Не стала Галіны Сямдзянавай

Ад цяжкой хваробы 18 верасня памерла Галіна Сямдзянава, дэпутат Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склікання, адна з лідэраў беларускай дэмакратычнай незалежніцкай апазіцыі.

Пра гэта паведаміў у сваім блогу Вінцук Вячорка.

Галіна Георгіеўна Сямдзянава нарадзілася 28 лютага 1947 году ў Гдыні (Польшча).

Галіна Сямдзянава закончыла Куйбышаўскі політэхнічны інстытут, працавала ў абароннай прамысловасці на інжынерскіх пасадах. Але сумавала па Беларусі, з якой былі звязаныя найлепшыя ўспаміны дзяцінства.

Вярнуўшыся ў Беларусь, Галіна Сямдзянава пачала працу ў Камітэце народнага кантролю, узначальвала Наваградзкі раённы КНК.

Яе сумленнасьць, чуласць да людзей забяспечылі ёй вялікі аўтарытэт, і ў 1990 годзе Галіна Сямдзянава была выбраная народным дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларускай ССР ад Наваградзкай выбарчай акругі № 262.

У Вярхоўным Савеце Галіна Сямдзянава стала адным з найбольш прафэсійных і запатрабаваных дэпутатаў. Яна зрабіла свой ідэйны выбар: увайшла ў Дэпутацкую групу БНФ у Вярхоўным Савеце, была старшыней яе Рэвізійнай камісіі. Працавала ў Камісіях Вярхоўнага Савету па экалогіі і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў; па таварах народнага спажывання, гандлі і паслугах насельніцтву; у Часовай камісіі Вярхоўнага Савету па прывілеях.

Галіна Сямдзянава – адна з тых, хто дамогся абвяшчэння незалежнасці Беларусі ў 1991 годзе. Неацэнныя заслугі Галіны Сямдзянавай у стварэнні заканадаўчай базы незалежнасці нашай краіны. Яна суаўтар Канцэпцыі пераходу Беларускай ССР да рынкавай эканомікі (восень 1990). Удзельнічала ў распрацоўцы і прыняцці дзясяткаў заканадаўчых актаў, у тым ліку Дэкларацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь, законаў для спецыяльнай сесіі Вярхоўнага Савету 24-25 жніўня 1991 году, калі была абвешчаная незалежнасць.

Яна была аўтарам заканадаўчых прапановаў, накіраваных на стварэнне арміі Беларусі. Старшынявала ў Беларускай асацыяцыі вайскоўцаў «Вяртаньне», якая пасля распаду Савецкага Саюзу дапамагла вярнуцца ў Беларусь больш як чатыром тысячам вайскоўцаў, у тым ліку з зонаў узброеных канфліктаў.

У 1996-1997 гадах уваходзіла ў Сакратарыят Вярхоўнага Савету 13-га склікання, які працягваў працу пасля гвалтоўнага разгону 1996 году.

У Партыі БНФ Галіна Сямдзянава была адным з найбольш аўтарытэтных лідэраў і экспертаў. Займала пасады намесніцы старшыні (2002-2006), старшыні Юрыдычнай камісіі, старшыні Рэвізійнай камісіі (да 2010).

У 2008 годзе была накіраваная ад БНФ у Цэнтральную камісію па выбарах і рэспубліканскіх рэфэрэндумах, у 2010-м - у Менскую гарадзкую камісію па выбарах прэзідэнта. Прынцыпова адстойвала законнасць, прафесійна выкрывала фальсіфікацыі, адважна заяўляла асобную думку. За гэта ня раз цярпела пераслед і спробы запалохваньня ад уладаў. Але з ёй былі вымушаныя лічыцца нават зацятыя апаненты.

Ад нас адышоў выдатны чалавек, гістарычная постаць. Мы жывем у незалежнай краіне і дзякуючы Галіне Сямдзянавай. Светлая памяць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)