Общество
Сямён Печанко, Сяргей Гезгала, «Наша Нiва»

«Не магу выбрацца. Я вас усіх кахаю»

У часе пажару пад Брэстам 23-гадовы мужчына паспеў патэлефанаваць з-пад завалаў перад смерцю. Становяцца вядомымі горкія падрабязнасці трагедыі.

Трагедыя здарылася 21 лютага ў вёсцы Буякі, што за пару кіламетраў на ўсход ад Брэста, каля трасы Брэст-Мінск. На прыватным прадпрыемстве адбыўся пажар. У будынку месціўся склад кветак і офіс.

Спачатку прагрымеў выбух, паведамляе сайт Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. У выніку здарэння адзін чалавек загінуў, двое — параненыя. Разбураныя апорныя сцены 1 і 2 паверхаў, абрынуліся пліты перакрыцця, дахавымі канструкцыямі знішчаны грузавы аўтамабіль «Мэрсэдэс», які знаходзіўся ў гаражы будынка. Плошча абрушэння склала 180 кв. метраў.

Сігнал пра здарэнне ад відавочцы паступіў у МНС у 17.25. На месцы былі неадкладна арганізаваныя работы па пошуку і выратаванні двух чалавек, што апынуліся пад заваламі. Адначасова вялося тушэнне пажару. Сем чалавек, якія на момант выбуху знаходзіліся ў будынку, выбраліся з яго самастойна, адзін з іх пазней звярнуўся па дапамогу да медыкаў.

Ужо праз 12 хвілін пасля пачатку пошукаў з-пад завалаў супрацоўнікі МНС вынялі мужчыну. Ён шпіталізаваны ў рэанімацыйнае аддзяленне Брэсцкай абласной бальніцы. Цела хлопца, які загінуў, знайшлі пазней, калі большая частку завалаў разабралі.

— У той дзень у адной з супрацоўніц нашага прадпрыемства быў дзень нараджэння. Адсвяткаваць яго на кухні сабралася дзевяць чалавек. Мне расказалі, што мой стрыечны брат і яшчэ адзін кіроўца выйшлі ў іншы пакой. У гэты момант усё і здарылася, — распавёў «Комсомольской правде» Віталь, сын дырэктара прадпрыемства. — Ці то выбух, ці то павалілася дах, людзі не зразумелі. Але будынак разбурыўся. Тых, хто быў на кухні, выкінула хваляй на вуліцу. Аднаго мужчыну выявілі пад завалам адразу. А майго брата Віталіка няма…

Ён клікаў на дапамогу, але яго нідзе не маглі знайсці. Шукаў яго і мой бацька, які быў таксама ў будынку. А потым усё загарэлася. З-пад завалаў брат патэлефанаваў сваёй жонцы, бацькам і развітаўся. Сказаў: «Не магу выбрацца, тут пажар. Я вас усіх кахаю».

Выратавальнікі шукалі Віталя нават у часе пажару. Марна. Цела знайшлі толькі ўначы.

У мужчыны засталася паўтарагадовая дачка.

Пракурор Брэсцкага раёна Віктар Халаповіч назваў магчымай прычынай выбуху ўцечку газу на цокальным паверсе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)