«Не спявайце ў Беларусі!»

«Дысідэнты кажуць поп-зоркам: «Не спявайце ў Беларусі», — артыкул пад такім загалоўкам апублікаваны ў брытанскай газеце «Independent» за 26 сакавіка. Прадстаўнікі Шакіры і Мобі, у якіх запланаваныя канцэрты ў Мінску ў бліжэйшым часе, пакуль не адказалі на неаднаразовыя просьбы рэдакцыі Independent пракаментаваць, ці камфортна ім выступаць у Беларусі з улікам сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.

«Беларускія дысідэнты заклікаюць міжнародных зорак байкатаваць Беларусь на знак пратэсту супраць зняволення сотняў дэмакратычных актывістаў.

Шакіра і Мобі, спевакі, якія традыцыйна падтрымліваюць прагрэсіўныя палітычныя рухі, на працягу бліжэйшых двух месяцаў павінны выступіць з канцэртамі ў Мінску. Змагары за правы чалавека заклікаюць іх адмовіцца ад гэтых планаў. Рок-гурт Deep Purple, які мае адданых прыхільнікаў у былых савецкіх рэспубліках, павінен выступіць на дзяржаўнай «Мінск-Арэне» ужо ў нядзелю», — піша Independent.

Газета нагадвае падзеі апошніх месяцаў у Беларусі, калі больш за 700 актывістаў дэмакратычнага руху былі арыштаваныя падчас жорсткага падаўлення апазіцыі сіламі «апошняй дыктатуры Еўропы». Практычна ўсім палітыкам, якія адважыліся выступіць супраць Аляксандра Лукашэнкі, былі прад’яўленыя абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў, за якія ім пагражаюць працяглыя тэрміны пазбаўлення волі. Беларусь з’яўляецца адзінай краінай у Еўропе, у якой дзейнічае смяротнае пакаранне.

Вядомыя дысідэнты з трывогай адрэагавалі на тое, што, нягледзячы на працяг уціску на дэмакратычныя сілы і шырока распаўсюджаныя парушэнні правоў чалавека, поп-зоркі па-ранейшаму гатовыя выступаць у Беларусі, краіне, дзе 80 працэнтаў прамысловасці — у тым ліку амаль усе найбуйнейшыя стадыёны, на якіх можна выступаць — належаць дзяржаве.

— Я была ўзрушана, калі пачула, што гэтыя артысты прыязджаюць выступаць у Беларусь, — кажа Ірына Багданава, сястра зняволенага кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. — На працягу сучаснай гісторыі выбітныя спевакі, спартсмены і музыканты заўсёды займалі прынцыповыя пазіцыі ў дачыненні да краін, у якіх парушаліся правы чалавека і дзе не было свабоды і справядлівасці».

Наталля Каляда, член групы «Free Belarus Now», якая прадстаўляе сем’і тых, хто быў арыштаваны беларускімі уладамі, заявіла: «Мы звяртаемся да артыстаў з просьбай адмяніць свае канцэрты ў Беларусі, паколькі любы візіт дасць знак дыктатару Аляксандру Лукашэнку, што выкраданні людзей, забойствы і катаванні ў турмах КДБ з’яўляюцца прымальнымі».

Актывісты выказалі асаблівае здзіўленне, што Шакіра і Мобі — якія ў мінулым выступалі супраць парушэнняў правоў чалавека — пагадзіліся выступаць у Менску.

Калумбійская спявачка Шакіра — «пасол добрай волі UNICEF», кіруе сваім дабрачынным фондам для дзяцей і рэгулярна выступае ў падтрымку прагрэсіўных палітыкаў у Лацінскай Амерыцы і Злучаных Штатах. У мінулым годзе яна была адной з шэрагу вядомых знакамітасцяў, якія выступілі супраць спрэчных іміграцыйных законаў у Арызоне. Амерыканскі кампазітар Мобі раней выступаў для Move On — амерыканскай дабрачыннай арганізацыі, якая збірае грошы для прагрэсіўных палітыкаў. Ён таксама дапамог стварыць фонд па зборы сродкаў для Тыбэту.

Канцэрт Шакіры — гэта частка яе глабальнага турнэ «The Sun Comes Out», прызначаны на 19 траўня ў «Мінск-Арэне». Беларускія сайты ўжо пачалі продаж квіткоў на канцэрт Мобі, які павінен адбыцца 12 чэрвеня, хоць на афіцыйным сайце Мобі яго да гэтага часу няма.

Прадстаўнікі абодвух артыстаў пакуль не адказалі на неаднаразовыя просьбы рэдакцыі Independent пракамэнтаваць, ці камфортна ім выступаць у Беларусі з улікам сытуацыі з правамі чалавека ў краіне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)