «акадэмічнай» хвалі? Ты проста пісьменнік. Добры. (...) Няўжо ты не заўважаеш, што ты ўжо сам робішся асновай культу?
Абраў прафесію пісьменніка, а не сям’ю
А гэта фрагмент кнігі ўспамінаў Дануты Бічэль «Хадзі на мой голас». З паэткай Быкаў пасябраваў у Горадні, калі вычытваў як вершы для літаратурнай старонкі ў «Гродзенскай праўдзе».
— Цяпер можна сказаць, што кожная новая аповесць у перыяд узыходжання на вяршыню была для Быкава цікавай прыгодай жыцця: з боку крытыкі і прыхільнікаў ім усе захапляліся. А што партыя яго не прымала, дык ён жа і сам у яе не ўступаў.
Як творца вялікага патэнцыялу Васіль Быкаў усё жыццё працаваў на свой талент і гэтым прыносіў славу Беларусі. Ён абраў прафесію пісьменніка, адсюль і выдаткі ў яго асабістым жыцці. Ён пакінуў жонку і сыноў, таму што яны ў яго жыцці не былі галоўнымі…
«Ніколі антысаветчыкам як такім Быкаў ня быў»
— Гэта ён потым ужо стаў дысідэнтам, калі Лукашэнка паявіўся, — прыгадваў у інтэрв’ю «Радыё Свабода» гарадзенскі сябар пісьменніка Вітольд Іваноўскі.
Па яго словах, Быкаў троху крытыкаваў начальнікаў, смершаўцаў, бо органы з часу вайны ненавідзеў.
— І ўсё лічыў, што яго падслухоўваюць. Мы як станем гаварыць такое, ён тады дыск тэлефона адкруціць на нуль і ставіць запалку, фіксуе. Гэта, ён лічыў, перашкаджае падслухоўваць.
Але ніколі антысаветчыкам як такім Быкаў не быў, казаў у тым інтэрв’ю Іваноўскі. І дадаваў, што хоць Быкаву і даставалася за ягоныя творы, савецкая ўлада ўсё ж «поўнай меркай адмерала»: і лаўрэата дала, і героя.
Вялікае бачыцца на адлегласці. Гэта цяпер вялікасць нейкая паўстае Быкава, а тады ён напісаў, канечне, некалькі аповесцяў, але ў газеце быў літкансультант... Каля пяцідзесяці гадоў мінула. Даўно было. Не думалі, што ён будзе такое свяціла. Так бы запісвалі, а то ніхто нічога значнага пра яго не напісаў з тых, хто ведаў Быкава тады.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное