Не скарыцца чужой сіле

Гэты месяц – адметны. 19 чэрвеня спаўняецца 100 год са дня нараджэньня Васіля Быкава. Увесь чэрвень мы будзем штодня публікаваць артыкулы, нататкі і фотападборкі, прысьвечаныя легендарнаму беларусу. А пачынаем гэты цыкл з эсэ, напісанага адмыслова для «Салідарнасці» Сяргеем Навумчыкам, блізкім сябрам Пісьменніка.

Фота haroshak.by

Для расійскага чытача Васіль Быкаў – гэта «пра вайну».  Для нас,  беларусаў – гэта пра беларускую нацыю, і чым далей, тым больш глыбока нацыя будзе гэта ўсьведамляць. І справа тут ня толькі ў тэкстах.

Увогуле, савецкая літаратурная крытыка зрабіла Быкаву дрэнную паслугу, называючы яго аўтарам «ваеннай прозы». Гэта ўсё роўна, як назваць Льва Талстога «ваенным» пісьменьнікам,  Дыкенса – хранікёрам лонданскага дна, Дастаеўскага – фіксатарам крымінальнага Пецярбурга ці, скажам, Фолкнера – выкрывальнікам рабаўладальніцкіх рудымэнтаў амэрыканскага Поўдня.

Так, дзеяньне быкаўскіх аповесьцяў адбываецца ў ваенны час, у арміі, на фронце альбо ў вёсках на акупаванай тэрытіорыі, у партызанскіх лясах. Але гэта – толькі фон, які стварае ўмовы для выбару, перад якім Быкаў ставіць сваіх герояў.

Быкаў не любіў распавядаць пра няпростыя сытуацыі, у якіх сам апынаўся ў франтавым мінулым, хаця з «Доўгай дарогі..» разумееш, што падобнага  хапала.

Але на вачах маладзейшых пакаленьняў Быкаў зрабіў выбар, які паўплываў ня толькі на ягоны лёс (апошнія гады жыцьця быў вымушаны жыць на чужыне), але і ў вялікай ступені вызначыў лёс нацыі.

І можна нават назваць канкрэтны час, калі быў зроблены гэты выбар – чэрвень 1988 году. У тыя дні  Герой Сацыялістычнай працы, ляўрэат Ленінскай і Дзяржаўнай прэмій, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, член Праўленьня Саюзу пісьменьнікаў СССР і Саюзу пісьменьнікаў БССР (я пазначаю тытулы зь вялікіх ліітараў, паводле тагачасных правілаў правапісаньня, бо кожны зь іх гарантаваў ўладальніку высокі афіцыйны статус і бязьбеднае існаваньне), -- напісаў некалькі вельмі важных сказаў.

Бяз гэтых быкаўскіх слоў (прадмовы да артыкулу пра Курапаты) была б немагчымая праўда пра нацыянальную трагедыю, што ўскалыхнула грамадзтва і зьявілася пачаткам новай хвалі нацыянальнага Адраджэньня, і якое неўзабаве прывяло да абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі.

Пазьней Зянон Пазьняк прыгадваў, што раней быў асабіста не знаёмы з Быкавым, але яму не прышлося нічога тлумачцыь Васілю Ўладзімеравічу і ня ў чым пераконваць: Быкаў адразу ўсё зразумеў і зрабіў свой выбар.

А праз некалькі месяцаў гэтак жа рашуча Быкаў адвярнуў ад функцыянэра ЦК кампартыі мікрафон і паставіў на галасаваньне вылучэньне Пазьняка старшынём «Мартыралёгу Беларусі». Пазьняк, у сваю чаргу, правёў абраньне аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту.

Сёньня ўражвае, якая невялікая частка пісьменьнікаў, дзеячоў тэатра і кіно, навукоўцаў, усіх тых, каго прынята называць элітай нацыі, увайшла ў склад БНФ. Сам Быкаў якраз гэтаму не зьдзіўляўся і тлумачыў тым, што сапраўдная нацыянальная эліта была амаль што ўся, пад корань, вынішчаная дзесяцігодзьдзямі рэпрэсій і запалохваньняў.

Казаў Быкаў і пра неабходнасьць для ўсіх палітычных сілаў, для ўсяго грамадзтва сканцэнтравацца ў вызначальны, крытычны для нацыі час вакол БНФ, які ён называў авангардам дэмакратычных і незалежніцкіх сілаў.

Называў і мэту – гарантаваць незваротнасьць працэсу дэмакратызацыі, які, пры ўсіх складанасьцях, шмат каму ў пачатку 90-х падаваўся перадвызначана пасьпяховым і не вымагаў нейкіх звыш-высілкаў.

Гэткая быкаўская настойлівасьць ня ўсім была зразумелай: хтосьці не лічыў ідэальнай фігуру лідара БНФ, камусьці ня ўсё падабалася ў фронтаўскай праграме, іншыя ўвогуле меркавалі, што час палітычнай актыўнасьці мінуў,  і ўсё вырашаць будзе эканоміка. Нехта з прыхільнікаў дэмакратыі спадзяваўся на Захад, іншыя глядзелі ў бок Масквы.

Быкаў жа нястомна наведваў паседжаньні Соймаў БНФ (калі быў здаровы – не прапускаў ніводнага), прыходзіў на мітынгі, у 94-м уключыўся ў прэзыдэнцкую кампанію Пазьняка, езьдзіў з дэпутатамі БНФ на сустрэчы з выбаршчыкамі ў рэгіёны.

Ён, найвялікшы пісьменьнік, рабіў тое, чаго не жадалі, ад чаго адмаўляліся многія літаратары, мякка кажучы, не такога маштабу.

Мне часам даводзілася (ды і цяпер даводзіцца) чуць, што «ўцягваючы» Быкава ў палітычную дзейнасьць, адрываючы яго ад пісьмовага стала, мы тым самым абкрадалі літаратуру, не далі зьявіцца новым творам.

Ці добра ведалі такія людзі Васіля Ўладзімеравіча? Ці сустракаліся зь ім асабіста, хаця б аднойчы? Трэба зусім не разумець Быкава, каб казаць, што яму можна было нешта навязаць насуперак жаданьня хаця б у нейкіх дробязях, ня кажучы ўжо каб некуды «уцягнуць».

Памятаю, як аднойчы ў Празе мы разам з Івонкай Сурвілай, Ірынай Міхайлаўнай і Васілём Уладзімеравічам былі ў кітайскай рэстарацыі (той самай, якая была непадалёк ад кватэры Быкавых), і калі прынесьці рахунак, я, ясная справа, за ўсіх расплаціўся.

«Сярожа, я не прасіў Вас гэтага рабіць!» – сказаў Васіль Уладзімеравіч, якому, напэўна, хацелася  заплаціць за ўсю кампанію.  Мне зрабілася вельмі няёмка. Такі эпізод непаразуменьня здарыўся, на шчасьце, толькі аднойчы, але мне хапіла аднаго.

Быкаў рабіў тое, што лічыў патрэбным рабіць, у чым быў перакананы. Ён да канца дзён сваіх застаўся верны праўдзе – у літаратуры, і верны Беларусі – у сваім жыцьці.

12 верасьня 2001-га, перад сустрэчай з Вацлавам Гавэлам

... Днямі ў Празе выйдзе кніга «Быкаў 100», якую складаюць выбраныя цытаты Васіля Ўладзімеравіча, дасьледваньні і ўспаміны тых, каму давялося сустракацца зь ім у Чэхіі. Кніга выдаецца суполкай «Скарына» пры падтрымцы Рады БНР.

У лік цытатаў я выбраў і словы з інтэрвію, якое Васіль Уладзімеравіч даў мне вясной 1994-га, напярэдадні першых (і, фактычна, адзіных) прэзыдэнцкіх выбараў.

Словы гэтыя гучаць як папярэджаньне, але адначасна і як надзея:

«Беларусь ня зьнікне, калі ня скорыцца чужой сіле, яшчэ разгорне свой жыцьцёвы патэнцыял і зьдзейсьніць на боскай зямлі сваю людзкую місію».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(38)