Навумчык: «У пакорлівым, рабскім маўчаньні і бачыць Лукашэнка «народнае адзінства»

Цяперашняя мэта рэпрэсіўнай машыны — «усім маўчаць!»

— Рэпрэсіўны апарат Лукашэнкі ўзьняўся на новы ўзровень (альбо, наадварот — «прабіў чарговае дно»): пачаліся суды над тымі, хто кажа пра зьдзекі і катаваньні АМАПам, — піша Сяргей Навумчык.

У Менскім гарадзкім судзе ідзе працэс над блогерам Паўлам Сьпірыным, які сказаў пра дзеяньні АМАПу. Суд Ленінскага раёну даў 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму Віктару Барушку, ня ўзяўшы пад увагу ягоныя заявы пра нечалавечыя катаваньні з боку сілавікоў (ён правёў амаль два тыдні ў рэанімацыі з пераломамі і траўмамі ўнутраных ораганаў).

Суды супалі з публікацыяй Сусьветнай арганізацыяй супраць катаваньняў дакладу аб мэтадах, прымененых сілавікамі да беларускіх мірных пратэстоўцаў. Пра неабходнасьць задзейнічаць міжнаролднае правасудзьдзе заявіла Amnesty International.

Правозащитники опубликовали доклад о пытках в Беларуси: 46 страниц с фото и видео

Беларусь ўяўляе ўнікальную краіну, і гэта пацьвердзіла рэакцыя грамадзтва на падзеі 9-13 жніўня. Як сказаў у нядаўнім інтэрвію кінарэжысэр Сяргей Лазьніца — «Калі б з такой жа жорсткасьцю дзейнічала ўкраінская паліцыя, разганяючы мірную дэманстрацыю, і з ізалятара выйшлі б шматлікія сьведкі катаваньняў і зьдзекаў, як на Акрэсьціна, я ўпэўнены, што гэта ўмоўнае «Акрэсьціна» ва Ўкраіне неадкладна разабралі б па цаглінках, як Бастылію. І ніхто ня змог бы спыніць людзей, таму што супраць 200 000 чалавек танкі не пашлеш. І людзі былі б у сваім праве, таму як улада творыць беззаконьне і тым самым пазбаўляе сябе якой бы там ні было легітымнасьці. Гэта ўжо ня ўлада».

У Беларусі людзі, аднак, выходзілі на мірныя пратэсты. І атрымалі за гэта — зьбіцьці, катаваньні, штрафы і турэмныя тэрміны.

Цяпер рэпрэсіўны апарат мае наступную мэту — прымусіць усіх маўчаць. Выглядае, у пакорлівым, рабскім маўчаньні і бачыць Лукашэнка «народнае адзінства».

На наступныя гады ягонага непадзельнага ўладарства.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(36)