«Не ўсе пазналі Менск. Некаторыя бачылі Віцебск, іншыя – Гародню, а былі і тыя, хто казаў пра Баранавічы»
Стваральнікі сямейнага брэнда @СiesnaBrama распавялі «Салідарнасці» пра тое, чым статус «экстрэмістаў» можа быць прыемны, як збліжаюць беларусаў з палякамі і літоўцамі і як 1918-ы пераклікаецца з 2020-м.
Беларусы Арцём і Мар’яна (імёны змененыя) з’ехалі з Менску ў 2021-м. А некалькі тыдняў таму старонку @ciesnabrama, дзе яны паказваюць і прадаюць цішоткі ды худзі з беларускімі сымбалямі, сілавікі аднеслі да «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
— То мы яшчэ такія маладыя «экстрэмісты», — усміхаецца Арцём, распавядаючы, што ўспрынялі з жонкай гэтую навіну дваяка. — З аднаго боку трошкі клопатна, бо хтосьці з падпісчыкаў у Беларусі, і гэта можа мець наступствы. З іншага, было нават прыемна зразумець, што і мы маем нейкі ўплыў на беларускае грамадства. Што наша справа не дарма.
«Ёсць задумка больш збліжаць палякаў з беларусамі»
— Наш праект @CiesnaBrama аўтарскі, мастак гэта я, а жонка падказвае ідэі і дапамагае з распаўсюдам. На Мар’яне вельмі моцная арганізацыйная частка.
Праект нарадзіўся ўжо ў Варшаве. Там я вырашыў сабраць усе свае творы, якія калісьці аддаваў на продаж у менскія крамы. І такім чынам перазапусціў беларускі праект ужо ў Польшчы. Штосьці намаляваў ўжо ў эміграцыі. Канцэпцыя насамрэч не змянілася, гэта такі беларускі мерч з традыцыйнымі хрысціянскімі каштоўнасцямі.
— Мо які новы настрой ці акцэнты да яго цяпер дадаяце?
— Ёсць задумка больш збліжаць палякаў з беларусамі. У нас выйшла новая папулярная цішотка, на якой побач герб польскі і наша Пагоня, а яшчэ пераплятаюцца польскі і беларускі сцягі. Мы робім гэта для пашырэння дыялогу паміж нашымі народамі ў кантэксце агульнага мінулага Рэчы Паспалітай. З абодвух бакоў бачу на гэта запыт: даведвацца пра агульныя кропкі судотыку нашых культур, гісторыі, традыцый.
Мы зрабілі цішотку з Кастусём Каліноўскім, дзе на беларускай лацінцы былі вытрымкі з «Мужыцкай праўды». І прозвішча напісалі беларускай лацінкай.
Калі мы запусцілі рэкламу гэтага дызайну на Польшчу і Літву, то пабачылі, што і палякі з літоўцамі ставілі лайкі. Пазітыўных было больш, але ж некаторыя з Літвы пісалі нам, што «гэта не Каліноўскі, а Калінаўскас, папраўце». Таксама адзін паляк напісаў, што насамрэч Каліноўскі быў палякам. Але з масавым хейтам мы не сутыкаліся.
Мы шмат размаўлялі з палякамі, раскрывалі мінулае Беларусі, і бачылі, што ім вельмі цікава.
Паказваеш мапу, распавядаеш пра нашых агульных герояў, якія ўдзельнічалі ў шматлікіх паўстаннях, пачынаючы з Касцюшкі да Лістападаўскага і Студзеньскага. І процьма іншых агульных культурніцкіх з’яў і падзей, у якіх удзельнічалі менавіта продкі палякаў і продкі беларусаў.
Але і дагэтуль на Рэч Паспалітую літоўцы пішуць «гэта наша Літва», а палякі — «наша Польшча». Калі такое чуем, то нагадваем, што беларусы там таксама былі. І пачынаецца спрэчка: «Дык Беларусі ж тады не было, дзе гэтая назва?»
І мы пачынаем распавядаць пра факты, якія сведчаць, што беларусы таксама маюць права на гэту спадчыну, з якой выцякае ў тым ліку наша ментальнасць і наш культурны код, наша гісторыя і мова. Бо яна мела развіццё акурат праз усе наслаенні гэтых дзяржаў, хаўрусаў і нават акупацыі. А потым і вызвалення.
Гэта ўсё уплывала на культуру, мову і развіццё народаў. Бо беларусы — гэта не іншапланецяне, якія прыляцелі на Зямлю ў 20-м стагоддзі. І мы хочам даносіць гэта праз нашы дызайны, цішоткі і худзі.
«Б’юць званы, быццам на бой ідуць ваяры — штось такое лунала ў паветры»
— Як з’явілася вашая карціна «Вуліцы свабоды» з Нямігай, беларусамі ды сцягамі?
— Я намаляваў яе да гадавіны першага нядзельнага маршу ў жніўні 2020-га, калі на вуліцах быў акіян з беларусаў і нашых сцягоў. Я быў тады на беразе Свіслачы, толькі з іншага боку, з ракурсу «дома Чыжа».
Мы зайшлі ў краму падсілкавацца і ўбачылі здалёк, як натоўп ідзе па праспекце Пераможцаў. Бачыў раку і натоўп людзей са сцягамі, які падымаўся ў Верхні горад.
У той момант білі званы Марыінскага касцёла на плошчы Свабоды. Гэта нагадвала нейкую гістарычную батальную сцэну. Б’юць званы, быццам на бой ідуць ваяры — штось такое лунала ў паветры.
І вось гэтыя вежы цэркваў сталі для мне ўзгадкай, якая спрацавала, каб стварыць гэтую карціну. Калі я яе маляваў, прыйшла думка выкарыстаць адлюстраванне ў вадзе, быццам з мінулага продкі штосьці нам перадаюць, падтрымліваюць. Своеасаблівая сувязь з продкамі праз гэтыя званы.
І ведаеце, у каментарах да гэтай карціны не ўсе пазнавалі Менск і Нямігу. Некаторыя бачылі Віцебск, іншыя – Гародню, а былі і тыя, хто казаў, што гэта Жодзіна і нават Баранавічы. Беларусы пачалі пазнаваць свае родныя гарады.
Мне вельмі спадабалася гэта: з-за таго, што карціна дзесьці не вельмі дасканала намалявана па архітэктуры і лакалізацыі, кожны ўбачыў сваё. Крута, што карціна выйшла за межы Менска.
— На якую з вашых карцін большы попыт?
— Самая папулярная цішотка «Спакон вякоў». Яна вытрыманая ў шэрых танах, на ёй герб Пагоня нанесены на камень, а побач скрыжалі з дзесяццю запаведзямі Божага запавету.
Цішотка з Каліноўскім таксама папулярная, як і «Вуліцы свабоды».
— Вы пісалі у інстаграме пад малюнкам з карнікамі: «АМАП, які паслізнуўся на лёдзе. Так і прыйшла нарэшце вясна. Але пакуль у нашай краіне пануе няволя, памятаймо, што ў любую пару году мы — лёд пад нагамі АМАПа». Адкуль гэта і ці ёсць цішоткі з гэтым малюнкам?
— Я намаляваў гэта ў 2020-м, зімой. Пасля таго, як арт-партызаны расфарбавалі лёд на Нямізе нашымі сцягамі, а супрацоўнікі ЖЭСа выразалі піламі гэтыя малюнкі. І выкарыстаў кавалак з песні «Мы лёд под ногами майора...», быў такі антысавецкі трэк у 80-х.
Мы не вельмі гэта афішуем, бо сам гурт «Гражданская оборона» даволі супярэчлівы ў сваёй ідэалогіі, але мы ўзялі іх фармулёўку для тых, хто разумее і памятае антысавецкі супраціў у рок-музыцы тых часоў.
Я пабачыў аналогію з 2020-м і Беларуссю, калі людзі сваім мірным пратэстам спрабавалі стрымаць суайчыннікаў з дубінкамі.
«Хто пасее кепскія каштоўнасці — пажне злое»
— Яшчэ у вас ёсць малюнак з амапаўцам і дубінкай, якому супрацьстаіць дзядзька з Бібліяй... Не раз чула, што «калі б існаваў гэты ваш Бог, то ён бы не дапусціў пекла...» Вы не расчараваліся?
— Гэта даўняя спрэчка, праблема існавання зла. Калі Бог ёсць, то чаму не рэагуе, і чаму зло наогул існуе?
Я веру, што людзі могуць пазбегнуць пакарання пры жыцці, але не перад Богам. Таму барацьба за свабоду і справядліваць насамрэч не марная. Так, ёсць войны, але ёсць і гераічныя змаганні, і перамогі, у тым ліку дабра над злом. Усё мае сваю важнасць у вечнасці, і кожны панясе адказнасць за сваю справу.
Я ведаю тых, хто кажа, што Бога няма, а людзі насамрэч — звяры. І далейшыя іх высновы яшчэ больш жудасныя, у гэтым можна дайсці да таго, што і дыктатары маюць рацыю.
— Мне здаецца, на гэтае пытанне можна адказаць словамі Васіля Быкава, які казаў, што «людзі дзеляцца не па саслоўнай ці класавай прыналежнасці, не па прафесіі ці пасадах, а на добрых і злосных. І на аднаго добрага ў жыцці трапляюцца 10 злосных. Дабрата немагчымая без Богу, а са злом у чалавеку абавязкова пасяляецца д’ябал, якому ўжо ніхто не дасць рады».
— І гэта прапорцыя Быкава «на аднаго добрага 10 злосных» — гэта ж і пра нашую Цесную браму. Дэвізам сваёй старонкі ў інстаграме мы зрабілі цытату з Бібліі: «Бо цесная брама і вузкі шлях, што вядуць у жыццё, і мала хто знаходзіць іх».
І Біблія пра гэта кажа, і Васіль Быкаў гэта заўважыў, і мы. Што праз Цесную браму і дабро праходзіць мала людзей, на жаль. Значна больш абыякавых і злых у гэтым свеце. Бо каб прайсці праз «цесную браму», трэба сябе трохі паабрэзаць, у тым ліку сваё зло і эга. Бо толькі так можна заўважыць сапраўдныя вартыя каштоўнасці і здабыць штосьці добрае. Менавіта жыццё. Хто ж пасее кепскія каштоўнасці — і пажне злое.
«Мы распавядаем, што наш сцяг не супраць чагосьці, ён — за. За Беларусь, за наша адраджэнне, за нашу незалежнаць»
— Ці можа гэты бізнэс — худзі ды цішоткі з карцінамі пра Бацькаўшчыну — пракарміць вашу сям’ю ў эміграцыі?
— Для нас гэта не бізнэс-праект. Ён, безумоўна, камерцыйны, але гэта не асноўны даход. Гэта больш служэнне Бацькаўшчыне і нашай грамадзянскай супольнасці, каб узбагаціць рынак беларускіх прынтоў ды дызайнаў. Або каб падпіхнуць кагосьці. Бо добрая канкурэнцыя стварае шмат новых праектаў. Галоўнае — знайсці сваіх людзей, у нас гэта атрымалася.
— У вас ёсць карціна «Вясна, 1918», пра ўтварэнне БНР. Калі на яе глядзіш, чамусьці бачыш Менск 2020-га...
— Ёсць знакаміты фатаздымак, зроблены ў 1918-м ля касцёлу у будынку, дзе музычная школа, на плошчы Свабоды. Падчас прыняцця другой устаўной граматы, амаль сто год таму, з балкона таксама вывесілі бел-чырвона-белы сцяг. І я адчуў нейкую містыку, калі ў 2020-м людзі таксама вывешвалі сцягі з вокнаў.
Гэта карціна зараз вісіць у Варшаве на вуліцы Пулаўска, 114, там хрысціянская супольнасць і каворкінг. Аднойчы мне задалі пытанне, чаму людзі на той карціне такія шэрыя: «Вы хочаце сказаць, што ўсе, хто выходзіў у 2020-м — шэрая маса?»
Я адказаў, што людзі на ёй у старых капялюшах і вопратцы. Бо часы ў 1918-м былі больш строгія. Аказалася, дзяўчына пераблытала 1918-ы з 2020-м, бо мала што ведала пра абвяшчэнне незалежнасці БНР сто год таму.
Карціны часам даюць нагоду паразмаўляць з нашымі землякамі, беларусамі, падказаць, калі яны нешта не ведаюць. І яны штосьці падказваюць, чаго мы не бачым. Такая вось пазітыўная ўзаемаадукацыя.
Я сустракаў людзей, якія былі ўпэўненыя, што нацыянальны рух пачаўся з 2020-га. І яны таксама пачынаюць цікавіцца, спазнаваць сваю гісторыю.
Калі чую: «А, гэта ж сцяг апазіцыі, сцяг пратэсту!» — кажу, што гэта не так. Гэта не сцяг пратэсту і не сцяг апазіцыі, гэта беларускі нацыянальны сімвал. А ўжо потым наш нацыянальны сімвал можа выконваць пэўныя функцыі, у тым ліку і як сімвал пратэсту, і як сімвал міра, аб’яднання беларусаў.
Мы распавядаем, што наш сцяг не супраць чагосьці, ён — за. За Беларусь, за наша адраджэнне, за нашу незалежнаць, родную краіну, культуру, гісторыю і Бацькаўшчыну.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное