Политика

Навумчык: «Захаваньне членства ў АДКБ будзе для нацыі выбарам самазабойцы»

Палітычны аглядальнік — пра тое, як АДКБ выявіўся перад сусьветам «саюзам дыктатур».

— Не магу пагадзіцца зь нядаўнімі словамі шаноўнай Сьвятланы Ціханоўскай (чалавечая сымпатыя да якой у мяне застаецца нязьменнай), што стаўленьне да АДКБ мусіць вызначаць народ, калі ў яго будзе права свабоднага выбару, — піша Сяргей Навумчык.

Не магу — ні як былы дэпутат, які ў 1990-м удзельнічаў у стварэньні Дэкларацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, дзе было запісана імкненьне да нейтралітэту, а ў 1993-м галасаваў супраць далучэньня Беларусі да АДКБ (пытаньне ў павестку дня сэсіі, між іншым, прапанаваў дэпутат Лукашэнка). Ні як чалавек, які аналізуе характар дачыненьняў як у самой структуры АДКБ, гэтак і стратэгічны накірунак дзейнасьці гэтай арганізацыі.

Само па сабе права народа вызначаць — уступаць краіне ў вайсковыя блёкі не не ўступаць — безумоўна, сумненьняў не выклікае. Але бясспрэчнай ёсьць і роля лідэраў, якія мусяць указаць народу як на станоўчыя, гэтак і на адмоўныя бакі таго ці іншага рашэньня, узважыць рызыкі і прапанаваць найбольш аптымальны варыянт.

Імкнуся ўбачыць карысныя для Беларусі аспэкты членства ў АДКБ — і не знаходжу іх. Яшчэ ў 1993 годзе (тады мы імкнуліся будаваць незалежнае ад Масквы войска) дэпутаты Апазыцыі БНФ казалі, што далучэньне да АБКБ уцягне краіну ў арбіту вайсковых інтарэсаў расейскага Генштабу. Гэтак і адбылося.

Па-сутнасьці, АДКБ зьяўляецца рэінкарнацыяй блоку Варшаўскай дамовы. З той толькі розьніцай, што меншага памеру, і што калі пры Брэжневе ён абараняў «заваёвы сацыялізму», дык пры Пуціне — ідэю вялікадзяржаўнага расейскага шавінізму, экспансіі «русского мира». У абодвух выпадках, цэнтар прыняцьця рашэньняў — Крэмль. (Я апускаю падпісаныя Лукашэнкам двухбаковыя вайсковыя пагадненьні з РФ у рамках так званай «саюзнай дзяржавы», стварэньне якой Васіль Быкаў назваў «злачынствам стагодзьдзя». Тут, мяркую, і так усё ясна).

За больш як трыццаць гадоў існаваньня незалежнай Рэспублікі Беларусь немагчыма прыгадаць, каб Крэмль прапанаваў беларускаму народу нешта прагрэсіўнае ў якой-небудзь сфэры грамадзкага, палітычнага, культурніцкага ці эканамічнага жыцьця. Зь нядаўняга — менавіта падтрымка Пуціным дазволіла ўшчэнт збанкрутаванаму Лукашэнку ўтрымацца ў жніўні 2020-га. Апошнія ж дзеяньні Крамля вакол Украіны надалі Беларусі пазыцыю патэнцыйнага агрэсара — чаго ніколі не было ў беларускай гісторыі за ўсе стагодзьдзі. Гэта паставіла і беларускіх палітычкаў, і звычайных грамадзян перад неабходнасьцю зрабіць геапалітычны выбар, пра што нядаўна заявіла Рада БНР.

Менавіта праз АДКБ сучасная Расейская імпэрыя (назавем рэчы сваімі імёнамі) вярнула сабе імідж «жандара Эўропы» — што пацьвердзілі нядаўнія падзеі ў Казахстане. АДКБ выявіўся перад сусьветам як «саюз дыктатур».

Калі ж уявіць, што ва ўсіх краінах-членах АДКБ замест дыктатураў усталёўваюцца дэмакратыі — дык і тады існаваньне гэтай арганізацыі сумнеўнае. Бо калі цяпер у ёй можна разглядзець унутраную логіку узаемазахаваньня дыктатарскіх рэжымаў — дык ва ўмовах свабоды вельмі праблематычна будзе знайсьці нешта агульнае ў вайскова-палітычных інтарэсах паміж эўрапейскай Беларусьсю ды Таджыкістанам ці тым жа Казахстанам, які, найхутчэй, будзе арыентаваны на Кітай.

Пасьля зьнішчэньня прарасейскай дыктатуры Лукашэнкі Беларусі сапраўды давядзецца рабіць выбар — ці абіраць шлях у NATO (што запатрабуе выкананьня шмат якіх умоваў), ці пацьвярджаць курс на нейтралітэт (для дасягненьне якога ў ягонай класічнай форме неабходны намаганьні яшчэ большыя).

Менш за ўсё высілкаў спатрэбіцца для захаваньня членства ў АДКБ — але для нацыі гэта будзе выбарам самазабойцы, паўторам трагічнай памылкі, аднойчы ўжо зробленай у 1994 годзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(38)