«Не праходзіў тэхагляд, бо не было грошай»
Cудзяць кіроўцу грузавіка, які насмерць збіў дзяўчынку ля «Замка».
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 3 красавіка пачалося пасяджэнне па гучным ДТЗ ля гандлёвага цэнтра «Замак». Абвінавачаны — кіроўца грузавіка, які 2 снежня паехаў на чырвонае святло і ўрэзаўся ў людзей на пешаходным пераходзе.
У выніку ДТЗ загінула 8-гадовая дзяўчынка, некалькі чалавек трапілі ў бальніцу. Пасля кіроўцу ўзялі пад варту. Цяпер яму пагражае да 5 гадоў зняволення.
А той пешаходны пераход улады вырашылі ўвогуле ліквідаваць.
Пазней следчыя высветлілі, што грузавік меў праблемы з тармазамі і рулявой сістэмай, не прайшоў тэхагляд і не мусіў выязджаць на дарогу ў такім стане. Але ж, па версіі СК, кіроўца «меў магчымасць адвесці транспартны сродак ад пешаходнага пераходу, выехаўшы на газон або агароджу, што дапамагло б прадухіліць трагедыю».
На судзе абвінавачаны 56-гадовы Віталь Мычко адмовіўся ад адваката. Ён прызнаў — на абаронцу ў яго няма грошай, але на прапанову суддзі прадаставіць дзяржаўнага адваката адказаў, што не трэба.
Адна пацярпелая папрасіла суд спагнаць з Віталя Мычко кампенсацыю за прычыненне маральнай шкоды. Іншыя пацярпелыя вырашылі падаць такі ж пазоў на сына абвінавачанага, іпэшніка, якому належыў той грузавік «ЗІЛ».
— Прычым тут сын? Гэта ж я ўсё здзейсніў, — сказаў кіроўца.
Але ж суддзя Вадзім Есьман хадайніцтвы пацярпелых задаволіў.
Сваю віну Віталь Мычко прызнаў цалкам.
На «ЗІЛе» (які ў народзе яшчэ называюць «бычком») Віталь развазіў прадукты па крамах. Апошні раз машына праходзіла тэхагляд яшчэ летам 2015 года, прызнаўся кіроўца.
— Не было чым плаціць, — патлумачыў Мычко далейшую адсутнасць тэхагляду.
Але сцвярджае, што пра праблемы машыны не падазраваў.
— Каб былі такія няспраўнасці, як высветлілі, я б канечне нікуды не выехаў! — запэўніў Мычко.
У дзень трагедыі ён таксама «не адчуваў» падчас руху, што з машынай было штосьці не так.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное