Навумчык: «У такой сытуацыі для Пуціна аслабіць Лукашэнку было б «не па-пацанскі»

Нейкая вышэйшая сіла дасылае беларусам заклік спадзявацца толькі на сябе, лічыць палітык.

— Я не прыхільнік містыцызму, але не пакідае адчуваньне, што беларускую дэмакратычную апазыцыю перасьледуе нейкі злы рок: як толькі ўзьнікае патрэба ў міжнароднай дапамозе — увага Захаду пераключаецца на нешта іншае, — піша Сяргей Навумчык. — Найбольш красамоўны прыклад — прэзыдэнцкія выбары 9 верасьня 2001 году: назаўтра пасьля «элегантнай перамогі» Лукашэнкі вядучыя сусьветныя выданьні напісалі пра масавыя фальсыфікацыі і ўзьнялі пытаньне — калі ж нарэшце сьвет усур’ёз возьмецца за апошняга дыктатара Эўропы. Але яшчэ праз дзень беларуская тэма была змытая на далёкую пэрыфэрыю: кіруемыя тэрарыстамі самалёты ўрэзаліся ў нью-ёрскія хмарачосы, усім стала не да Беларусі.

Як бы ні ставіцца да ідэі перамоваў апанэнтаў рэжыму з Лукашэнкам, даводзіцца прызнаць, што бяз моцнай міжнароднай падтрымкі (у бок апазыцыі) і ня менш моцнага ціску (на Лукашэнку) перамовы немагчымыя. Але трэба глядзець праўдзе ў вочы: афіцыйны Менск можа пайсьці на нейкія крокі толькі ў выніку адной з двух умоваў, адна зь якіх — пазыцыя Масквы. Праўдай застаецца і тое што прымусіць гэта зрабіць можа толькі раўназначны гулец, які знаходзіцца з Расеяй у роўнай палітычнай і ваеннай вагавай катэгорыі — ЗША. Эўрапейскі зьвяз можна нават ня браць пад увагу — ён пэрманэнтна дэманструе хранічную слабасьць, што і выявіў нядаўні феерычна правальны візыт у Маскву кіраўніка зьнешнай палітыкі ЭЗ.

У гэтым сэнсе, цяжка ўявіць якія-небудзь горшыя адносіны паміж Масквой і Вашынгтонам, чым цяперашнія (акрамя вайны, канешне). Цяперашні абмен «камплімэнтамі» паміж Байдэнам і Пуціным зафіксаваў узровень нават не «халоднай вайны» часоў Брэжнева і Андропава, а супрацьстаяньне гадоў позьняга Сталіна. Да таго ж, у «крымскай» прамове Пуціна няцяжка пачуць ня надта і прыхаваныя экспансіянісцкія намеры: ва ўсялякім разе, словаў пра створаныя бальшавікамі «квазідзяржавы» па пэрымэтры сучаснай Расеі з 1991 года з вуснаў кіраўнікоў Расеі не гучала.

У такой сытуацыі для Пуціна пайсьці на саступкі Байдэну ў тэме Беларусі і аслабіць «сацыяльна блізкага» Лукашэнку — азначае самому прадэманстраваць слабасьць, а гэта ні пры якіх варыянтах не адпавядае інтарэсам гаспадара Крамля. Калі ў больш звыклых для яго тэрмінах — такое было б  «не па-пацанскі».

Канешне, было б памылкай зьмяншаць значнасьць міжнародную актыўнасьць Рады БНР, офісу Ціханоўскай, дыяспаральных арганізацый у дзясятках краінах сьвету, іх як адкрытыя, гэтак і кулюарныя сустрэчы. Гэта важна хаця б для ціску на рэжым у справе вызваленьня палітычных вязьняў.

Але, думаецца, галоўнае залежыць ад таго, што робіцца і што будзе рабіцца ў самой Беларусі. І тут я маю на ўвазе другую (а насамрэч, галоўную) умову — ціск на ўлады беларускага грамадзтва. Міжнародная падтрымка будзе наўпрост прапарцыйнай гэтаму ціску. І пры пэўных умовах ён можа дасягнуць такой сілы, што ніякія перамовы ўжо не спатрэбяцца.

І калі вярнуцца да тэмы дзіўных ды неспрыяльных для апазыцыі супадзеньняў — хто ведае, магчыма, у іх ёсьць і пэўны сэнс: нейкая вышэйшая сіла дасылае беларусам заклік спадзявацца толькі на сябе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(35)