Навумчык: Горшае, што могуць зрабіць апанэнты ўлады для саміх сябе, —дамагацца вынасу на рэфэрэндум свайго праекту Канстытуцыі

Пісьменнік — пра тое, ці варта гуляць з шарлатанамі.

— Падаецца, горшае, што цяпер могуць зрабіць апанэнты ўлады для саміх сябе (і лепшае для Лукашэнкі) — гэта дамагацца вынасу на рэфэрэндум свайго праекту Канстытуцыі ў альтэрнатыву таму, якім прапануе адміністрацыя, — лічыць Сяргей Навумчык. — Такую памылку зрабіў у 1996 Вярхоўны Савет 13-га скліканьня, калі разам з канстытуцыйнымі папраўкамі Лукашэнкі ўключыў у рэфэрэндум і праект Асноўнага закону, падрыхтаваны камуністамі.

Навумчык нагадаў, што перад рэфэрэндумам з пасады старшыні ЦВК указам (антыканстытуцыйным) Лукашэнкі быў зьняты Вікар Ганчар, а выканаўцай абавязкаў прызначаная Лідзія Ярмошына.

Афіцыйны вынік: 83,7% — за варыянт Лукашэнкі, 9,4% — за праект парлямэнту.

— Некалькі тысяч актывістаў БНФ, якія выйшлі на плошчу, ужо не маглі зьмяніць сытуацыю: Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет. І заявіў, што галасаваньне прайшло дэмакратычна, бо, глядзіце, і апанэнты мелі магчымасьць прапанаваць свой варыянт — значыць, плюралізм. Ды толькі народ іх, апанэнтаў, не падтрымаў, прагаласаваў за прапанову прэзыдэнта — што паробіш, дэмакратыя!

Для ўмацаваньня плюралізму і паглыбленьня дэмакратыі Лукашэнка зацьвердзіў Ярмошыну на пасадзе старшыні ЦВК.

Трэба думаць, што адсутнасьць у бюлетэнях на тым «рэфэрэндуме» альтэрнатыўнага праекту ня надта моцна паменшыла б лічбу, выведзеную спадарыняй Ярмошынай — але, бясспрэчна, ускладніла б прапагандысцкую кампанію, якая, як бы тое ні было, адыграла сваю ролю нягледзячы на непрызнаньне рэфэрэндуму дэмакратычнай міжнароднай супольнасьцю.

У 96-м больш прадуктыўным выглядаў варыянт, калі б Вярхоўны Савет увогуле не прызначаў рэфэрэндум, заклікаў на яго не ісьці, а галоўнае — давёў да канца працэдуру імпічмэнту.

Але гэта ўжо зусім іншая тэма зь ліку бясконцых у палітычнай гісторыі прыкладаў, калі, губляючы ініцыятыву, палітыкі пагаджаюцца гуляць пра правілах больш моцнага праціўніка.

Асабліва калі моц гэтая палягае, пераважна, у шарлатанстве.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(25)